02 Мая, 2024 Четверг

Школьныя будні - разам і назаўжды!..

  • 05 октября 2015 Общество Беларуская 0

    «Весь гонар настаўніка – у вучнях, у росце пасеянага ім насення...» – дадзенай думкі прытрымліваўся вялікі рускі вучоны-энцыклапедыст Дзмітрый Мендзялееў. І з гэтымі мудрымі, асноватворнымі ў педагагічнай практыцы словамі, на ўсе сто адсоткаў згодная і Наталля  Георгіеўна Крыцкая – педагог СШ №1 з вялікім стажам працы, які шчыра і самааддана любіць свой родны прадмет, хімію, і сваю прафесію.

    Зусім нядаўна настаўнікаў з усіх куткоў нашай краіны віншавалі ўдзячныя вучні і іх бацькі. І ўсе ў чарговы раз умацаваліся ў думцы: педагог – гэта гучыць горда!

    – Вядома, галоўная заслуга настаўніка – у дасягненнях дзяцей, – разважае Н.Г.Крыцкая. – Гэта вялікая радасць, бо ў вучня мы ўкладваем душу, веды, сілы, час.

    Яна з непрыхаванай цеплынёй успамінае свае школьныя гады і свайго брэсцкага настаўніка Веру Іванаўну Іванову.

    Аднолькава паспяхова і лёгка Наталлі Георгіеўне пакараліся «і фізіка, і лірыка». Таму і школу дзяўчына скончыла з залатым медалём. Але любоў і павага да настаўніка хіміі прадвызначылі лёс Н.Г.Крыцкай.

    Удзячная Наталля Георгіеўна і калектыву СШ №1, у які яна ўлілася ў далёкім 1994-м годзе. Тагачасны дырэктар навучальнай установы Мікалай Іванавіч Шумік, завуч Валянціна Рыгораўна Вакульчык навучалі маладога спецыяліста педагагічным асновам. І зараз Н.Г.Крыцкая ўспамінае, што гэта быў нават не калектыў, а адна вялікая сям’я аднадумцаў.

    Ці не пашкадавала яна пра выбар прафесіі?

    – Ведаеце, калі задаюся пытаннем, кім магла быць, акрамя як педагогам, то не знаходжу іншых варыянтаў. Разумею, што ў другіх прафесіях не змагла б сябе настолькі праявіць, – пераканана гераіня гэтага матэрыялу. – Хоць і падабалася матэматыка, але я б дакладна не стала бухгалтарам, паколькі не хацелася б ўсё жыццё займацца сумнымі падлікамі. Так, мне блізкая прафесія ўрача, бо гэта праца з людзьмі. Але чым добрая прафесія настаўніка? Тым, што ты пастаянна знаходзішся з дзецьмі. І вучачы – вучышся сам. Яны даюць зарад энергіі. І калі я сустракаю калег-пенсіянераў – не здзіўляюся, чаму яны добра выглядаюць, бадзёрыя і аптымістычныя. Таму што ўсё жыццё прапрацавалі разам з дзецьмі! А гэта добрая энергетычная падсілкоўка. З дзецьмі не засумуеш!

    Наталля Георгіеўна лічыць, што пакаленне школьнікаў «дзевяностых» гадоў і цяперашняе – асабліва не адрозніваюцца. І тады, і цяпер дзеці былі розныя: шкодныя, здольныя, творчыя. Проста змяніўся час, і адпаведна, школьнікі.

    – Існуе меркаванне, маўляў, дзеці становяцца горшымі, лянуюцца. Але гэта няпраўда! – кажа педагог. Усе пакаленні школьнікаў матываваныя на дасягненне якога-небудзь выніку. Яны імкнуцца атрымаць Дыплом на алімпіядах, паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне, што дазволіць паступіць у прэстыжную ВНУ. Вядома, зараз у хлопчыкаў і дзяўчынак больш спакусаў. І перш за ўсё бацькам і педагогам трэба мець мудрасць, каб хоць часткова засцерагчы дзяцей ад іх, навесці на правільную думку.

    – Вы строгі педагог? – цікаўлюся ў Наталлі Георгіеўны.

    На твары маёй суразмоўніцы з’яўляецца прамяністая ўсмешка. «Напэўна, пра гэта лепш у дзяцей спытаць!» – гаворыць выкладчык.

    Яна прызнаецца, што ў сваёй паўсядзённай практыцы не трывае фамільярнасці. Але пры гэтым на кантакт з вучнямі ідзе з задавальненнем. Можа на ўроку дазволіць і пажартаваць.

    – У мяне ёсць свае дзеці. Старэйшая дачка – студэнтка ўніверсітэта, малодшая – шасцікласніца. І я адчуваю настрой вучняў. Разумею, у кожнага з іх могуць быць розныя прычыны быць гарэзнымі ці сумнымі. Таму нельга абысціся без індывідуальнага падыходу да кожнага. Ёсць тыя, якія любяць хімію, алімпіяднікі – з іх адзін попыт, а ёсць і такія, у каго ад прыроды няма хімічнай, матэматычнай логікі. І трэба ўлічваць здольнасці і інтарэсы кожнага. Але, прапрацаваўшы больш за 20 гадоў, я ўпэўнена: толькі патрабавальны настаўнік можа даць веды, з якімі дзіця будзе крочыць далей па жыцці і вырасце дастойным грамадзянінам сваёй краіны.

    Прафесію настаўніка цяпер звычайна асацыіруюць з невялікай зарплатай. Але Н.Г.Крыцкая лічыць: з гэтым не варта суадносіць працу. Яна анарыцца тым, што яе вучні атрымалі моцныя веды і цяпер працягваюць прафесійна расці ў прэстыжных універсітэтах Беларусі і за мяжой. Многія дзякуюць свайму выкладчыку за тое, што на першых курсах яны даволі лёгка авалодалі хіміяй, таму што ў школе была закладзена добрая база.

    Дарэчы, апошнія дзесяць гадоў вучні Наталлі Георгіеўны займаюць прызавыя месцы на раённых алімпіядах, ёсць у іх скарбонцы і Дыпломы, пахвальныя лісты з абласных спаборніцтваў па хіміі.

    – Алімпіядны рух – гэта праца з адоранымі дзецьмі. І галоўнае не ўпусціць іх, падштурхнуць да заваявання новых вышынь і рубяжоў, – разважае Н.Г.Крыцкая.

    Вялікія надзеі цяпер яна ўскладае на дзесяцікласніка Дзяніса Салаўя, які ў мінулым годзе стаў пераможцам раённай алімпіяды і годна выступіў на абласным этапе. Старанне хлопца з часам можа выліцца ў добры вынік.

    Праца настаўніка хіміі не засталася незаўважанай. У гэтым годзе партрэт Наталлі Георгіеўны можна ўбачыць на раённай Дошцы Гонару, да чаго выкладчык ставіцца спакойна. Аднак пры гэтым заўважае:

    – Калі я з’яўляюся ўвасабленнем усяго настаўніцтва раёна – гэта прыемна. Нарэшце сталі адзначаць сярод лепшых арганізацый і ўстаноў і прадстаўнікоў школы. Безумоўна, добра, калі тваю працу ўбачылі, але галоўнае – каб працу педагогаў паважалі і шанавалі вучні, бацькі і калегі...

    Аляксей НАУМАВЕЦ

    Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

     

    Автор: Аляксей НаумавецДрагічынскі веснік

Комментарии (0)