27 Апреля, 2024 Суббота

Восеньскі кірмаш у Глыбокім

  • 30 сентября 2015 Общество Беларуская 0

    Нічым не ўступаў у гэтым плане і восеньскі кірмаш, які адбыўся ў мінулую нядзелю. Здавалася б, надвор’е ніякае: дождж, макрата – куды тут да прыўзнятага настрою, да шпацыру ўздоўж гандлёвых радоў. Ды не! Сябры даражэнькія, і на сёлетнім восеньскім кірмашы ўсяго ставала: музыкі, песень звонкіх, жартаў, заклікаў бойкіх, фарбаў яркіх, пахучага водару шашлыкоў і рознай іншай смакаты. Галоўнае, тавару было многа, усяго, чаго душа пажадае. Тут і зерне, бульба, гародніна розная, садавіна, саджанцы, кветкі, мёд, рыба, мяса і мясныя вырабы, мучныя таксама… Карацей, сапраўднае кірмашовае раздолле. Святочнае рэха далёка разносілася, праслаўляючы працавітых людзей нашай глыбоцкай зямлі.

    --Працаўнікоў сяла на моц і стойкасць, на прафесіяналізм заўсёды надвор’е выпрабоўвае, — адзначаў у сваім прывітальным звароце да ўсіх, хто завітаў на кірмаш, старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат. – Нават і сёння, рэалізуючы прадукцыю, ім даводзіцца ўлічваць пагодныя ўмовы.

    Сёлетні год выдаўся не самым спрыяльным для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Тым не менш, хлебаробы Глыбоччыны сабралі больш за 74 тысячы тон зерня. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў за ўсю гісторыю раёна. Ураджайнасць склала 34,6 цэнтнера з гектара. Слаўна папрацавалі калектывы сельгасарганізацый, фермеры, гаспадары на сваіх прысядзібных участках. І сёння яны прывезлі вырашчаную прадукцыю для гараджан.

    Алег Віктаравіч падкрэсліў, што ў нашым краі шмат выдатных гаспадароў. Ён падзякаваў ім за самаадданую працу і пажадаў усім на кірмашы добрага настрою і ўдалых пакупак.

    А ўзнімалі настрой, стваралі цёплую атмасферу на глыбоцкім кірмашы ўсе яго арганізатары. Прэч адганялі дажджлівую маркоту лепшыя самадзейныя артысты раёна, удзельнікі тэатралізаванай праграмы “Як на нашым кірмашы – страў усялякіх для душы”. Радавалі багатыя, прыгожыя, з густам, з творчай выдумкай аформленыя гандлёвыя пляцоўкі раённага спажывецкага таварыства і  прадпрыемстваў горада, індывідуальных прадпрымальнікаў. Ля палатак камбікормавага завода выстройваліся чэргі – заўсёды вялікі попыт на іх прадукцыю, асабліва на мясныя вырабы і паўфабрыкаты. Кіраваўся народ кірмашовы і да месца, дзе праводзіўся гульнявы атракцыён “Шчаслівы выпадак”. Каму ж не хацелася выйграць добры прыз, скажам, цяля, курыцу альбо тону арганікі ці воз дроў… Прывабна глядзеліся гандлёвыя пляцоўкі і сельскіх устаноў адукацыі. Педагагічныя работнікі зарэкамендавалі сябе не толькі дбайнымі гаспадарамі, але і артыстамі, здатнымі, вясёлымі кірмашовымі гандлярамі. Шырока, з размахам гандлявалі вырашчанай прадукцыяй, гасцінна сустракалі і частавалі цёплым чаем на падворку Глыбоцкага дзяржпрафліцэя. Іх кірмашовыя заклікі накшталт “Не спяшайся – падыдзі, прыцаніся, паглядзі” ці “Калі добры гаспадар – купляй у нас тавар!” прыкоўвалі ўвагу многіх.

    Ці не сама маляўніча на кірмашы выглядалі сельсавецкія тэматычныя падворкі. Вельмі ўжо спеўна было на падворку “Падсвільскі світанак” (артыстаў выдатных шмат у гарпасёлку). Зрэшты, усюды гасціннасць, можна сказаць, лілася цераз край.

    Кожны, хто на кірмаш прыйшоў, прыехаў, каб запасціся сельгаспрадукцыяй, кіраваўся туды, дзе гандлёвы рад утваралі вялікагрузныя аўтамабілі сельгасарганізацый раёна. Мяса, зерне, бульба, морква, капуста, яблыкі – усё, вобразна кажучы, рэалізоўвалася з калёс. Ішоў бойкі гандаль ля аўтафургона фермера С. Кавалёнка.  І многія, не зважаючы на дождж, скарыстоўвалі такі выдатны шанц набыць якасны тавар. Тым больш,  і што асабліва важна для людзей пажылых, аказваліся транспартна-пагрузачныя паслугі. Былі выдзелены аўтамабілі КУПБА “Навінка”, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райкінавідэасеткі, ЖКГ і Глыбоцкага доследнага лясгаса.

    Досыць арганічна ў шматколерную кірмашовую палітру ўпісваліся разнастайныя акцыі. Так, маладзёжныя актывісты, сябры раённай арганізацыі ГА “БРСМ” праводзілі акцыю “Наш год – наш выбар”. Яны віталі кірмашоўцаў і частавалі іх “маладзільнымі яблыкамі”. А работнікі раённага вузла паштовай сувязі разам з супрацоўнікамі рэдакцыі нашай газеты арганізоўвалі падпіску з уручэннем прызоў і падарункаў.

    Што датычыцца конкурсу на лепшы кірмашовы падворак, то, вердыкт журы такі: першае месца прысуджана Азярэцка-Узрэцкаму кірмашоваму падворку, другое – Удзелаўскаму, трэцяе – Пліскаму. Адзначаны лепшымі ў намінацыях: “Паспяховы дэбют” – УП ЖКГ, “Вітамінныя прысмакі” — Карабоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа, “За ўвасабленне жаночага шчасця” — Залескі сельсавет, “Восеньскі ўраджай” – Глыбоцкі дзяржпрафліцэй, “Карысная гародніна” – Суклінская дзіцячы сад-сярэдняя школа, “Шчодры гаспадар” – камбікормавы завод, “Глыбоцкія прысмакі” – Глыбоцкае РайСТ, “Райскі сад” – ІП І. Карпач, “Восеньскае асарці” – ІП А. Галавін.

    Кірмаш – не толькі гандлёвыя рады, палаткі, падворкі. Гэта яшчэ і выдатнае месца для сяброўскіх, прыяцельскіх, дзелавых сустрэч. Не стаў выключэннем і сёлетні. У самай гушчыні кірмашовых падзей можна было ўбачыць ці не ўсіх  кіраўнікоў раённых службаў, дырэктараў прадпрыемстваў, сельгасарганізацый і ўстаноў. Размовы пра ўсё самае надзённае ажыўлена вяліся і пад парасонамі. Некаторыя настроем кірмашовым падзяліліся і з намі.

    І. Корж, дырэктар ААТ “Верхняе”:

    --Утаргавалі нядрэнна, папярэднія падлікі радуюць. І дождж нам тут не стаў перашкодай. Выдатна разыходзіліся зерне, мясная прадукцыя.

    В. Сапрончык, фермер:

    --Вялікі попыт сёння на яблыкі, вось бульба чамусьці не ідзе.

    В. Корбан, намеснік дырэктара ААТ “Канстанцінаў Двор”:

    --Кірмаш удаўся. І гэта радуе. Асабліва добра ішло ў продаж зерне, мяса, а вось бульбу не вельмі куплялі.

    Р. Высоцкі, пенсіянер:

    --Дождж навяваў сумненне: адбудзецца кірмаш ці не. Вагаўся ісці ці не ісці… А прыйшоў і здзівіўся, які размах, колькі ўсяго. І так усё цудоўна арганізавана.

    Малайцы арганізатары. Дзякуй за падоранае свята ў дажджлівы дзень.

    Алена Канстанцінаўна, глыбачанка:

    --Нам, пакупнікам, дождж не перашкаджае. Прыйшоў пад парасонам, купіў, што трэба, песні паслухаў. А вось тым, хто гандлюе, арганізоўвае кірмаш, цяжкавата ў такое надвор’е. Ім — нашы словы ўдзячнасці і павагі.

    Усе намаганні арганізатараў восеньскага кірмашу ў Глыбокім скіроўваліся на тое, каб для пакупнікоў ставала разнастайнай прадукцыі, каб кожны, хто прыйшоў на Цэнтральную плошчу горада, змог і тавар патрэбны купіць і змястоўна адпачыць. А дожджык, дык ён для вастрыні светаадчування, для адрэналіну. Дарэчы, пра здароўе, пра тое, што кожнаму з нас трэба клапаціцца пра свой фізічны стан нагадвалі на кірмашы медыцынскія работнікі УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ”. У аўтамабілі “хуткай медыцынскай дапамогі” можна было вымераць артэрыяльны ціск, зрабіць экспрэс-аналіз на ўтрыманне ў крыві цукру. Каля сотні глыбачан скарысталі такую магчымасць.

    Вось такое яно, наша, глыбоцкае кірмашовае раздолле, прыемнае і радаснае ў любое надвор’е.

    Автор: Анатоль ЗінкевічВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)