28 Апреля, 2024 Воскресенье

Сэрца Астравеччыны — Быстрыца

  • 29 июня 2015 Общество Беларуская 0

     

    Гістарычнае сэрца Астравеччыны – Быстрыца… Так і няздзейсненая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта яна, калі верыць гісторыкам і летапісам, запульсавала першая – і сёлета адзначае сваё 625-годдзе.
    Аднак першы афіцыйны дакумент, які гаворыць аб існаванні Быстрыцы, адносіцца да 1390 года. У гісторыі віленскага епіскапства запісана, што ў гэты час тут, а таксама ў Немянчыне, Ашмянах, былі разбураны язычніцкія ахвярнікі. Кароль Ягайла, першы ўладар Быстрыцы, заснаваў тут касцёл і кляштар канонікаў рэгулярных святога Аўгустына, а ў  1407 годзе гэта месца належала ўжо Вітаўту і было цэнтрам Быстрыцкай воласці.
    Быстрыца – адзіны населены пункт Астравеччыны, які пазначаны на карце, выдадзенай у 1613 годзе ў Амстэрдаме.
    Сцвярджаюць, што тут, у ваколіцах Быстрыцы, нарадзіўся благаславёны Міхал Гедройць (афіцыйных звестак аб месцы яго нараджэння не захавалася). Нягле-дзячы на фізічную загану, Бог надзяліў Міхала чуллівай душой і шчырым сэрцам – і праз стагоддзі вернікі просяць заступніцтва ў брата Міхала, які склаў свае манаскія пасвячэнні ў мясцовым кляштары, а апошні зямны прытулак знайшоў у далёкім Кракаве,
    у касцёле святога Марка. І праз сем стагоддзяў, падчас якіх Быстрыца зведала часы свайго росквіту і заняпаду, людзі тут адрозніваюцца той асаблівай пабожнасцю і  верай...
    … Мы прывыклі вучыць гісторыю па датах. Але яны чамусьці знікаюць з галавы ледзь паспяваеш развітацца са школай. А жывыя сведкі гэтай гісторыі, мясцовыя людзі, лепш чым падручнікі, ведаюць сваё мястэчка і яго гіторыю. Па іх спрацаваных руках, як па кнізе часу, можна чытаць людскія лёсы – мары пра каханне, гаротныя гады і ваенны час… Услухоўваешся ў іх словы –  і разумееш: гістарычнае сэрца Астравеччыны яшчэ пульсуе, хоць пра адра-джэнне былых часоў можа, марыць, бадай што, толькі самы неўтаймаваны
    летуценнік.
    Толькі быстрыя хвалі Віліі памятаюць мытню, як сплаўлялі па яе водах лес, як гадаваліся дзеці… Яе дачка, рэчка Быстрыца, да драбніц усё ведае пра альфу і амегу старажытнай і сучаснай вёскі  Быстрыца...
    Жыхары
    У канцы ХІХ стагоддзя ў Быстрыцы было валасное праўленне, народнае вучылішча, у якім вучыліся 72 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, прытулак, лаўка, 2 пастаялыя двары, прыёмны пакой для хворых, хлебазапасны магазін, піцейны дом… Уявіце сабе: у даваенны час у мястэчку пражываў 1051 чалавек! Зараз гэтай лічба паменшала амаль у дзесяць разоў.
    –У Быстрыцы зараз пражывае каля 140 чалавек, у асноўным – пенсіянеры. Уцякае моладзь з вёскі, – бядуе стараста Быстрыцы, настаўніца рускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Наталля Іванаўна Хвясечка. – Шасцярых школьнікаў і аднаго дашкольніка падвозяць у Варнянскую школу на аўтобусе. Памятаю, у 1988 годзе, калі прыехала сюды па размеркаванні, у школу хадзіла 88 дзяцей. У 2011 годзе засталося ўсяго 36 вучняў, пагэтаму Быстрыцкую базавую школу закрылі. Спачатку мы ездзілі ў Трокенікі, цяпер – у Варняны. З аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры застаўся толькі фельчарска-акушэрскі пункт на чале з загадчыцай Зояй Віюк. Магазін  у нас працуе тры дні на тыдзень: прадавец прязджае з Вароны, каб людзі маглі набыць патрэбныя тавары. Пенсіянеры аплачваюць паслугі, атрымліваюць пенсію і свежую прэсу, што называецца,  на даму дзякуючы паштальёну.
    Настаўніцкая «Башкірыя»
    Як сцвярджае зберагальніца скарбаў Астравецкага музея і знаўца гісторыі нашага краю Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, Быстрыцкая школа – адна з самых “узроставых” на Астравеччыне: яна дакладна існавала ўжо ў 1861 годзе. Вучыцца пісьму і чытанню сюды ў той час прыходзілі дзеткі з ваколіц, нават з Рытані, Кямелішак, Трокенік і Буйвідзяў.
    – Я ў пяты клас перайшла, – успамінае мясцовая жыхарка Станіслава Адамаўна Віюк, якая ў наступным годзе адзначыць сваё 90-годдзе, – калі зайшла Расея. Я ўжо добра ўмела чытаць і пісаць па-польску. Сяброўкі мае і далей прадоўжылі вучыцца – ужо па-руску, а мяне бацька не пусціў. Маўляў, не варта “язык ламаць”. Колькі навучылася  па-польску – столькі і досыць.
    У той час дзеці толькі ўзімку спасцігалі грамату і матэматыку, бо з ранняй вясны і да позняй восені – хто з бічом у руках, а хто з сярпом – працавалі нараўне са старэйшымі, каб хлеб быў на стале: тады – не зараз, у кожнай хаце было па шэсць, а то і больш едакоў.
    Раней вуліца, на якой размяшчалася школа, называлася Башкірыяй (у іншым баку былі Кутнікі). Жылі ў Башкірыі выключна яўрэі ці, як казалі мясцовыя,  жыды. Зямлю яны не апрацоўвалі, у асноўным займаліся гандлем. Але стаяла тут і колькі хат мясцовага люду, які жыў небагата. Жыхароў гэтага канца вёскі, як успамінае Станіслава Віюк, называлі “башкамі”, а вуліцу адпаведна “ахрысцілі” Башкірыяй.
    Затое ў наш час яе ведаюць як Школьную – да школьнага будынка туляцца дамкі. У адным з іх жыве цэлая настаўніцкая дынастыя – Багачовых.
    У далёкім 1951 годзе сюды прыехала працаваць сям'я Багачовых: Вера Аляксандраўна – настаўніцай пачатковых класаў і Мікіта Іванавіч – гісторыкам.
    – Родам я з Дубровенскага раёна. Нарадзілася ў 1925 го-дзе, але запісана была на год раней. Мама, як пачалася вайна, а дзяцей і моладзь забіралі ў Германію, змагла неяк пераправіць дату нараджэння на 1927 год. Помню: гэтую даведку пасля ў мяне ўкралі на базары ў Оршы, – цяжка ўздыхае Вера Аляксандраўна, – Што давялося перажыць і пабачыць – словамі не перадаць… Але ж неяк выжылі. Цётачка параіла мне запісацца на настаўніцкія курсы. Казала: “Сама вывучышся і дзетак будзеш вучыць”. Паступіла я на гэтыя курсы, а іх неўзабаве перайменавалі – і заканчвала я ўжо педагагічнае вучылішча. Накіравалі мяне працаваць на Ашмяншчыну ў Скілондзішскую пачатковую школу. На ўсе грошы, якія былі з сабой, выкупіла падручнікі – засталіся пустыя кішэні. А што рабіць? Трэба было вучыць дзетак! На апошнія капейкі купіла бульбы, зварыла  ў печы і некалькі тыдняў толькі яе ела. Пасля, вядома, бацькі грошы аддалі.
    Памятаю, прыехаў неяк інспектар з раёна правяраць школу – так мы з Мікітам Іванавічам і пазнаёміліся. Спачатку на Ашмяншчыне працавалі, а пасля сюды пераехалі. Траіх дзетак нарадзілі і выгадавалі...
    Настаўніцкі шлях бацькоў абралі і дочкі: Надзея Мікітаўна, як і мама, вучыла дзяцей у пачатковых класах Быстрыцкай базавай школы, а Людміла Мікітаўна адкрывала вучням дзівосны свет беларускай мовы і літаратуры. Неўпрыкмет вырасла ўнучка Веры Аляксандраўны Таццяна – і таксама стала прадаўжальніцай педагагічнай дынастыі  Багачовых: зараз яна працуе настаўніцай пачатковых класаў у адной са сталічных школ.
    Касцёл
    Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы пабудаваны ў 1760-61 гадах, у адрозненне ад іншых святынь, ніколі не зачыняўся. Можа, гэта і тлумачыць такую набожнасць быстрыцкіх людзей?
    – Колькі людзей збіралася ў нас на фэсце! Вядома, надта апранацца ў той час не маглі. Мама хусткай укрыжуе – абы ножкі абутыя, – успамінае Станіслава Віюк. – Так да касцёліка і ідзем. Мая сястра спявала ў хоры. Калі ксёндз хадзіў па калядзе, арганіст браў мяне на рукі і пытаўся, ці буду я спяваць. Так і сталася, што спявала ў хоры разам з мясцовымі дзяўчатамі ад маленства да старасці.
    – Працавалі і хадзілі ў касцёл з малых гадоў. Мы, малыя, вечарам спаць хочам, а бацькі не дазвалялі класціся, пакуль усе разам не памолімся, укленчыўшы, – успамінае яшчэ адна ўдзельніца хору Рэгіна Сасноўская. – Мой брат Ян Кежун хацеў навучыцца іграць. З Кямелішак прыязджаў настаўнік-арганіст, які вучыў яго. Бацькі спецыяльна купілі «фартэпіян». А пасля гэты арганіст прымаў экзамены. Брат адзін з дванаццаці вучняў здаў яго на “выдатна”. Пасля таго як арганіст з’ехаў у Польшчу, Ян іграў на імшы, а наш хор спяваў. Пасля мы – Стася Віюк, Марыя Макевіч, Гэлена Тамашэвіч, Анэля Буткевіч і я – яшчэ і ў фальклорным ансамблі спявалі…
    Тагачасны пробашч касцёла Клемас Лікша быў з мясцовых. Ніводны чалавек не мог сказаць пра яго дрэннага слова: ксёндз быў добрым да людзей, апекаваўся хворымі і дзецьмі. Калі пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада, многія ксяндзы ўцякалі ў Польшчу – толькі не быстрыцкі. Ён не мог сабе дазволіць кінуць паству. Пэўна, за гэта Бог заступіўся за ксяндза: яго не чапалі, а толькі перасялілі з плябаніі ў старэнькую хатку.
    – Браніцкая даставала з Вільні патрэбныя адрасы, а я пісала лісты ў Маскву з просьбамі, каб наш касцёл не зачынялі, – успамінае Рэгіна Сасноўская. – За гэта ксёндз жартоўна называў мяне сваім адвакатам.
    Аднак быстрыцкі касцёл знаў тыя часы, калі не было ксяндза, – людзі маліліся самі. Напэўна, Бог пачуў іх шчырыя просьбы, таму што ўжо два дзесяцігоддзі парафіянамі і святыняй апякуюцца пробашчы.
    Чатыры гады назад у касцёле Ўзвышэння Святога Крыжа з’явіўся новы пробашч, ксёндз Казімір Ляховіч, ураджэнец знакамітага Адэльска. Гэтая вёска дала свету чатырох біскупаў, у тым ліку і мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. А чаго варты знакамітыя вырабы заслужанага народнага беларускага майстра народных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча з  Адэльска!
    Ксёндз Казімір з імпэтам узяўся за добраўпарадкаванне касцёла і  прыкасцельнай тэрыторыі. Да святочнай урачыстасці, 625-годдзя Быстрыцы, касцёл абнавіўся: яго сцены апрануліся ў свежую фарбу. Прамысловыя альпіністы, якія працуюць тут трэці месяц, з дапамогай спецыяльнага «кёрхера» змывалі старую фарбу. А мясцовыя жыхары разам з пробашчам наводзілі парадак ля касцёла і  крынічкі.
    – Бывае, на імшу збіраецца дзвесце чалавек, а здараецца, што ў лаўках толькі трыццаць. Многія едуць у Варняны, таму што восенню складана дабрацца ў Быстрыцу, – гаворыць ксёндз Казімір. – Наша парафія невялікая, але вернікі моцна перажываюць за сваю святыню. Гэты касцёл збудаваны на месцы былога драўлянага. Вядома з гісторыі, што амаль паўстагоддзя касцёл быў прыстасаваны пад царкву, але потым яго вярнулі католікам. Ніводнага дня ён не быў зачынены… Відаць, мясцовыя людзі маюць асаблівую ласку перад панам Богам…
    Млынар
    Жарнавы часу перамалолі ўсе выпрабаванні – калектывізацыю, ваеннае ліхалецце, калі ў Быстрыцы дзясяткі яўрэйскіх сямей расстралялі на палогім беразе Віліі, і толькі праз многа гадоў памяць аб забітых яўрэях была ўшанавана помнікам… Але яны не змаглі ўзяць у свой палон стары млын, які пакуль што спіць, – але гатовы ў любы момант прачнуцца, каб ізноў залатыя зярняткі сталі пульхнай мукой, а затым – духмяным хлебам. Нават старая шыльда з графікам работы млына да гэтага часу вісіць на ўваходных дзвярах.
    Патомны млынар Іосіф Уладзіслававіч Браніцкі сваё дзецішча і зараз трымае ў спраўным стане.
    – Было б толькі што малоць, – з болем у голасе гаворыць млынар. – Мне гэты млын дастаўся ад бацькі: тата яго некалі будаваў. Пры саветах ва ўсёй акрузе было толькі сорак млыноў. Тады прыватнік не мог сам працаваць: бацьку звольнілі, іншага чалавека прызначылі млынаром, а млыны аддалі калгасам. Вядома, як не сваё… Новы млынар ледзьве не дабіў яго. Дзядзька пасля дапамог мне аднавіць млын. Уявіце сабе: за месяц сто тон зерня перапрацоўвалі! А зараз, на жаль, млын прастойвае – няма яму справы.
    Крынічка
    Кажуць, што вада са Святаянскай крынічкі самая смачная на Астравеччыне. Яна гаючая. Згодна з паданнем, якое памятаюць старажылы вёскі, падчас вайны гэтымі краямі ішоў чалавек, які страціў зрок падчас адной з атак. Папіў ён студзёнай вадзіцы – і аздаравіўся: яго вочы ізноў сталі бачыць свет. Пасля крыніцу высвенцілі ў гонар прыняцця Канстытуцыі ў 1791 годзе, аб чым сведчыць надпіс на камні, датаваны 1921 годам. А ўжо ў наш час побач з крынічкай пабудавалі капліцу…
    Сэрца гістарычнай Астравеччыны – Быстрыца – яшчэ паціху б’ецца ва ўнісон са стромкім цячэннем Віліі… А калісьці яго біццё чулі ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім! Можа, і зараз пачуюць? І прачнецца млын… І з усіх ваколіц і мястэчкаў паімчаць на фэст людзі… І з твараў вучаніц касцельнага арганіста знікнуць маршчынкі, і яны стануць ізноў тымі ж дзяўчынкамі, якія ў быстрыцкім касцёле сваімі звонкімі галасамі славілі Бога… Хоць бы на дзень. Нездарма ж кажуць, што святаянская крынічка творыць цуды!
    ------------------------------------------
    Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.

     

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)