28 Марта, 2024 Четверг

Архітэктар, спартсмен, падарожнік

  • 29 июня 2015 Общество Беларуская 0

     

    З дапамогай алоўка ён можа раскласці любы будынак на штрыхі і лініі і змясціць шматпавярховік на аркушы паперы. А яшчэ – паўдзельнічаць у любым спаборніцтве, правесці завочную экскурсію па некаторых еўрапейскіх краінах і ў любое надвор’е адправіцца на рыбалку. Сур’ёзны і адказны, рознабаковы і цікаўны, актыўны і разважлівы – усё гэта пра Эдуарда Змітровіча, які працуе галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва Астравецкага райвыканкама.

    Пра прафесію

    – Як і мноства дзяцей, кім я толькі ні марыў быць: ваенным, медыкам, ветэрынарам, спартсменам!.. Да кожнай з пералічаных прафесій было жаданне і здольнасці, але жыццё ўнесла свае карэктывы, і ў выніку я выбраў зусім іншую спецыяльнасць. Вызначыцца з прафесіяй дапамагла класны кіраўнік – Паліна Іванаўна Павіраева. Вопытны педагог заўважыла, што мне падабалася чарчэнне, і параіла звярнуць увагу на прафесіі, звязаныя з гэтым прадметам, – напрыклад, з архітэктурай. Я зацікавіўся і пачаў штудзіраваць інфармацыю пра архітэктараў і ўсё, што звязана з іх работай. І чым больш чытаў, тым больш разумеў, што гэты занятак мне па душы. Захапіўшыся ідэяй паступаць на архітэктара пасля 10 класа, ездзіў займацца ў тады яшчэ Астравецкі цэнтр пазашкольнай работы да Алы Мар’янаўны Зяленскай. Праўда, часу да паступлення заставалася няшмат – усяго толькі тры месяцы. Тым не менш вырашыў рызыкнуць – і пацярпеў фіяска: не здаў малюнак. Аднак пасля гэтага рукі не апусціліся, наадварот, з’явілася яшчэ большая ўпэўненасць у правільнасці выбару, пагэтаму наступны год, калі вучыўся ўжо ў Варнянскім НПК, старанна займаўся чарчэннем і ўдасканальваў веды. А ўжо непасрэдна перад паступленнем мяне здорава “падцягнула” Тэрэса Іосіфаўна Варановіч. У выніку я дасягнуў пастаўленай мэты – паступіў у Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-будаўнічы каледж. Як зараз памятаю, мы здавалі малюнак разеткі (не электрычную, вядома, а так у архітэктуры называецца дэталь будынка з узорам) – кожны абітурыент маляваў яе з пэўнага ракурсу.
    Вучыцца мне падабалася: фантазіраваць, канструяваць, праектаваць, пераносіць штрыхі і лініі ўяўлення на паперу і бачыць, што з гэтага атрымаецца, – гэта цікава.
    Ці падабаецца працаваць? Канешне, цяперашнія абавязкі адрозніваюцца ад студэнцкіх работ – тут усё сур’ёзна і адказнасць вялікая, але працаваць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Астравецкага райвыканкама падабаецца, і я ні разу не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэтую прафесію. Дарэчы, як высветлілася, гэта ў нас сямейнае: тату таксама заўсёды падабалася нешта праектаваць, маме – чарціць, а малодшая сястра наогул можа паспаборнічаць з любым дызайнерам. Думаю, я знаходжуся на сваім месцы.
    Пра захапленні і адпачынак

    – Я люблю спорт – заўсёды ім займаўся, ды і зараз стараюся не забываць. У школьныя гады нават падумваў звязаць жыццё з фізкультурай. Падабаецца лёгкая атлетыка. А з гульнявых відаў аддаю перавагу каралю спорта – футболу: люблю як гуляць, так і глядзець па тэлевізары. Ці ёсць любімая каманда? Пасля таго як дзесьці сем гадоў назад з’ездзіў у Англію, пабываў у Манчэстары на аднаіменным стадыёне, на свае вочы ўбачыў непаўторную гульню футбалістаў “Манчэстар Юнайтад”, яна стала для мяне камандай нумар адзін.
    Дарэчы, падарожжы таксама ўваходзяць у спіс маіх захапленняў. Некалькі разоў быў у Англіі, Германіі, Італіі. Ці люблю мора? Можна, канешне, і крыху на пляжы паляжаць, але нядоўга – два-тры дні дастаткова, бо актыўны адпачынак мне падабаецца больш. Мару пабываць на зімнім гарналыжным курорце: марознае паветра, іскрысты снег паўсюль і доўгі спуск наперадзе – аж дух займае. Вось гэта па мне!
    Яшчэ я люблю рыбалку, асабліва зімнюю. Холадна? Ну гэта не праблема: апрануўся цяплей, – і можна смела рыбачыць. Лічу, што найлепшы сродак для зняцця стрэсу – адпачынак на прыродзе. Мы з сябрамі часта збіраемся ў кагосьці на дачы ці выязджаем кудысьці – і весела праводзім час. Наведваем і кафэ з дыскатэчнымі клубамі. Па-мойму, сучаснай моладзі зараз не хапае жывых стасункаў – нельга суткамі напралёт сядзець у інтэрнэце, быць пасіўнымі і нічым не захапляцца – так не толькі маладосць, але і жыццё пройдзе непрыкметна міма. А яшчэ не хапае культуры паводзін – брыдка глядзець, як часам паводзяць сябе маладыя людзі пад уздзеяннем алкаголя ці жадання выглядаць “крутымі”.
    Пра планы і мары

    – Да паветраных палацаў не імкнуся – стараюся будаваць рэальныя на зямлі. Лепш ставіць перад сабой невялікія мэты і ажыццяўляць іх. Ну а калі б узнікла магчымасць рэалізаваць свой праект – гэта быў бы праект зоны адпачынку ў Астраўцы, дзе кожны – дарослыя, дзеці, моладзь – мог бы знайсці месца і занятак па душы. Там абавязкова была б адкрытая пляцоўка – акуратная, упрыгожаная з густам, са сваёй адметнасцю, “ізюмінкай”, якая б вылучала яе і выклікала захапленне.
    А яшчэ, спадзяюся, што некалі спраектую і пабудую свой дом мары: сярэдняга памеру, з зімнім садам, прыгожай прысядзібнай тэрыторыяй і цікавым афармленнем. Аднак гэта не самае важнае – галоўнае, каб ён быў утульным, бо ніякія ідэальныя лініі, шыкоўнасць інтэр’еру і бездакорная архітэктура не заменяць асноўнага – душы і чалавечага цяпла.
    -----------------------------------------
    Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.

     

    Автор: Марына МацкевічАстравецкая праўда

Комментарии (0)