19 Апреля, 2024 Пятница

“Фестываль дружбы — за мір і згоду без межаў!”

  • 02 июля 2015 Общество Беларуская 0

    У межах Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”, які ў 13-ты раз гасцінна прымаў суседні Бабруйск, адбыўся запамінальны, маляўнічы канцэрт на сцэне Кіраўскага раённага Дома культуры. Сюды завіталі два самабытныя мастацкія калектывы з далёкага замежжа: Кіпра — танцавальная група “Арак” і Славакіі — фальклорны калектыў “Таплан”.

    Сустрэча аказалася для кіраўчан вельмі пазнавальнай у плане спасціжэння традыцый і абрадаў гэтых народаў, увасобленых у касцюмах і кампазіцыях. Спакойныя, паважныя і ў той жа час запальныя і гарачыя ў сцэнах з трукавымі элементамі пасланцы Кіпра, і вясёлыя, заўзятыя славакі, якія весела танчылі пад акампанемент і песні інструментальнай групы.

    Гледачы, сярод якіх былі запрошаныя на вечар ветэраны вайны і працы, адорвалі гасцей шчодрымі апладысментамі. За творчасць і талент, дастаўленыя кіраўчанам прыемныя хвіліны артыстаў напрыканцы канцэрта падзякавала намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава і ўручыла на памяць сувеніры.

    Па водгуках гасцей, з якімі мы размаўлялі з дапамогай перакладчыкаў, ім вельмі падабаецца на гасціннай беларускай зямлі. А кіраўнік кіпрскага “Арака” адзначыў, што калісьці быў на “Вянку дружбы” ў Бабруйску ў саставе танцавальнага калектыву, а зараз прыехаў ужо як кіраўнік групы. Высокімі эпітэтамі ён ахарактарызаваў прыгажосць беларускіх дзяўчат.

    А ў наступны дзень у Лядовым палацы “Бабруйск-Арэна” адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Народов много — дружба одна, планета Земля — большая страна!»: гэтае відовішчнае дзейства пашчасціла назіраць і журналістам “Кіраўца”, як і прыняць удзел у прэс-канферэнцыі, у ходзе якой кіраўнікі творчых дэлегацый прадставілі свае калектывы і выканаўцаў. Сёлета іх 29 з 18 краін. Упершыню да “Вянка дружбы” далучыліся прадстаўнікі чатырох краін амерыканскага кантынента: ЗША, Кубы, Мексікі, Калумбіі, а таксама з Канарскіх астравоў і ўжо знаёмы нам калектыў з Кіпра.

    Сёлета ўсе дэлегацыі прыехалі ў Бабруйск з уласнымі вянкамі, прыняўшы ўдзел у конкурсе “Вянок як сімвал фестывалю — у падарунак фестывалю!”. А артысты з Кубы паведамілі, што плануюць у сябе правесці конкурс вянкоў, каб у наступным годзе лепшы з іх прывезці на чарговы “Вянок дружбы”. Многія ўдзельнікі адзначалі, што на беларускай зямлі адчуваюць сябе, як дома. Прадстаўнікі з расійскага Нара-Фамінска ў гэты раз прывезлі пабрацімам з Бабруйска лялькі-абярэгі. Госці з Турцыі прызналіся, што іх захлынула мора пазітыўных эмоцый. А ўсе разам госці сцвярджалі: для культурных зносін, дружбы граніц не існуе!

    Цэлае суквецце талентаў зноў сабраў “Вянок дружбы”, на некалькі дзён звязаўшы еўрапейскі, азіяцкі, амерыканскі і афрыканскі кантыненты. Гэта быў яшчэ адзін крок на шляху збліжэння народаў розных краін у імя дружбы і міру на зямлі.

    Фота Максіма МІКЕШЫНА.

    Автор: Наталля ХадаковаКіравец

Комментарии (0)