19 Апреля, 2024 Пятница

Слава і гонар вам, хлебаробы!

  • 05 октября 2015 Общество Беларуская 0

    У мінулую суботу Талачын — адзін са старажытных гарадоў Віцебшчыны — вітаў удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла Віцебскай вобласці “Дажынкі-2015”.

    З самага ранку свяціла яркімі промнямі сонца, ствараючы людзям бадзёры настрой. Дэлегацыі раёнаў і гарадоў прыбывалі ў вызначаны час, каб дастойна прадставіць на свяце свой рэгіён. Сярод іншых прыняла ўдзел у абласным форуме і дэлегацыя аграрыеў нашага раёна на чале з кіраўніком рэгіёну Мікалаем Ірынархавічам Баговічам.

    Праграма святочных урачыстасцей пачалася са зводнага маршу духавых аркестраў і барабаншчыц вобласці. Затым старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў прыняў удзел у адкрыцці шматлікіх аб’ектаў, якія здадзены ў эксплуатацыю для патрэб жыхароў і гасцей Талачына. Да “Дажынкаў” тут добраўпарадкавалі гарадскі сквер, на ім з’явіліся фантан “Каханачка” з рознакаляровай начной падсветкай, дзіцячая пляцоўка, алеі маладажонаў і Ганаровых грамадзян Талачыншчыны. Пабудавана новая бібліятэка, адрамантаваны Цэнтр культуры, здадзена ў эксплуатацыю аддзяленне гемадыялізу ў райбальніцы.

    А палове дванаццатай гадзіны выстраенай калонай па цэнтральнай гарадской вуліцы Леніна пад гукі духавых аркестраў і барабанны дробат рушылі дэлегацыі гарадоў і раёнаў Віцебшчыны да галоўнай канцэртнай пляцоўкі. Прыгожа і велічна крочылі шаркаўчане. У пачатку калоны дзяўчаты і хлопцы, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, неслі герб і сцяг нашага раёна, за імі рухаўся духавы аркестр навучэнцаў Віцебскага музычнага каледжа, калектыў барабаншчыц з СШ № 2 гарпасёлка. У складзе афіцыйнай дэлегацыі, якая крочыла за музыкантамі, былі старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч, старшыня райсавета дэпутатаў У. С. Шпец, намеснікі старшыні райвыканкама Д. М. Ламака і Ю. А. Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплеку Л. І. Зубовіч, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і перадавікі сельгасвытворчасці — героі ўборачнай кампаніі 2015 года.

    У 12 гадзін на галоўнай фестывальнай пляцоўцы ўсіх прысутных вітаў старшыня Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарстнёў.

    — Атрымаўшы добрыя вынікі, аграрыі Віцебшчыны пераадолелі псіхалагічны бар’ер, зламалі стэрэатыпы і ўпэніліся ў тым, што і ў нашых умовах можна атрымліваць высокія ўраджаі, — сказаў губернатар. Таксама ён адзначыў, што сёлетні валавы збор збожжа стаў лепшым за апошнія сорак год і склаў 1 мільён 440 тысяч тон. Упершыню Віцебшчына атрымала права прадаць за межы краіны 100 тысяч тон зерня новага ўраджаю. А гэта, па словах Мікалая Мікалаевіча, дадатковыя валютныя сродкі, якія будуць накіраваныя на развіццё сельскагаспадарчай галіны вобласці.

    Свой дастойны ўклад у агульны абласны каравай унеслі і хлебаробы Шаркаўшчынскага раёна, якія пры сярэдняй ураджайнасці зерневых культур 33 цэнтнеры з гектара адправілі ў дзяржаўныя засекі больш пяцідзесяці шасці тысяч тон збожжа.

    Старшыня аблвыканкама ўзнагародзіў пераможцаў сёлетняга жніва. Прыемна, што на высокім узроўні была адзначана і работа аграрыяў ААТ “Даватарскі” нашага раёна. Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў уручыў дырэктару сельгаспрадпрыемства Сяргею Валянцінавічу Струю сертыфікат на набыццё новага энерганасычанага трактара МТЗ-3522, які сярод іншай сельскагаспадарчай тэхнікі быў выстаўлены на пляцоўку каля цэнтральнай плошчы. Узнагароду, а менавіта Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, атрымаў на сцэне адзін з лепшых аграрыяў Шаркаўшчынскага раёна — галоўны аграном ААТ “Ельня-Агра” Пётр Віктаравіч Протас. Дадаткова з рук старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Івана Канстанцінавіча Вазміцеля Сяргей Струй і Пётр Протас атрымалі сертыфікаты на набыццё веласіпедаў.

    — Той, хто хоча ўбачыць сапраўдную Беларусь, павінен пабываць у такіх невялікіх гарадах, як Талачын, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. — Менавіта тут захаваліся спрадвечныя традыцыі, жывуць мудрыя і працалюбівыя людзі.

    Пасля цырымоніі ўзнагароджвання для хлебаробаў выступілі лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы вобласці, краіны.

    У цэнтральным гарадскім скверы размяшчаліся тэматычныя пляцоўкі брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці. Самадзейныя артысты Шаркаўшчынскага раёна прадставілі на суд гледачоў тэатралізаваную пастаноўку “Яблычны водар”, у якой распавядалася пра нашага знакамітага земляка, садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікору і пра свята “Яблычны фэст”, што ладзіцца на яго малой радзіме кожны год у канцы жніўня. На “Шаркаўшчынскім падворку” госці свята каштавалі з густам прыгатаваныя стравы ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання стараверскай кухні, гульні і абрадаў “Стараверскія страпухі” Більдзюжскага СДК, слухалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў Германавіцкага ЦК і НТ, набывалі сувенірныя вырабы майстроў раённага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара аграгарадка Германавічы.

    Як і кожны год, у свяце “Дажынак” удзельнічае і Шаркаўшчынскі кансервавы завод. Сёлета яго работнікі прывезлі на фестываль вялікі асартымент харчовай прадукцыі на любы густ. Гандаль, які бойка ішоў на працягу суботы і нядзелі, дазволіў нашым кааператарам атрымаць адну з самых высокіх грашовых выручак сярод райспажыўтаварыстваў іншых раёнаў — больш шасцідзесяці пяці мільёнаў рублёў. Гэта атрымалася дзякуючы і якаснаму тавару, і ветліваму абслугоўванню прадаўцоў, і музычна-песеннаму суправаджэнню, за якое адказвалі работнікі Лужкаўскага СДК.

    На фестывалі ўпраўленнем спорту і турызму аблвыканкама праводзіліся першыя абласныя спаборніцтвы па барацьбе “Асілак сяла”, удзел у якіх прымалі работнікі дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і фермеры. Спецыяльным прызам у намінацыі “За лепшую тэхніку” узнагароджаны наш зямляк, вадзіцель ААТ “Ельня-Агра” Іван Пажарскі.

    Любы, хто ў той дзень завітаў у фестывальны Талачын, змог адчуць святочную атмасферу, цікава і з густам правесці свой выхадны дзень. На ўсіх цэнтральных пляцоўках горада праводзіліся самыя разнастайныя мерапрыемствы: для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця — турніры па футболе, валейболе, настольным тэнісе, для тых, хто любіць неверагодныя відовішчы, супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС дэманстравалі майстэрства і спрыт пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, а тыя, хто хацеў на велісіпедзе праехаць па “лініі перашкод”, маглі гэта зрабіць на гульнявой пляцоўцы ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Хто не баіцца вышыні і экстрымальных палётаў на верталёце, з ахвотай узляталі на вінтакрылай машыне ў неба над горадам.

    Мноства людзей з цікавасцю наведалі кандытарскую выставу “Каравай-2015”, на якой прадставілі выпечку і шаркаўшчынскія кандытары.

    Вечаровае сонца павольна хавала свае промні за небасхіл, але музыка і песні яшчэ доўга гучалі на прасторных вуліцах і скверах Талачына. У 19 гадзін на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы сваё музычнае мастацтва дарылі гледачам фіналісты маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны для любімай краіны” і прафесійныя выканаўцы. Завяршылася свята залпамі яркіх салютаў. Прыгожы і гасцінны Талачын развітаўся са святам і перадаў эстафету гораду Сянно, дзе роўна праз год пройдзе чарговы фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла Віцебскай вобласці “Дажынкі-2016”.

    Сяргей РАЙЧОНАК.

    Автор: Сяргей РайчонакКліч Радзімы

Комментарии (0)