21 Мая, 2024 Вторник

"Залатая" моладзь Астравеччыны

  • 17 июня 2015 Общество Беларуская 0

    Штогод напярэдні выпускных вечароў у райвыканкаме праходзіць форум таленавітай і адоранай моладзі – тых школьнікаў, чые веды, розум і талент прыносяць славу школе, аддзелу адукацыі, спорту і турызму і раёну ў цэлым.

    Сёлета маладых, таленавітых, ініцыятыўных дзяўчат і юнакоў ва ўтульнай зале райвыканкама сустракалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктар Збігневіч Свіла і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч.
    У зале сабраліся «залатыя» выпускнікі, пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і іх педагогі, якія з дня ў дзень дапамагалі юным вундэркіндам пакараць алімп ведаў, бацькі, якія не толькі выхоўвалі сваіх дзяцей, але і самі прымалі актыўны ўдзел у жыцці школы.
    – Мне вельмі хочацца, каб вы запомнілі сённяшні дзень – 11 чэрвеня 2015 года. І не толькі таму, што ў гэты год мы адзначаем 70-годдзе Вялікай Перамогі, 75-годдзе ўтварэння нашага раёна і Год моладзі. Гэта дата вызначаецца яшчэ і тым, што вы паспяхова выканалі той дагавор, які 11 гадоў назад быў заключаны паміж вашымі бацькамі і школай, – прывітаў маладых людзей намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – І сённяшні дзень – сімвал таго, як трэба будаваць адносіны ў вашым далейшым жыцці.
    Віктар Збігневіч павіншаваў выдатнікаў і пераможцаў алімпіяд з дасягнутымі поспехамі і нагадаў, што кожнага з іх праз некалькі гадоў будзе рады сустрэць у нашым раёне як маладога спецыяліста.
    За поспехі ў вучобе Віктар Збігневіч уручыў Святлане Кімса з Міхалішкаўскай школы, Аляксандры Папковай з Падольскага НПК, Аксане Кранкоўскай з Гудагайскай СШ, Маргарыце Шаўчэнка і Ігару Песляку з СШ №1, Віялеце Шаўліс, Юліі Івашка і Аляксею Пагада з гімназіі №1 памятныя статуэткі і прэміі раённага выканаўчага камітэта ў памеры сямі базавых велічыць.
    У гэты ж дзень грашовыя ўзнагароды за ўдалае выступленне на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах атрымалі Вікторыя Сідаровіч, Ангеліна Пятровіч, Вераніка Анімуцкая і Віялета Шаўліс з гімназіі №1, Маргарыта Шаўчэнка і Ксенія Марцінчык з СШ №1 і Аляксандра Папкова з Падольскага НПК.
    – Мы ў чарговы раз пераканаліся, што нашы поспехі і дасягненні не застаюцца незаўважанымі – і за гэта мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі, спорту і турызму, – сказала ў сваім выступленні медалістка Падольскага НПК Аляксандра Папкова. – Я ўпэўнена, што нішто так не ўздзейнічае на вучня, як прыклад яго настаўнікаў і бацькоў, якія перадаюць нам веды і вопыт, укладаюць у нас сваю душу. А сваім равеснікам я хачу пажадаць, каб яны ніколі не забывалі, якія пакідаюць пасля сябе сляды.
    Словы ўдзячнасці за ўвагу і зацікаўленасць пры рабоце з адоранымі вучнямі намеснік старшыні райвыканкама выказаў педагогам, якія падрыхтавалі пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Прэміі раённага выканаўчага камітэта Віктар Збігневіч уручыў настаўнікам гімназіі №1 – Ганне Мар'янаўне Алёхна (грамадазнаўства), Таццяне Вадзімаўне Берняковіч (руская мова і літаратура), Таццяне Анатольеўне Круглікавай (хімія), Ніне Рыгораўне Свіла (нямецкая мова), Галіне Мікалаеўне Ражко (матэматыка), СШ №1 – Тэрэсе Рамуальдаўне Рудзінскай (руская мова і літаратура), Зоі Рыгораўне Куркуль (руская мова і літаратура) і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Падольскага НПК Тамары Іосіфаўне Качкан.
    Наказ моладзі выказалі настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №1 Тэрэса Рамуальдаўна Рудзінская і мама выпускніцы-медалісткі і прызёра алімпіяды Міраслава Эдвардаўна Шаўліс: яны таксама падзякавалі кіраўніцтву раёна за падтрымку таленавітых і адораных дзяцей.
    А яны, медалісты і алімпіёнікі – маладыя, прыгожыя і шчаслівыя, з адкрытымі сэрцамі перайшлі на новы этап свайго жыцця. Менавіта ім давядзецца ствараць, будаваць і развіваць нашу Беларусь!
    ----------------------------
    Алена ЯРАШЭВІЧ.
    Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
    Автор: Алена ЯрашэвічАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)