03 Мая, 2024 Пятница

Спеляцца вішні глыбоцкія

  • 09 июля 2015 Общество Русский 0

    Кожны год вясной горад Глыбокае, што на Віцебшчыне, патанае ў белай квецені вішняў, якія ўлетку радуюць мясцовых жыхароў багатым ураджаем чырвоных ягад. Тут практычна не знойдзеш дворыка, дзе няма вішні, і растуць яны надзвычай смачныя — больш салодкія і сакавітыя за іншыя. Гэта даўно прызнаны факт. Вішні называюць тут «лапыровымі», па прозвішчы вядомага глыбоцкага агранома Баляслава Лапыра, які яшчэ «за польскім часам» вырошчваў  тут свае сарты вішань. З яго садоў саджанцы траплялі спачатку на тутэйшыя падворкі, а пасля распаўсюдзіліся па ўсім краі.

    Словам, не без падстаў Глыбокае называюць вішнёвай сталіцай, і ўжо трэці год у ліпені ў горадзе ладзяць прыгожы Вішнёвы фестываль. 

    Сёлета ён будзе асабліва маштабным, пройдзе на працягу амаль тыдня — з 13 па 18 ліпеня, якраз пад вішнёвы ўраджай, і кожны з гэтых дзён абяцае стаць яркім, насычаным і запамінальным.

    У праграме свята — шэраг канцэртаў, выставак, тэматычных мерапрыемстваў, так ці інакш звязаных з папулярнай ягадай: вішнёвыя Алімпійскія гульні, рэтрадыскатэка ў вішнёвых рытмах, забавы вішнёвага двара, сюрпрызы  вішнёвага кафэ, парад вішнёвых пірагоў…

    Галоўныя падзеі разгорнуцца 18 ліпеня. Па традыцыі фестываль  адкрыецца ўрачыстым шэсцем на чале з прыгажуняй каралевай Вішняй. Дарэчы, удзельнікаў чакае прыемны сюрпрыз. Яе вялікасць Вішня сёлета здзівіць не толькі новым шыкоўным уборам, яна займела ўласную залачоную карэту і ўпершыню прадэманструе яе глыбачанам і гасцям горада.

    На маляўнічым беразе возера Кагальнае адбудуцца чарговыя вішнёвыя вяселлі. Шлюб зарэгіструюць адразу некалькі пар. І не проста так, а з сімвалічнай вішнёвай цырымо-ніяй. А яе ганаровымі ўдзельнікамі стануць сем’і, якія стварыліся ў час першага фэсту тры гады таму. Былыя маладажоны ўжо сталі бацькамі і запрошаны на ўрачыстасць разам з дзецьмі.

    Відавочна, людна будзе ў святочныя дні і каля дэкаратыўнай скульптуры «Глыбоцкая вішня». Абмінуць гэтае месца проста недаравальна. Па існуючым павер’і, калі дакранешся да чырвоных вішань, абавязкова будзеш шчаслівым. Памацаеш лісцікі — завядуцца грошыкі. Пагладзіш чаранкі — жыццёвы шлях будзе светлым і роўным. А калі хлопец з дзяўчынай, узяўшыся за рукі, тры разы вакол «вішанькі» абыдуць, то ў наступным годзе чакаць вяселля. Гавораць, дзейнічае.

    На фестывалі свае таленты прадэманструюць мастакі, спевакі, музыканты, майстры народнай творчасці, кулінары. Асобная інтрыга — конкурс баяністаў. Мясцовыя віртуозы рыхтуюцца да яго даўно і сур’ёзна. Абяцаны прыз пераможцу — выдатны новы баян. Само сабой, вішнёвага колеру.

    Гэта факт 

    У гонар заснавання Вішнёвага фестывалю недалёка ад Глыбокага тры гады таму быў закладзены вішнёвы сад — 1414 дрэўцаў. Колькасць сімвалічная — першае ўпамінанне ў летапісах пра Глыбокае датуецца 1414 годам.

    У тэму 

    Імпрэзы, у цэнтры ўвагі якіх знаходзіцца вішня, праводзяцца ў розных краінах — у Вашынгтоне і Трэвер-сіці (ЗША), Лаўране (Харватыя), Жагарэ (Літва), Уладзіміры (Расія).

    Дарэчы, на сёлетні фэст у Глыбокім чакаюць гасцей з Самары, там традыцыйна праходзіць Свята вішнёвага пірага.

    Ірына СВІРКО

    isvirko@mail.ru

    Рэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)