26 Апреля, 2024 Пятница

За рулём толькі дзяўчаты

  • 07 июля 2015 Общество Беларуская 0

    27 чэрвеня святкаваўся Дзень моладзі. Мерапрыемства з гэтай нагоды праходзіла на гарадскім стадыёне.

    Спачатку госці свята віталі байкераў, якія прадэманстравалі сваіх жалезных коней, дазволілі ўсім жадаючым сфатаграфавацца каля матацыклаў. Не без увагі засталося і паказальнае выступленне страйкбольнага клуба раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ пад кіраўніцтвам Яўгенія Уласевіча.

    Але самым доўгачаканым стаў конкурс “Аўта-ледзі-2015”. Паспаборнічаць за званне лепшай у кіраванні аўтамабілем сярод прадстаўніц прыгожага полу вызваліся сем арганізацый раёна: Уздзенскае райспажыўтаварыства, рэдакцыя газеты “Чырвоная зорка”, “Уздзенская ЦРБ”, ААТ “Уздзенскі”, “Ліцвяны-Агра”, ТЦСАН, ліцэй. Юныя прыхільніцы айчыннага і замежнага аўтапрама — асобы рознабаковыя. Вадзіцельскі стаж ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў, развітыя творчыя натуры, законапаслухмяныя — вось партрэт сучаснай жанчыны за рулём. Ім перад пачаткам конкурсу былі сказаны добрыя словы ад журы і спонсараў. У журы арганізатар конкурсу першы сакратар БРСМ Юлія Зяневіч запрасіла намесніка старшыні райвыканкама Алу Зінавенка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алену Спірыну, начальніка АДАІ Дзмітрыя Цупу, старшыню раённай арганізацыі ДТСААФ Яўгенія Уласевіча, кіраўнікоў ПУТП “Аўта-Прэстыж АВ” Валерыя і Аляксандра Азаркевічаў.

    Першым іспытам для дзяўчат стала візітная картка свайго аўтамабіля. Жадаючыя не толькі разглядалі ўпрыгожаныя аўтамабілі, але і маглі сфатаграфавацца побач.

    У народзе кажуць, што вечна можна глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і як паркуецца жанчына. Але гэты анекдот відавочна не пра ўдзельніц конкурсу. Яны ўсе прадэманстравалі свае ўменні і навыкі ў кіраванні аўтамабілем, праявілі волю да перамогі. Кожная з іх справілася са “змейкай”, праехала са шклянкай вады на крышы аўтамабіля.

    Здаючы тэарэтычную частку конкурсу, аўтамабілісткі жартавалі: “А калі не здадзім, то вадзіцельскага пасведчання не пазбавімся?” Але дзяўчаты паказалі цудоўныя веды. Асабліва Алеся Малашэвіч, якая атрымала тытул “Знаўца ПДР”, Святлана Куцко – “Крэатыўнасць”, Галіна Тоўстая – лепшая ў намінацыі “Экстрэмал”, Юлія Пукач (дарэчы, Юлія знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, але гэта не перашкодзіла паўдзельнічаць у конкурсе) – “Віртуоз”, дыпломам актыўнай удзельніцы ўзнагароджана Вольга Іоська.

    Усе ўдзельніцы атрымалі памятныя прызы, падарункі і дыпломы ад БРСМ, аддзела ідэалогіі, РА “Белая Русь” і аддзела ДАІ. Тытул “Аўта-ледзі-2015” займела Святлана Пятрова з тэрытарыяльнага   цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

    Узровень, які прадэманстравалі ўдзельніцы, дастаткова высокі. І гэта цалкам развенчвае міф пра тое, што жанчына за рулём — гэта небяспечна.

    Надвор’е не падвяло, было не спякотным і не халодным. У промнях заходзячага сонца на сцэне перад гледачамі выступілі прадстаўнікі таленавітай моладзі раёна, супрацоўнікі раённага Дома культуры.

    Тых, у каго пасля напоўненых разнастайнымі мерапрыемствамі дня яшчэ засталася энергія, чакала святочная дыскатэка ў Палацы культуры.

     

     

    Автор: Дар’я ЗЯНЬКОВІЧЧырвоная зорка

Комментарии (0)