27 Апреля, 2024 Суббота

Санаторна-аздараўленчы комплекс «Пліса»: адпачынак і лячэнне – вышэйшага класа

  • 16 сентября 2015 Общество Беларуская 0

    Некалі на беразе Пліскага возера размяшчаліся будынкі вайсковай часці. У 2010 г. сталічная  будаўнічая фірма “Трэст Прамбуд”, на рахунку якой  дзясяткі ўзведзеных жылых комплексаў і аб’ектаў грамадзянскага, сацыяльна-культурнага і спартыўнага прызначэння, узялася за расчыстку тэрыторыі. А  праз паўтара года на гэтым месцы  з’явіўся новы санаторна-курортны комплекс, першая чарга якога  будзе ўведзена ў эксплуатацыю   напярэдадні 2016 года. Якая карысць ад гэтага аб’екта Глыбоччыне? Колькі “каштуе” сам інвестыцыйны праект? Хто зможа стаць наведвальнікам комплексу? Гэтыя і іншыя пытанні я задала пры сустрэчы  заснавальніку   прыватнай фірмы “Трэст Прамбуд” Валерыю Міхайлавічу   Мазоўку.

    — Штуршок гэтаму маштабнаму будаўніцтву дало адно з выступленняў Прэзідэнта краіны, які гаварыў, што ў Беларусі цудоўная прырода  і разумна арганізаваны адпачынак  можа стаць прыбытковым відам бізнесу. Я аб’ехаў, абгледзеў  шмат мясцін у шасці абласцях і прыйшоў да высновы, што найпрыгажэй у вас, на Глыбоччыне, — пачаў расказ Валерый Міхайлавіч. – Інвестыцыйны праект каштуе каля дваццаці пяці мільёнаў долараў. Сродкі ў будаўніцтва ўкладваем і нашы ўласна заробленыя, і крэдытныя. Разлічана, што напярэдадні 2016 года мы ўвядзём у эксплуатацыю  аздараўленчы комплекс на 350 месцаў, а затым возьмемся за ўзвядзенне гістарычнага “квартала”, дзе будзе “старажытнае замчышча”, гасцініца на сто месцаў, сядзібы, аформленыя ў нацыянальных стылях, напрыклад,  украінскія, татарскія, польскія, літоўскія, рускія, з адпаведнай кухняй, з магчымасцю набыць арыгінальныя сувеніры. Аздараўленчы комплекс “Пліса”, лічу, універсальнае месца, дзе можна будзе адпачыць пасіўна — на прыродзе, у цішыні і актыўна – на байдарках, на конях,  на веласіпедах,  падлячыцца, правесці водпуск ці выхадныя дні.  Да паслуг адпачываючых мы прадставім 130 аднамесных пакояў, 30 – двухмесных, нумары-люкс,  а таксама  асобныя катэджы для пражывання з  трыма спальнямі і ваннамі.

    Будуць тут басейн, саўна, більярдная, бар, кафэ, міні-амфітэатр, сцэну якога прадставім для творчых калектываў…  У Беларусі больш за сто санаторных комплексаў, але мы паставілі перад сабой мэту  ўвайсці ў тройку лепшых  па профільным абслугоўванні. Задача няпростая і нялёгкая і ажыццяўлення яе мы  будзем дабівацца за кошт чыстай і ўнікальнай па прыгажосці прыроды Глыбоччыны, камфорту пражывання, якасці  аказання медыцынскіх паслуг і абслугоўвання,  арганізацыі вольнага часу адпачываючых.

    Пачынаючы будаўніцтва, мы ўлічвалі чатыры асноўныя моманты. Першы – наша дзейнасць не павінна сапсаваць навакольныя  краявіды, а з улікам  правядзення работ па ландшафтным дызайне толькі павялічыць прыцягальнасць гэтых мясцін. Другое – якасць будаўніцтва павінна быць вышэй устаноўленага стандарту,  камфорт пражывання — павышаны,   псіхалагічная і эмацыянальная атмасфера толькі станоўчая. Трэцяя --  разнастайны спектр медыцынскіх паслуг. Чацвёртае – экалагічна чыстае і здаровае харчаванне, ад якога ў многім залежыць наша здароўе.

    Пра  аказанне медыцынскіх паслуг вычарпальную інфармацыю даў галоўны ўрач санаторна-аздараўленчага комплекса Сяргей Юр’евіч Петухоў.

    — Пачну з таго, што на тэрыторыі комплексу спецыялісты знайшлі мінеральную ваду, якая дапаможа нармалізаваць страўнікавую сістэму, паспрыяць абмену рэчываў, яе таксама можна выкарыстоўваць для мінеральных ваннаў. На суседнім возеры знойдзены залежы лячэбнай гразі. Па заключэнні навукоўцаў са сталічнай Акадэміі навук гразь можа быць эфектыўнай пры лячэнні суставаў,  жаночага бясплоддзя, косна-мышачнай сістэмы — астэахандрозах, выпадзенні міжпазваночных дыскаў. Жадаючыя змогуць зрабіць на месцы УЗІ, кардыяграму, лабараторнае абследаванне, прайсці профільнае абследаванне ва ўрачоў-спецыялістаў, атрымаць аздараўленчыя працэдуры,  паляжаць  пад “штучным сонцам”, сеанс якога дапаможа пазбавіцца дэпрэсіі.  Ужо аб’яўлены тэндар  на закупку медыцынскага абсталявання, якое, па ўсёй бачнасці, будзе нямецкай  і бельгійскай вытворчасці, а таксама сучаснае абсталяванне беларускай вытворчасці, якое не мае аналагаў у  свеце. Адпаведнымі будуць і кадры: высокакласныя вузкапрофільныя спецыялісты-медыкі і іншы кваліфікаваны абслугоўваючы персанал, — тлумачыць Сяргей Юр’евіч.

    Падаткі –  бюджэту, рабочыя месцы – жыхарам Глыбоччыны

    Па сцвярджэнні Валерыя Мазоўкі гэты  цудоўны комплекс прызначаны найперш  для беларусаў і, вядома ж, адкрыты для ўсіх замежных гасцей, якія будуць тут праездам ці спецыяльна абяруць “Плісу” месцам адпачынку. Пытанне  ў іншым: ці хопіць у радавога жыхара Глыбоччыны грошай, каб аплаціць усе гэтыя выгоды?

    — Для жыхароў Глыбоччыны цэны будуць на ўзроўні  сярэдне статыстычных, якія існуюць у рэспубліцы ў аналагічнай сферы, а значыць, даступнымі многім, хто  заплануе свой адпачынак у нас. Прыкладны кошт для  прыезджых адпачываючых  будзе ад 50 да 100 долараў за суткі ў залежнасці аб выбару ўмоў пражывання і купленых паслуг, — расказвае аб “цэнавай палітыцы” Валерый Міхайлавіч. – Інвестыцыі, укладзеныя ў праект, дадуць і іншыя плюсы раёну. Першы плюс:  па выніках сваёй дзейнасці   кожны месяц мы будзем плаціць у бюджэт раёна  падаткі, якія пойдуць на рэалізацыю розных сацыяльных праектаў і на патрэбы жыхароў Глыбоччыны. Другі плюс: ужо сёння мы перадалі ў Цэнтр занятасці  не адзін дзясятак вакансій і будзем прадстаўляць працу тым, хто пройдзе належны адбор. Для раёна, дзе адчуваецца дэфіцыт рабочых месцаў, гэта адчувальная падмога. Трэці плюс: экалагічна чыстае і здаровае харчаванне, якое мы будзем прапаноўваць адпачываючым, прадугледжвае закупку прадуктаў у раёне, пад прамыя заказы ў саміх вытворцаў. Гэта значыць, што   гародніну, садавіну,  свежыя ягады,  малако і мяса высокіх гатункаў, яйкі, мёд мы будзем напрамую  закупляць  у сельскагаспадарчых таварыствах і ў фермераў.  Нам спатрэбіцца і цяляціна, і ялавічына, і бараніна,  таму фермеры змогуць перапрафіліраваць  сваю дзейнасць і  займацца тым, што непасрэдна ім выгадна, ведаючы, што прадукцыя, якую яны вырошчваюць, абавязкова пойдзе ў продаж. Патрабаванні да якасці, вядома ж, будуць высокія, але і закупачная цана належная.  Мы не пакінем без увагі народных умельцаў, будзем браць на рэалізацыю зробленую імі сувенірную прадукцыю, што   прынясе ім рэальныя заробкі.  Будзе ў нас  свой міні-амфітэатр, і мы плануем запрашаць для выступленняў народныя калектывы, выканаўцаў, спевакоў, танцораў. Для людзей творчых – гэта дадатковая магчымасць зарабіць, “падрасці” прафесійна і, можа, адкрыць сабе шлях на вялікую сцэну.

    Чацвёрты плюс: мы будзем  клапаціцца пра тое, каб адпачынак нашых кліентаў быў разнастайным і цікавым, распрацуем конныя маршруты і прагулкі, байдарачныя маршруты па азёрах Шо, Доўгае, Пліса, а таму нам спатрэбяцца і коні, якіх  разводзяць у вас на Глыбоччыне, і  байдаркі, і лодкі, і веласіпеды, і, вядома ж,  адпаведныя спецыялісты.  Будзем ладзіць экскурсійныя туры па  знакамітых мясцінах раёна і за яго межамі,  а значыць, будуць запатрабаваны паслугі вашай турыстычнай фірмы, экскурсаводаў, музейных работнікаў. На мой погляд, гэта каласальныя магчымасці для развіцця прыватнага бізнесу, дзелавой ініцыятывы, шанцы для людзей рознага ўзросту, розных сфер дзейнасці быць  занятымі і запатрабаванымі.

    Нягледзячы на тое, што  комплекс у стадыі будаўніцтва,  мы перадалі ў Цэнтр занятасці свабодныя вакансіі  і змясцілі іх пералік на  сайце www.tut.by   ў раздзеле “работа” разам з узорам рэзюме для запаўнення, якое  можна адпраўляць  на электронны адрас: plissa@promstroy.by. Для чытачоў газеты “Веснік Глыбоччыны” паведамлю, што нам патрэбны ўрачы, фельчары, медыцынскія сёстры, малодшы медыцынскі персанал, адміністратары, пакаёўкі,  прыбіральшчыкі памяшканняў, повары 6 разраду, тэхнолагі, афіцыянты, работнікі кухні, бармен, культарганізатар,  спартыўны інструктар,  рабочыя пральні. Мы прадстаўляем выдатныя ўмовы для работы, годную аплату, жыллё тым, хто будзе мець у ім патрэбу, арганізуем дастаўку на работу транспартам прадпрыемства, але і патрабуем:   спецыялізаванай адукацыі, прафесіяналізму, умення кантактаваць з людзьмі і працаваць у калектыве, культуры абслугоўвання, самадысцыпліны, адказнасці, выканання працоўных абавязкаў толькі “ на выдатна”.

    Автор: Галіна СутулаВеснік Глыбоччыны

Комментарии (0)