05 Мая, 2024 Воскресенье

Помні свае карані

  • 24 сентября 2015 Общество Беларуская 0

    Што вызначае нацыянальнасць? Пэўныя рысы характару? Менталітэт? Своеасаблівае ўспрыманне навакольнага свету? Разуменне свайго месца ў жыцці?

    І аб чым вам гаворыць выраз “глухая вёска” ў адносінах да нейкага чалавека? Магчыма, аб тым, што чалавек або людзі, якія ТАМ жывуць, не мяняюць сваіх звычак і светапогляду доўгі час?

    Аднак усе мы добра ведаем, што Беларусь ніколі не была глухой, забітай ці “шэрай”. Не могуць у “шэрай” краіне нарадзіцца на свет, вывучыцца і праславіць сваю Радзіму такія выдатныя людзі, як Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Леў Сапега, Барбара Радзівіл, Ефрасіння Полацкая, Ігнат Дамейка, Іосіф Гашкевіч, Адам Міцкевіч, Кастусь Каліноўскі і многія-многія іншыя – кім мы ганарымся і прыклад з якіх нам варта браць!

    Мы ўсе ведаем з гісторыі, што пераважны працэнт насельніцтва Беларусі да ўрбанізацыі жыў у вёсках, мястэчках і сёлах. На долю гараджан яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя прыходзіўся толькі кожны пяты беларус. Аднак хуткі рост прамысловасці пасляваенных гадоў прымусіў шукаць працоўную сілу ў вёсцы і рознымі шляхамі выцягваць яе ў горад, дзе будаваліся магутныя заводы. І людзі пацягнуліся. Усяго толькі за паўстагоддзя працэнт гараджан-вяскоўцаў змяніўся на процілеглы – у 2013 годзе на чатырох гараджан прыходзіўся адзін жыхар перыферыі.

    Але як нараджэнне дзіцяці ў сям’і інтэлігентаў яшчэ не робіць яго самога інтэлігентам, так і з’яўленне яго на свет у горадзе – не робіць яго гараджанінам. Усё залежыць ад выхавання.

    Каб адвучыць людзей ад працы на зямлі дастаткова аднаго пакалення, а каб зноў навучыць працаваць на ёй, шанаваць яе – трэба значна больш часу. А чалавек, тым больш беларус, трапна названы адным з нашых паэтаў “сын сахі і раллі”, вырваны з роднай зямлі і “перасаджаны” ў асфальт і бетон гарадоў, гіне. Гіне не як чалавек, а менавіта як беларус!

    Я сам усё жыццё пражыў у горадзе, аднак добра ведаю, кім быў мой дзед, прадзед і прапрадзед. Ведаю і ганаруся тым, што мае карані ў беларускай вёсцы! Я ўмею і касіць, і за плугам хадзіць, і карову даіць. Ды і дзе яшчэ, як не на вёсцы вы зараз можаце пачуць сапраўдную беларускую гаворку, няхай яна і адрозніваецца ў жыхароў Палесся і Полаччыны, Гродзеншчыны і Магілёўшчыны? Дзе яшчэ жывуць людзі, якія ўсміхаюцца вам пры сустрэчы не таму, што ім ад вас нешта патрэбна, а таму, што яны проста рады вас бачыць? Дзе яшчэ вас пачастуюць сапраўднымі беларускімі стравамі? Дзе яшчэ людзі працуюць не за страх, а за сумленне – працуюць таму, што ім падабаецца іх работа, а не таму, што шмат плацяць? Сельскія настаўнікі, камбайнеры, леснікі, даяркі – вось як выглядаюць сапраўдныя сучасныя беларусы. І вы толькі зрэдку можаце іх сустрэць на гарадской вуліцы, дый тое хіба што ў нядзелю, бо ў астатні час яны працуюць.

    Часта сустракаюся з людзьмі, якія прыязджаюць па розных справах у Астравец, дзе я працую, ці ў Смаргонь, дзе я жыву. З задавальненнем размаўляю з тымі, хто разумее простых, здавалася б, людзей, якія на самой справе ох якія няпростыя, з тымі, хто разумее іх праблемы, дый жыццё ўвогуле. З тымі людзьмі, якія ведаюць свае карані і не адракаюцца ад свайго мінулага незалежна ад таго, дзе яны жывуць – у Мінску, Варшаве, Вільнюсе ці Маскве, якія нават у сваіх “сталіцах” смела гавораць: “Я з Белай Вады, што на Астравеччыне”, “Я са Старой Яцкаўшчыны, што пад Чачэрскам”, “Я з Чырвонай Слабады з-пад Слуцка”… Я ганаруся такімі беларусамі! Няхай яны і жывуць не на Беларусі – магчыма, так склаўся лёс, што яны былі вымушаны выехаць у замежжа. Але яны і там памятаюць і славяць родны край!

    А вось той, хто без году тыдзень пражыў за мяжой і ўжо тысячу разоў паспеў адрачыся ад сваіх каранёў, нічога, акрамя шкадавання, у мяне не выклікае. Ці робіць наяўнасць у горадзе, дзе ты зараз жывеш, Вялікага тэатра ці стадыёна тэатралам ці спартсменам? Зразумела, не. Гэтак жа, як твой фотаздымак на фоне Эйфелевай вежы ці Біг Бэна, не робіць цябе ні французам, ні брытанцам… Аднак некаторыя людзі гэтага не разумеюць.

    Шкада, але ўсё больш беларусаў у пагоні за “сіняй” птушкай забываюцца пра свае карані: едуць за мяжу ў надзеі на лепшае жыццё і адракаюцца ад месца, дзе нарадзіліся, дзе засталіся іх бацькі. У некага, можа, і атрымаецца нечага дасягнуць там, у невядомай краіне мар і надзей, але не ва ўсіх. Многія, на шчасце, паспяваюць апамятацца, вярнуцца. А колькі тых, чые сляды згубіліся ў невядомасці?.. Памятаеце прыказку: “Дзе родны край, там і рай”?

    Так, я ганаруся простымі і шчырымі людзьмі, якія не шукаюць лепшай долі за мяжой, а сэрцам адданыя роднай зямлі. Любая праца ў імя Беларусі – ганаровая і пачэсная.

    Ніхто не кажа, што будзе лёгка. Лёгкага хлеба не бывае. Усе гэта ведаюць, аднак ці разумеюць? Ведаю маладых спецыялістаў, якія атрымалі накіраванні пасля вучобы ў вёску. Для іх, пасля забаў вялікага горада, адсутнасць “экшана” і “дзвіжухі” ў сельскай мясцовасці прымаюцца як смяротны прысуд. Яны не працуюць ад душы – яны проста адбываюць свае два гады. І не ўсе пачынаюць разумець, што жыццё – не вечнае свята і што на свой “хлеб” трэба добра папрацаваць.

    Мо таму і вяртаюцца яны пасля адпрацоўкі ў горад. Бо тут, па іх разуменню, і працаваць трэба менш, і кватэра са зручнасцямі, ды і гарады – гэта ж культурныя і забаўляльныя цэнтры: тэатры, кіно, рэстараны, дыскатэкі.

    Хаця ўсё зусім не так. Звычайны працоўны дзень у Мінску выглядае прыкладна так: пад’ём на працу ў пяць, дзве гадзіны на дарогу на аўтобусе, метро і тралейбусе, восем гадзін на працы, зноў дзве гадзіны на дарогу дадому, а там трэба прыгатаваць вячэру, сняданак. Здаецца, трэба б у кіно схадзіць, аднак ужо позна, ды і стаміўся, а ўставаць заўтра рана… Ай, можа, заўтра! А заўтра тое ж, што і ўчора. Пра якія забавы і гульні тут можна гаварыць?

    У горадзе прасцей весці сябе непрыстойна і груба, а потым – шасць у сваю норку, дзверы закрыў і ты “ў доміку”. А на вёсцы так не атрымаецца, бо тут усё і ўсе навідавоку. Што ні зрабі, што ні скажы – усе ведаць будуць. Асабліва калі ты прыезджы. Гасцям тут увогуле трэба трымаць “марку”, бо менавіта па іх будуць судзіць аб іх земляках. І ўжо згодна з гэтым меркаваннем будуць прымаць у сваё зладжанае вясковае жыццё, дзе кожны ведае і мае сваё месца, або “зачыняць дзверы перад носам”.

    З вялікай радасцю сустракаю я тых маладых людзей, якія ўсё ж зразумелі, што і на вёсцы жыццё віруе, што і тут працаваць можна з радасцю і жыць з задавальненнем. І я з такім жа задавальненнем бачу, як умее працаваць беларус – на зямлі, з зямлёй і дзеля зямлі. Дзеля не толькі свайго дабрабыту, але і развіцця ўсёй нашай краіны.

    Зараз час вялікіх перасяленняў і змешвання ўсіх нацый і рас. Нікога ўжо не здзіўляюць негры ці кітайцы на вуліцах нашых гарадоў. А пра братоў з былога вялікага і магутнага Савецкага Саюза – украінцаў, рускіх, літоўцаў, палякаў і іншых – і гаварыць няма чаго. Дарэчы, у мяне ёсць знаёмыя чачэнец і армянін, якія нарадзіліся ўжо ў Беларусі і кожны перапіс насельніцтва ў графе нацыянальнасць пішуць “беларус”. Яны паважаюць беларускую культуру, ведаюць беларускія традыцыі і прытрымліваюцца іх. І размаўляюць яны на мове маіх продкаў значна лепш, чым многія этнічныя беларусы. Відаць, меў рацыю Скарына, калі сказаў: “Чалавек, дзе нарадзіўся і ўзрошчаны, да таго месца вялікую ласку мае…”

    Вось такімі беларусамі я таксама ганаруся!

    --------------------------------

    Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

    Автор: Антон МальшэўскіАстравецкая праўда

Комментарии (0)