01 Июля, 2025 Вторник

Лясныя "ўніверсітэты"

  • 23 сентября 2015 Общество Беларуская 0

    Любоў да ўсяго жывога бярэ свой пачатак з дзяцінства. Раней вясковыя дзеці амаль усе летнія канікулы праводзілі ў лесе. У некаторых гэтая еднасць з таямнічым светам дрэў нікуды не знікла, а, наадварот, перарасла ў значна большае – прафесію. Наш зямляк, ураджэнец вёскі Бабраўнікі Артур Комар абраў для сябе дарогу ў лясную гаспадарку. Варта заўважыць, што дастаткова паспяховую: на працягу месяца юнак праходзіў стажыроўку ў Аўстрыі. Мы папрасілі Артура падзяліцца сваімі ўражаннямі.

    > Статус: студэнт 3 курса лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (спецыялізацыя “Лесазнаўства і лесаводства”)

    > Захапленні: спорт, лесаводства, талкінізм (кнігі Толкіна), беларуская гістарычная літаратура

    > Жыццёвае крэда: агульнасямейнае – “цяжка вучыцца – лёгка ваяваць”.

    – Наколькі мне вядома, сёлетняя стажыроўка студэнтаў у Еўропе для лесагаспадарчага факультэта БДТУ ажыццяўлялася ўпершыню. Ты адзін прадстаўляў альма-матар за мяжой? І як сталася, што з дзясяткаў студэнтаў абралі менавіта цябе?

    – Нашая краіна далучылася да праграмы абмену студэнтамі тэхнічнага накірунку IAESTE (International Assosiation of Exchange Students Technical experience). Яна распаўсюджана на ўсёй Еўропе. Адна з заявак прыйшла па лесагаспадарчы факультэт (на ўвесь універсітэт толькі чатыры). Абавязковыя ўмовы: заканчэнне 3-6 семестраў навучання, добры ўзровень валодання англійскай мовай і актыўная жыццёвая пазіцыя. Збіраў шмат дакументаў, пісаў матывацыйны ліст, былі дзве суразмовы па скайпе на англійскай мове. Прайшоў усе выпрабаванні – і мяне прынялі на стажыроўку ў Венскі ўніверсітэт, у інстытут лесаводства ў Аўстрыі.

    OLYMPUS DIGITAL CAMERA

    – Цікава, а што было ў цябе ў заплечніку, калі ты ехаў у Аўстрыю?

    – Акрамя асабістых рэчаў, я узяў гумовыя боты для працы ў лесе і, канешне, фотаапарат.

    – Што ўяўляла сабой стажыроўка – лекцыі, практычныя заняткі? І на якой мове адбывалася выкладанне?

    – Патрэбна адзначыць, што там было не зусім выкладанне, а больш праца. І было ўсё, адпаведна, на англійскай мове. Першы тыдзень маёй стажыроўкі я працаваў у інстытуце лесаводства па інтрадукцыі дрэў (наўмыснае або выпадковае перасяленне відаў за межы іх натуральнага арэала) – такіх, як айлант высачэнны, арэх чорны і рабінія ілжэакацыя. Затым пачаліся даследаванні ў лесе за 200 кіламетраў ад Вены. Працягваліся яны каля 3 тыдняў. Апошні тыдзень я зноў працаваў у офісе.

    – Нашы лясгасы займаюцца многімі накірункамі дзейнасці – гэта і лесааднаўленне, і прамысловасць, і многія іншыя. Чым займаюцца лесаводы ў Еўропе – прынамсі, у Аўстрыі?

    – Адразу адзначу, што лясгасаў у Аўстрыі не існуе, бо лясы там належаць людзям. Як мне здалося, лес для аўстрыйцаў – гэта перш за ўсё месца для рэкрэацыі.

    – А што найбольш уразіла і запомнілася?

    – Уразіла Вена – вельмі прыгожы горад. Але найбольш – аўстрыйскія вёскі: прыгожыя, жывыя… Кожны асобны дом – як твор мастацтва. Такое адчуванне, што там кожны жыхар – ландшафтны дызайнер. І людзі там вельмі добрыя. Заўсёды вітаюцца, гатовыя ў любой сітуацыі дапамагчы. Запомнілася, што падчас уборкі збожжа на камбайне ехаў стары дзядок, а ззаду на трактары – бабулька, і так шчыра яны нам усміхаліся. Бачна было, што яны задаволены ўраджаем.

    OLYMPUS DIGITAL CAMERA

    – У чым адрозненне і падабенства нашай і замежнай адукацыі?

    – У Еўропе студэнты вучацца па Балонскай сістэме, да якой далучылася і нашая краіна ў маі гэтага года. Там студэнты самастойна выбіраюць час наведвання заняткаў і набор дысцыплін на семестр. Дысцыпліны з большага падобныя, але мы маем шмат няпрофільных прадметаў. Там пасля 6 семестраў абавязкова пішацца навуковая праца, пасля якой ты можаш ісці працаваць, а можаш працягваць вучобу яшчэ 4 семестры і атрымаць майстарскую ступень. У нас пасля 9 семестраў студэнты атрымліваюць “інжынера”.

    – Нашы юнакі і дзяўчаты, якія атрымліваюць сярэднеспецыяльную і вышэйшую адукацыі, звычайна здымаюць кватэру або, каму пашчасціць, засяляюцца ў інтэрнат. А дзе жылі вы і як харчаваліся?

    – Я жыў у інтэрнаце для студэнтаў, які самастойна аплачваў. І харчаваўся сам. Была кухня, дзе гатаваў ежу. Падчас даследаванняў мы жылі ў атэлі, там нас кармілі. Варта адзначыць, што плаціў за ўсё інстытут лесаводства.

    – Не вучобай адзінай… Артур, а ці быў у вас вольны час? 

    – Яго я выкарыстоўваў на экскурсіі па Вене. Да мяне прыязджала сястра, дык мы ўсе выхадныя з ранку да вечара па Вене шпацыравалі. Там ёсць на што паглядзець! У вольны час я займаўся спортам, бегаў, купаўся ў Дунаі. Вечары часам праводзілі разам з іншымі практыкантамі і членамі IAESTE.

    – З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца падчас праходжання стажыроўкі?

    – Вялікіх цяжкасцей не меў. Мне заўсёды дапамагалі. Адзінае, што падпсавала настрой, – штраф у 100 еўра, які я атрымаў перад самым вылетам з Вены. У мяне быў праязны на ўсе віды транспарту на месяц па Вене, але я не ведаў, што на цягнікі да аэрапорта патрэбна набываць асобныя квіткі… А так усё было дастаткова лёгка і цікава. Да таго ж, увесь час праз інтэрнэт быў на сувязі з сям’ёй і сваёй дзяўчынай Соняй. Мы з ёй, дарэчы, на адным факультэце вучымся. І любоў да прыроды і да будучай прафесіі – тое, што нас аб’ядноўвае.

    – Што дала табе гэтая стажыроўка?

    – Па-першае, велізарны вопыт даследаванняў лесу, мне даручалі працу з сучасным электронным абсталяваннем. Па-другое, пазнаёміўся з падыходамі да лесаводства за мяжой. Пашырылася агульнае развіццё, з’явіўся пэўны досвед. Таксама я ўдасканаліў сваю англійскую мову, бо да гэтага вучыў яе саматойна.

    – Ведаю, што пасля стажыроўкі ў Аўстрыі ты літаральна праз некалькі дзён удзельнічаў у праекце ў Германіі. Што гэта за праект і чым там займаўся?

    – З Аўстрыі я прывёз велізарны вопыт, а з Германіі – шмат уражанняў. У Германіі праект называўся “Летняя акадэмія”. Гэта супрацоўніцтва паміж БДТУ, Універсітэтам Эберсвальдэ (Германія) і Беластоцкім універсітэтам (Польша). Жылі мы ў Нацыянальным парку на рацэ Одэр. З кожнага ўніверсітэта было па 10 студэнтаў. Усе ўдзельнікі былі падзелены на 5 груп і працавалі па пэўнай тэме. Маёй групе папалася тэма “Маніторынг лясной экасістэмы”. Вось там і спатрэбіўся вопыт, прывезены з Аўстрыі. Тут я быў, як кажуць, як рыба ў вадзе. Таксама мы спускаліся на каноэ праз нацыянальны парк па Одэры, падарожнічалі на веласіпедах і мелі экскурсіі па Берліне, наведалі Рэйхстаг, рэзідэнцыю прускіх каралёў Патсдам.

    OLYMPUS DIGITAL CAMERA

    – Артур, раскажы пра вытокі сваёй любові да лесу.

    – Я, як вясковы хлопец, часта бываў у лесе: хадзіў па грыбы, ягады, у лесе мы будавалі шалашы. А дапамог мне вызначыцца з прафесіяй мой тата, які на той час працаваў у лясніцтве. Ад яго мне перадалася любоў і ўважлівасць да дрэў, раслін. Мне падаецца, што праца ў лесе і з лесам яднае з прыродай, прыносіць асалоду, таму я выбраў адпаведную спецыяльнасць. Мама і тата адразу ж падтрымалі мой выбар. З сярэдзіны 10 класа мэтанакіравана рыхтаваўся да паступлення на лесагаспадарчы факультэт.

    – І на заканчэнне нашай гутаркі падзяліся планамі на будучыню.

    – Вялікіх планаў яшчэ не рабіў. Адно магу сказаць дакладна: буду працаваць на карысць Беларусі. Магчыма, вярнуся на сваю маленькую “лясную” радзіму.

    ----------------------------

    Алена ГАНУЛІЧ.

    Фота Эміліі КОМАР.

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)