13 Мая, 2024 Понедельник

Вятхiнь: лёс вёскi ў лёсах людзей

  • 18 августа 2015 Общество Беларуская 0

    Вятхінь. Сёння гэта невялікі населены пункт амаль на ўскрайку Рэчыцкага раёна. Праехаўшыся па вёсцы, нават цяжка паверыць, што яшчэ нейкіх паўсотні гадоў таму тут налічвалася каля сямісот жыхароў, чаго цяпер не маюць нават некаторыя цэлыя сельсаветы. Але час няўмольны. І нішто не вечнае на гэтым свеце. Вось і для гэтай вёскі час адыграў неспрыяльную ролю. Паводле звестак Холмецкага сельсавета, да якога належыць Вятхінь, сёння тут жыве ўсяго 89 чалавек, з іх чацьвёра дзяцей і падлеткаў, 27 жыхароў працаздольнага ўзросту і 58 пенсіянераў. Але вёска жывая, яе вуліцы – хоць і сціпла, але ж добраўпарадкаваныя, прыбраныя і прыгожыя, а ад зносінаў з жыхарамі сапраўды павявае спрадвечнай вясковай мудрасцю, якая перадавалася тут з пакалення ў пакаленне.

    ВЕК ВЕКАВАЛІ, ГОРА ГАРАВАЛІ, АЛЕ Ж – ШЧАСЛІВЫЯ!

    Калі я скіраваўся ў Вятхінь, каб расказаць пра гэтую вёску, старшыня Холмецкага сельвыканкама Сцяпан Юшкевіч, сустрэўшы мяне ля цэнтра сельсавета, адразу параіў завітаць да Васіля Піліпавіча Саламахі.

    Чалавек век пражыў у Вятхіне, бачыў яго росквіт, шчыра працаваў, ведае ўсіх жыхароў, ды й у людзей аўтарытэтам карыстаецца, – удакладніў кіраўнік мясцовай улады.

    Як аказалася, Васіль Саламаха – улада ў Вятхіне – памочнік старшыні сельсавета па гэтай вёсцы. Ну а як жа інакш? Каму, як не яму – чалавеку рупліваму, дасведчанаму ды вельмі стараннаму, нягледзячы на даволі паважаны ўжо ўзрост, можна было даверыць гэтую пачэсную і адказную ролю?!

    – Колісь вялікая ў нас вёска была, моладзі шмат жыло. Свой калгас быў да 1956 года – “Чырвоны барэц” называўся. Памятаю яшчэ першы старшыня пасля вайны быў – Пархоменка прозвішча. А тады пакрысе пачала драбнець і чэзнуць вёска, – кажа Васіль Піліпавіч. – Спачатку калгас аб’ядналі з Артукамі – Гулай такі быў старшыня, аб’ядноўваў, а ўжо нядаўна і зусім да Холмеча далучылі.

    Пасля вайны Васіль Саламаха пачынаў трактарыстам у калгасе працаваць. Тады гэтыя хлопцы, што ў тэхніцы цямілі, вельмі цаніліся і паважаліся. На добрым рахунку быў і Васіль. Ды вось хвароба не дала яму стацца знатным механізатарам. Трапіў пад хірургічны нож, пасля аперацыі дактары забаранілі на трактар сядаць: “Што хочаш рабі там у сваім калгасе, але не на трактары, калі жыць хочаш”. Давялося кінуць гэтую справу. Але ж павагаю сярод вяскоўцаў Васіль Саламаха карыстаўся непахіснаю. Такому нельга было дзесьці ў другіх шэрагах знікнуць. Вось яму і прапанавалі працаваць сакратаром сельскага Савета, які тады быў сама тут – у Вятхіне. Паспрабаваў “папяровага” хлебу, але нядоўга. “Не магу я на гэтай сядзячай працы працаваць”, – гаворыць Васіль Піліпавіч. Зноў у калгас папрасіўся. Адукаванага чалавека прызначылі рахункаводам, а калі ў Вятхіне засталося толькі аддзяленне, то стаў брыгадзірам. Праўда, паміж гэтымі калгаснымі пасадамі нейкі час папрацаваў яшчэ і страхавым інспектарам – асабіста загадчык райстрахінспекцыі яго прасіў пашырыць у тутэйшых мясцінах добраахвотнае страхаванне.

    Пытаюся ў Васіля Піліпавіча пра сям’ю, пра дзяцей, а ён кажа, што гэта лепш няхай гаспадыня расказвае, гэта, маўляў, ейная справа.

    Бачу, што жонка – Ганна Майсееўна – і сама ўжо хоча далучыцца да размовы. – Ой, сынок, траіх дзяцей мы з хазяінам выгадавалі. Алежка, наш старэйшы, клопату нам даў, канешне – сівых валасоў на галовы. Ды не сам ён, а Афган. Стрыечныя браты тады ў Мінску жылі, то і ён туды быў паехаў, вучыцца пайшоў там на будаўніка. Аж тады ў войска яго забіраюць. У дэсантнікі. Я ж паехала праважаць, але мне афіцэр кажа: “Вы на вакзал не едзьце, не трэба Вам туды”. Алег толькі спытаў, ці на прысягу прыеду. І потым – цішыня. Куды ехаць? Калі тая прысяга? – пачынае распавядаць Ганна Майсееўна. – Тады пісемца прысылае кароценькае, піша: “Я ў Манголіі”. Мо спецыяльна, думаў, што далёка, то не паеду. А старэйшыя браты ведалі, што ён у Афганістане, у самім Кабуле, а нам з бацькам спачатку не казалі. Тады ўжо яму неяк сказалі, а я так і не ведала, але ж адчувала, нешта адчувала, што не так нешта. Тады зноў пісемца прыйшло: “Вышліце грошы на Ташкент да запатрабавання”. Мы паслалі 50 рублёў. Аж яны назад вярнуліся. Ніхто так і не атрымаў. Тады ўжо мяне спакой не браў. Ведала ж – хлопцаў у той Афган пазаганялі, а потым, то да тых труну жалезную прывязуць, то да тых.

    А ад Алега майго ані вестачкі. Я ўжо што толькі не думала, нават, што і няма яго ўжо. Жылі ціха, размаўляць пра яго нават баяліся. Неяк я ў краме была, бяжыць Лёнік, крычыць: “Алег званіў, заўтра ў Мінску будзе!”. Я падхапілася, што паспела, пахапала ды на апошнім цягніку на Мінск на той. Таксі ўзяла, да родзічаў прыехала. Кажуць: “Алежка пазваніў, заўтра ўранні прыедзе”. Мяне сон не бярэ, думаю, мо там ужо без ручак, без ножак едзе. Раніцай, чую: “Мама, Алег ідзе”. Я ў пад’езд, на пятым паверсе боты падковамі ляскаюць. Аж мой Алег ідзе ды шчэ два хлопчыкі з Бабруйску. Ён мяне абхапіў, кажа: “Пабач, у мяне і рукі, і ногі ёсцека!” Я расплакалася, тады супакоілася, есці селі. А я тут падхапілася, кажу на тых хлопчыкаў: “Дзетачкі, званіце ж і вы хутчэй мамам сваім, яны ж перажываюць”.

    Аказалася, яны ехалі ў бронемашыне, і камандзір іхні нешта вырашыў памяняцца з Алегам месцамі. Толькі пераселі, і ў той момант у машыну снарад душманскі трапіў. Камандзіра забіла. Яшчэ аднаго кантузіла. І то Алег з хлопцамі прывозілі таго камандзіра ў Іванава, што ў Расіі, хаваць. А калі папрасіліся адскочыць у Беларусь, сталі білеты тыя салдацкія прасіць, ім кажуць: “Мы вас туды не пасылалі…” Толькі гэта і расказаў ды назад паехалі. А не пісаў і не званіў, каб мы не перажывалі дарма. Потым прыйшла вестка па тэлевізары, што выводзяць іх з таго Афганістана. Я таксама хвалявалася: хаця б паспеў выйсці. Ён потым, як ужо зусім прыехаў, казаў, што калі іхняя калона ад’язджала, душманы выйшлі ды рукамі ім махалі. Потым мулярам у Манчагорску працаваў, тады вучыўся. Зараз у Яраслаўлі жыве, свая фірма ў яго па будаўніцтве. Лёнік, меншы, – той у Маскве ўжо служыў. Цяпер у Рэчыцы жыве, у нафтавіках робіць. Там жа і Наташа – старэйшая дачка.

    – А Вы сама – мясцовая? – пытаю ў Ганны Майсееўны.

    – Так, – кажа, – тут нарадзілася і ўсё жыццё пражыла. Калі бацьку на вайну на тую забіралі, мне шэсць гадкоў было. Так з мамаю вайну перажылі, а бацьку больш і не бачыла. Памятаю выпадак, як ужо вызвалялі. Мы ўсю вайну кароўку трымалі, а тады яна захварэла. Каб не здохла, прырэзаць давялося. Мама з раніцы паставіла чыгунок з мясам у печ. А я да бабы ў канец вуліцы пабегла. Прыбягаю – немцы ў хаце, мамы няма. Бачу, аж яна з малымі ў канаўцы за агародам. Я туды. Тут з боку Лоева аднекуль бамбіць-страляць пачалі. Першы снарад у ігрушу трапіў, а другі – проста ў самую нашу хату. Потым немцаў пагналі. Нашы ўжо ідуць, мы ўзрадаваліся, з тае схованкі павылазілі. На месцы хаты адна печ стаіць – цэлая, не разбурылася. Мама засланку адкрыла – а там той чыгунок. І мяса згатавалася ўжо. Так мы вызваленне вёскі і адсвяткавалі! Як падрасла, я ў калгасе рабіла, а пазней – у школе прыбіральшчыцай. Ды дзетак гадавала.

    У расповядах гэтых людзей – два пакаленні сціплых жыхароў невялікай вёскі, па якіх страшнымі сваімі гусеніцамі няшчадна праехаліся дзве вайны – адна за сваё, а другая… Не дай жа Божа, каб іх нашчадкі бачылі баі ды выбухі!

    Сёння ў хаце ў Васіля Піліпавіча і Ганны Майсееўны Саламахаў ціха і светла. Уражваюць адвечныя вясковыя чысціня і парадак. Ложкі, засланыя саматканымі капамі, на падушках – вышытыя накрыўкі. А над абразамі – расшытыя набожнікі, аточаныя карункамі. Яшчэ, здаецца, нядаўна Ганна Майсееўна і з кроснамі спрытна ўпраўлялася, і іголку пальцы дакладна ў белае палатно штырхалі. Але час няўмольны…

    ЛЕТАПІС АД ГАННЫ РАМАНЮГІ

    Час і для самой вёскі няўмольны. Але ж у Вятхіне нам сустрэлася жанчына, якая супрацьпаставіла часу свае намаганні, дзякуючы якой Вятхінь не знікне з памяці ніколі. Гэта – Ганна Міхайлаўна Раманюга. Хаця родам яна і не з Вятхіня, але вятхінцы без яе сваёй вёскі не ўяўляюць: дужа ж заўважальнае ў тутэйшых мясцінах жыццё ёй давялося пражыць. Зараз, праўда, Ганна Міхайлаўна больш часу жыве ў Гомелі. У вёсцы ж, да якой душой прыкіпела, – летуе.

    У Вятхінь яна ўпершыню трапіла ў 1954 годзе, калі яшчэ вучылася ў педагагічным вучылішчы ў Гомелі. А тут, у Вятхіньскай школе колькі часу была піянерважатай. Чаму тут? Бо Вятхінь побач з Краснаполлем, куды сям’я ў 1944 годзе пераехала з вёскі Баравікі колішняга Парыцкага раёна (зараз Светлагорскі). Тады бацька пайшоў у войска, а Ганна з мамаю паехалі на рэчыцкую зямлю. Скончыла тут Артукоўскую школу. Заўжды была вельмі актыўнай. Брала ўдзел ва ўсесаюзнай спартакіядзе школьнікаў, што праходзіла ў Адэсе, а потым і ў рэспубліканскай спартакіядзе па лёгкай атлетыцы, дзе, дарэчы, заняла першае месца. У калгасе “Чырвоны сцяг” з’яўлялася сакратаром камсамольскай арганізацыі.

    Пасля сканчэння Гомельскага педвучылішча працавала настаўніцай пачатковых класаў у Вятхіньскай васьмігодцы. Потым выкладала яшчэ і спевы, маляванне і вяла гурток мастацкай самадзейнасці. Хутка з мясцовым вятхіньскім хлопцам Васілём і вяселле сыгралі. Дзеткі нарадзіліся: чатырох сыноў і дачку выгадавалі. Так – у клопатах і аб сваіх малых, і аб усіх вятхіньскіх дзетках –ішлі гады. Але дзяцей у вёсцы з кожным годам было ўсё меней.

    Калі ў 1957/1958 навучальным годзе ў школе вучылася 160 дзетак, то ў 1987 годзе – усяго 14, а ў першы год апошняга дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя ў школе засталіся толькі 4 чалавекі, – узгадвае Ганна Міхайлаўна.

    У пачатку 1990-х школу закрылі, а ў 1992 годзе – знеслі і сам будынак ды раздалі на дровы мясцовым жыхарам. А Ганну Раманюгу запрасілі на працу ў мясцовы клуб. Тут ёй таксама сумаваць не даводзілася. У 1994 годзе вёска заспявала новымі галасамі – тут быў створаны фальклорны самадзейны калектыў. Не толькі аднавяскоўцаў весялілі на канцэртах самадзейныя артысткі, але і гастралявалі па навакольных вёсках, удзельнічалі і нават перамагалі ў раённых конкурсах. Весела жыў Вятхінь! А душой усяму была Ганна Раманюга. Яе намаганнямі пры клубе быў створаны музей, дзе супрацоўнікі сабралі ад мясцовых старажылаў аповеды пра мінулае вёскі, старадаўнія прылады і вырабы, якія вяскоўцы стваралі для аздаблення свайго жыцця. І нястомны працаўнік на ніве вятхіньскай адукацыі ўласнымі творчымі высілкамі з дапамогай сваіх актывістаў – бібліятэкара Ніны Забіран ды музычнага кіраўніка клуба Уладзіміра Кулька – склала летапіс вёскі, з якою разам сталела і жыла.

    Гэты з густам аздоблены альбом яна ашчадна вынесла мне пад зялёныя шаты вішні, што прыкрывае ад сонечнай спёкі невялікае падабенства альтанкі наўпрост у яе двары. Гартаючы напісаныя ад рукі старонкі, я адчуваў усю тую, напоенаю вялізнаю любоўю да гэтай зямлі энергетыку, якою натолена гэтая самаробная кніга. Хто ведае, можа, калі знойдуцца сродкі, каб выдаць гэтак старанна сабраны летапіс Вятхіня друкарскім спосабам?! Пакуль жа аніяк нельга не пазнаёміцца з радкамі гэтай працы.

    “З гутарак з людзьмі сталага веку выяўляецца, што дакладнай даты заснавання вёскі ніхто не памятае, таму трэба лічыць, што гэтае паселішча было заснавана, калі тутэйшыя людзі яшчэ не ведалі пісьмовасці”.

    Праўда, сучасныя энцыклапедычныя крыніцы сцвярджаюць, што з пісьмовых звестак вёска вядомая з XVIII стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Прычым ужо тады ў Вятхіне дзейнічала царква, што сведчыць пра тое, што сама вёска, канешне ж, існавала значна раней. Але ж працягнем чытаць “Летапіс вёскі Вятхінь”:

    “Пасяленне гэтае належала пану Дубавіцкаму, які жыў у мястэчку Холмеч. Яму ж належалі і землі, і лес. Першыя хаціны забудаваліся на ўзгорку ў вуліцу, якая стала называцца “сяло”. Назва “сяло” дайшла сярод вяскоўцаў і да нашых дзён, так і цяпер называецца цэнтральная вуліца вёскі (афіцыйна зараз – Піянерская).

    …З’яўляліся новыя вуліцы: Залоззе – туды хадзілі па лазу (зараз афіцыйная назва – Калгасная), Хутар – спачатку аддзяліўся адзін гаспадар (зараз – Лугавая), Якубаўка – жыў род па прозвішчы Якубавы-Зяленскія), Літвінаўка – першым пасяленцам быў чалавек з заходняй Беларусі – Літвін (зараз – Палявая)”.

    Ці магчыма абыякава чытаць тое, як такія адметныя назвы – сапраўдныя гістарычныя сведчанні – замянілі бязлікімі Палявымі, Лугавымі і Калгаснымі?

    “Майстроў у вёсцы жыло многа. Стары яўрэй Паўс меў смалакурню. Глушакі – шавецкую (шылі боты), Раманюгі, Буслы – бандарнічалі. Вялікія майстрыхі ў ткацтве – Саламаха Насця (1893 г.н.), Саламаха Гарпіна (1907 г.н.), Забіран Насця (1910 г.н.), Бусел Параска (1913 г.н.). Рашуковы дзеўкі – Мальвіна і Ганна вязалі і вышывалі прыгожа, Чарнецкія, Саламахавы – ткалі, вязалі, вышывалі найпрыгажэйшыя ручнікі, абрусы, кашулі, сурвэткі”.

    Толькі ўслухайцеся ў мелодыю беларускіх імёнаў! Паэзія! А якія карціны вясковага жыцця ўсплываюць пры чытанні наступных радкоў (!?):

    “У вёсцы была кузня. Стаяла яна пасярод вёскі – “на ростаньках” – перакрыжаванні трох дарог. Майстар кавальскай справы Глушак Іван Данілавіч вырабляў плугі, сякеры, косы, пілы, бароны, вілкі”.

    Як адпачывалі ветхінёўцы:

    “Больш за ўсё часу моладзь праводзіла на вуліцы. У адным канцы вёскі – на Хутары, быў мост цераз рачулку Ветха /зараз лічыцца звычайнай меліяратыўнай канавай/ і на другім канцы – таксама мост. Вось на гэтых мастах і наладжвалі гулянні. Уся вёска звінела ад песень і смеху”.

    І вось, праз ціхае, размеранае сялянскае жыццё свае страшныя разоры праарала чарада “гістарычных падзей”, крышачы людскія лёсы і сеючы разлад сярод вяскоўцаў. Але ж у людской памяці захавалася несправядлівасць таго, што адбывалася:

    “Рэвалюцыю 1917 года сяляне асабліва не адчулі. Толькі барацьба з “кулакамі”, калектывізацыя востра закранулі людзей вёскі. Кулакамі ў вёсцы лічыліся Глушакі Пятро і Павел (Кузьмічы), Глушак Антон (Салавей), Саламаха Лукаш ды іншыя. Гэта былі працавітыя людзі ад дзядоў і прадзедаў, майстры і гаспадары. Дамы ў іх былі зробленыя сваімі рукамі, дабротныя, прасторныя. Мелі яны ў гаспадарцы па некалькі кароў, коней, чароды птушак, зямлі апрацоўвалі шмат. Дом Глушакоў (Кузьмічоў) арганізатары калгаса забралі пад школу, а потым пад канцылярыю, забралі ў калгас кароў і коней, маёмасць”.

    Незагойную рану ў памяці вяскоўцаў пакінула яшчэ адна навала, якая прыйшла ў Вятхінь з Захаду. Вялікая Айчынная вайна адабрала шмат жыццяў:

    “Сярод лета 1942 года цёплым ранкам вёска загаласіла ад жаху і болю. Аднавяскоўцы-партызаны Саламаха Мірон, Глушак Амелька, Чарнецкі Кузьма, Манёк Ахрэм былі расстраляныя немцамі”.

    Пасля вайны жыццё паціху наладжвалася, уваходзіла ў свае каляіны. Але ці здолела вёска да рэшты адрадзіцца пасля цяжкіх выпрабаванняў ХХ стагоддзя? Пытанне, адказ на якое пакуль што атрымліваецца адмоўны.

    “Год за годам пусцеюць хаты вяскоўцаў: старыя людзі адыхо-дзяць у лепшы свет, а моладзь… у вёсцы не застаецца. У 2010 годзе паводле ўласнага жадання з-за стану здароўя сыходзіць з пасады кіраўнік клуба Раманюга Г.М., – піша пра сябе ў трэцяй асобе аўтарка “Летапісу”, – Раённы аддзел культуры вырашае зачыніць клуб. Працаваць няма каму і няма з кім…”

    Але ж перад такім невясёлым заканчэннем летапісу Ганна Міхайлаўна дае надзею, расказваючы аб сталенні вялікага сельгаспрадпрыемства, якое сёння вядомае на ўсю краіну:

    “26 лютага 1998 года старшынёй калгаса “Чырвоны сцяг” абіраюць маладога 26-гадовага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй Віталя Сямёнавіча Панчанку. Гаспадарка з занядбанай пачынае ісці “ўверх” па паказчыках. Людзі сталі атрымліваць за працу добра і ў час. У 2003 годзе да “Чырвонага сцяга” далучылі саўгас “Іскра”, а ў 2004-м і калгас “Возрождение”.

    Такім чынам утварыўся будучы агракамбінат “Холмеч”, у склад якога і ўваходзяць палеткі вакол Вятхіня. А зараз паблізу з вёскай будуецца вялікі свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў з цэхам глыбокай перапрацоўкі. То бок – задужа рана казаць, што цяпер перагортваюцца апошнія старонкі вятхіньскага летапісу: у найпрыгажэйшай мясціне купляюць дамы, імкнуцца іх адрамантаваць, а працоўнае жыццё вялікага і моцнага сельгаспрадпрыемства дазваляе глядзець з надзеяй у будучыню. І тутэйшыя аграрыі таксама дадаюць свой унёсак у агульны дабрабыт гаспадаркі.

    ФЕРМА НА ЎСКРАЙКУ

    Няма ў Вятхіне зараз ні школы, ні клуба, ні крамы. Ды й патрэбы ў іх наяўнасці тут цяпер не існуе. Адзіным грамадскім аб’ектам, які жыве, дае працаздольным мясцовым жыхарам магчымасць працаваць каля дома, з’яўляецца жывёлагадоўчая ферма. Тут зараз утрымліваецца паўтысячы галоў быкоў на адкорме. І варта сказаць, што паказчыкі прывагаў жывёлы дастаткова значныя – 870 грамаў за суткі. Вясною адсюль на мясаперапрацоўчыя камбінаты выправілі 85 галоў, сярэдняя вага якіх была на адзнацы 500 кілаграмаў. І гэта пры тым, што калектыў фермы дастаткова кампактны – чатыры жывёлаводы, два вартаўнікі і загадчыца. Менавіта яна нам і сустрэлася, калі мы пад’ехалі да фермы. Любоў Бусел сама вятхіньская. Разам з ёю з роднай вёскі на ферме працуе жывёлавод – Аляксандр Віктаравіч Глушак. Працуе адказна і старанна. Але Любоў Уладзіміраўна просіць узгадаць у артыкуле і іншых адказных за догляд жывёлы работнікаў – Віктара Тузава, Іллю Сцепанца і Івана Зяленскага, якія хоць і жывуць у Артуках, але ж плён у развіцце вятхіньскай фермы ўносяць вялікі. Мы з радасцю выконваем просьбу.

    *  *  *

    Вось такі лёс старой і прыгожай вёскі. Магчыма, яшчэ і зменіцца нешта, магчыма, у кагосьці атрымаецца ўдыхнуць у старыя вятхіньскія вуліцы, якія каралямі абступаюць дзьве маляўнічыя сажалкі, новае жыццё?!

    Фота аўтара

    Автор: Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎДняпровец
    Теги: 

Комментарии (0)