26 Апреля, 2024 Пятница

«Генералы» затопленых кар’ераў

  • 08 июля 2015 Общество Беларуская 0

    Што цягне нас адпачываць на забароненых для купання тэхнічных вадаёмах і плаваць на непрыстасаваным для гэтага рыштунку.

    Інтэрнэт поўніцца фотаздымкамі, зробленымі на разнастайных кар’ерах. І хоць у нас шмат месцаў, дзе можна адпачыць на вадзе з мінімальнай рызыкай для жыцця, людзей прываблівае на тэхнічныя вадаёмы маляўнічы пейзаж. Тых, хто едзе адпачываць на кар’еры, не палохаюць ні магчымасць абвалу берага, ні рызыка застацца ў яме глыбінёй у дзясяткі метраў.

    — Водны кодэкс Беларусі адносіць любыя створаныя рукамі чалавека аб’екты — кар’ер, канаву, катлаваны, копанкі — да разраду месцаў, зыходна забароненых для купання, — гаворыць вядучы спецыяліст рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алег Баразна. — Выключэннем можа стаць хіба толькі штучны вадаём, на якім мясцовыя органы выканаўчай улады дазваляюць адпачываць. Але, як правіла, такая практыка ў краіне шырока не ўжываецца.

    Патэнцыяльная магіла

    — Кар’ер — гэта месца, дзе калісьці здабывалі карысныя выкапні: пясок, гліну, крэйду ці нешта яшчэ, — працягвае Алег Баразна. — І чым глыбей капае экскаватар падчас распрацоўкі кар’ера, тым бліжэйшымі становяцца да паверхні грунтовыя воды. Плюс там б’юць падземныя крыніцы. На ўсіх кар’ерах сустракаюцца велізарныя перапады глыбінь, якія ўтварыліся на тым месцы, дзе калісьці была парода. Няма ля берага кар’ера і спадзістага спуску да вады: праз пару крокаў глыбіня можа дасягаць адзнакі ў 25 ці нават 50 метраў. Да таго ж берагі і глеба на кар’еры няўстойлівыя.

    24 красавіка на кар’еры «Хмялеўскія сажалкі» ў Заслаўі абрушыўся грунт. На беразе кар’ера захрас смеццявоз. Буксіраваць яго пачалі два пагрузчыкі і экскаватар. І раптоўна бераг паехаў у ваду. Добра яшчэ, што ўсе кіроўцы паспелі вылезці з машын, адчуўшы нядобрае. Адну з гэтых адзінак тэхнікі не могуць падняць на паверхню і дагэтуль, праз два з паловай месяцы пасля здарэння. Таму дадатковая небяспека для чалавека, які плавае ў кар’еры, у тым, што ён рызыкуе быць пахаваным зажыва пад таўшчэзным слоем абваленай зямлі.

    — На інтэрнэт-сайтах часта з’яўляюцца каментарыі, у якіх гучыць адно і тое ж пытанне: чаму нельга ператварыць кар’ер у месца для купання?

    — Работу пляжаў у краіне рэгламентуе спецыяльны дакумент — «Правілы аховы жыцця на водах». Яны прадугледжваюць усе тыя захады, якія трэба зрабіць, каб узаконіць месца адпачынку ля вады. Галоўныя патрабаванні, акрамя спадзістага спуску — наяўнасць пакатага пляжа, пясчанага адкоса. Дно вадаёма мусіць быць абследавана вадалазамі. Глыбіня месцаў, дзе могуць купацца дзеці, не павінна перавышаць 120 сантыметраў. Усё павінна быць пад наглядам, аснашчана буйкамі або іншымі знакамі, якія будуць сігналізаваць чалавеку, што заплыў за пэўную лінію рызыкоўны для жыцця.

    А цяпер давайце гэта разгледзім датычна да кар’ера. У яго ў прынцыпе адсутнічае такая рэч, як дно. Экскаватар жа пры здабычы выкапняў не выраўноўвае грунт. Бераг у яго няўстойлівы, апоўзень можа сысці ў любы момант. Як вадалазы могуць абследаваць на прадмет бяспечнасці ніз кар’ера на значнай глыбіні, калі бачнасць там амаль ці ўвогуле нулявая? Нарэшце, дзе і як ставіць буйкі, калі ў адным месцы глыбіня, напрыклад, складае 3 метры, а праз пару крокаў ужо знаходзіцца прорва, глыбейшая ў некалькі разоў?

    Прыкра, што людзі выказваюць прэтэнзіі (маўляў, чаму адпаведныя службы не могуць зрабіць з кар’ера месца для адпачынку), не валодаючы тэмай. І калі ў тым жа Ваўкавыскім раёне перакапалі пад’язныя дарогі да вядомых кар’ераў, якія атрымалі ў народзе назву «Беларускія Мальдывы», гэта ж было зроблена дзеля бяспекі людзей. Сёлета там стала значна спакайней. А вось летась Чырванасельскі кар’ер забраў жыццё 12-гадовай дзяўчынкі. Яна ішла непадалёк ад краю вады і ці то спатыкнулася, ці то кавалак берага абваліўся ў ваду. І якраз ля самага берага пачынаўся правал глыбінёй у 13 метраў. Шанцаў выжыць у няшчаснай было нуль. А 10 чэрвеня, крыху менш за месяц таму, з кар’ера, размешчанага непадалёк ад сталічнай вуліцы Гарэцкага, дадому не вярнуўся 16-гадовы юнак.

    У апошні час праблему кар’ераў пачалі планамерна вырашаць. Многія з іх абгарадзілі па перыметры. А некаторыя нават засыпалі. Самы вядомы з ліквідаваных такім чынам кар’ераў — той, на якім летась у лістападзе ў сталіцы патануў хлопчык.

    Бухта з-пад кабелю замест лодкі

    Галаўны боль ратаўнікоў нават на дазволеных для купання вадаёмах — гэта выкарыстанне сродкаў, на якіх плаваць забаронена. Чаго тут толькі няма — аўтамабільныя камеры, самаробныя плыты, бярвёны і нават бухты з-пад кабелю… Плаваюць літаральна на ўсім, што толькі можа трымацца на паверхні вады. Аднак лідарам тут сталі надзіманыя матрацы. І ўжо сёлета быў выпадак, калі такая бесклапотнасць скончылася трагедыяй. Маці і дачка адплылі на матрацы ад берага, і пасярод вадаёма ён рэзка пачаў здувацца. Праз некалькі секунд абедзве былі ў вадзе. Маці нейкім цудам выратавалася, а вось дзяўчынка пайшла на дно. Глыбіня ў тым месцы складала каля дзевяці метраў.

    — Сучасныя лодкі маюць шмат надзіманых адсекаў, — расказвае начальнік рэспубліканскай вадалазна-ратаўнічай службы Таварыства ратавання на водах Сяргей Патрыкееў. — Калі адзін з іх будзе пашкоджаны, лодка на дно не пойдзе. А аўтамабільная камера якраз уяўяле сабой толькі адзін адсек. Да таго ж яна зроблена не з высокатрывалых матэрыялаў, а са звычайнай гумы, якую праткнуць у вадзе можа што заўгодна — хмызняк ці корч. І праз пару секунд яна выпусціць паветра. Да чаго прыводзіць выкарыстанне самаробных плытоў, зразумела пасля трагедыі ў Віцебскай вобласці, калі ў невялікім штучным вадаёме патанулі трое дзяцей. Былі раней шматлікія праблемы з так званымі «тарзанкамі»: купальшчыкі прывязвалі да дрэва вяроўку, разгойдваліся на ёй і ляцелі ў ваду на хуткасці. Вынікам гэтага станавіліся траўмы шыйнага аддзела пазваночніка і нават смерць. У нашай «скарбонцы» ёсць выпадак, калі чалавек плаваў на… буі. Было гэта на Мінскім моры. У стане наркатычнага ап’янення плывец вісеў на буі і крычаў ва ўвесь голас: «Ратуйце, дапамажыце!».

    Непрыемнасцяў дастаўляюць і рыбакі, якія парушаюць правілы карыстання маламернымі суднамі. Ды і на ваду выходзяць не заўжды цвярозымі. А яшчэ многія з іх грэбуюць спецыяльнымі ратавальнымі камізэлькамі. Хоць норма, якая абавязвае яе надзяваць пры катанні на вадзе, была ўведзена яшчэ летась.

    Літаральна напрыканцы чэрвеня ў Рагачоўскім раёне сутыкнуліся гідрацыкл і лодка. На апошняй плылі два рыбакі. На гідрацыкле ўсе людзі былі ў камізэльках, а вось рыбакі іх праігнаравалі. Рэзкі штуршок ад сутыкнення выкінуў людзей у ваду. Гаспадар лодкі пайшоў на дно. Яго пасажыра ледзьве выцягнулі на бераг. Пасажыры і кіроўца гідрацыкла атрымалі траўмы, але засталіся жывыя. Дык ці варта грэбаваць сродкам бяспекі, які ў крытычную хвіліну можа выратаваць жыццё?

    Купацца на кар’ерах забароніць закон?

    — Таварыства ратавання на водах падрыхтавала праект новай рэдакцыі дакумента, які рэгламентуе паводзіны на вадаёмах — Правілаў аховы жыцця на водных аб’ектах, — дзеліцца Сяргей Патрыкееў. — У іх будзе ўнесена норма, якая прадугледжвае поўную забарону купання на абводненых кар’ерах. Таксама адна з навацый дакумента — абавязковае інфармаванне аб месцах, забароненых для купання, на сайтах раённых выканаўчых камітэтаў і ў сродках масавай інфармацыі. А побач з вадаёмамі, якія трапілі ў «чорны спіс», будуць абавязкова ўстанаўлівацца аншлагі — спецыяльныя папераджальныя знакі.

    Аднак пакуль новыя правілы не дзейнічаюць. Яны мусілі выйсці ў чэрвені, але пакуль па некаторых прычынах затрымліваюцца. Зрэшты, тэкст іх ужо адпрацаваны і ўзгоднены з адпаведнымі ведамствамі.

    • • •

    Як вядома са школьнага курсу геаграфіі, у нашай краіне больш за 10 тысяч азёр і ўдвая больш рэк. А ратавальных аб’ектаў у параўнанні з гэтымі лічбамі зусім мала — 66 станцый і 128 пастоў, ды і тое з улікам сезонных, якія выстаўляюцца ў месцах масавага адпачынку на перыяд купальнага сезона з мая па верасень. Таму Таварыства ратавання на водах заклікае адпачываць толькі на тых пляжах, дзе працуюць спецыяльныя ратаўнічыя службы. Бо калі бяда насцігне на вадаёме, які не патрулюецца ратаўнікамі, дапамога ўжо не спатрэбіцца.

    Автор: Валяр’ян ШКЛЕННІКЗвязда

Комментарии (0)