04 Мая, 2024 Суббота

Калі прапаў чалавек… на дапамогу прыходзіць «Анёл»

  • 08 октября 2015 Общество Беларуская 0

    Анёл… Напэўна, гэтае слова ў большасці атаясамліваецца з нечым светлым, добрым, тым, што прыносіць надзею. Таму не дзіва, што першы пошукава-выратавальны атрад у Беларусі атрымаў менавіта такую назву. За тры гады дзейнасці да «Анёла» з просьбай дапамагчы ў пошуках звярнуліся каля дзвюх з паловай тысяч чалавек. Многія валанцёры ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі, а камандзіру Сяргею Коўгану міністр унутраных спраў у 2013 годзе ўручыў медаль «За садзейнічанне».

    — Ідэя стварыць валанцёрскі атрад узнікла, калі аднойчы па тэлебачанні пачуў: адна жанчына просіць дапамагчы адшукаць яе знаёмага, які заблукаў у лесе, — расказвае Сяргей. — Мяне тады здзівіла, што адгукнуліся толькі я і мой сябар. Вось тады і падумаў: магчыма, людзі і хочуць дапамагчы, але не ведаюць, як гэта зрабіць. Таму ў чэрвені 2012 года пачаў дзейнічаць валанцёрскі атрад «Анёл». Стварылі групы ў сацыяльных сетках, куды далучалася ўсё больш і больш валанцёраў. А праз два дні паступіла першая заява на пошук дзяўчыны.

    Далей размову працягвае Юлія Коўган, інфармацыйны адміністратар і каардынатар валанцёраў.

    — Атраду былі патрэбны адміністратары ў сацыяльных сетках — я і стала «анёлам». Пішу лістоўкі, каардыную дзейнасць валанцёраў, удзельнічаю ў пошукавых мерапрыемствах, — дзеліцца Юлія. — «Анёлам» можа стаць кожны ахвотны. Праўда, далучыцца да пошукаў у лесе — толькі паўналетні валанцёр. У розных сацыяльных сетках даём арыенціроўкі: дзе, калі збіраемся, колькі чалавек патрэбна і гэтак далей. Часам «Анёл» праводзіць рэспубліканскія вучэнні па пошуку прапаўшых у лесе. Валанцёраў вучаць, як карыстацца компасам, перадаваць паведамленні па радыёсувязі, як правільна аказваць першую медыцынскую дапамогу і шмат чаму іншаму, што неабходна ведаць пошукавіку. Але гэта — мінімум, якога, як паказвае практыка, у некаторых выпадках можа быць недастаткова. І членам атрада, і знойдзеным людзям, і іх сем’ям патрэбна псіхалагічная рэабілітацыя. Таму ў атрадзе ёсць свой псіхолаг Кацярына Іванова. Яна дапамагае «разгрузіцца» пасля складаных пошукаў, раіць, як лепш размаўляць з роднымі тых, хто прапаў.

    — Юлія, вы атрымалі паведамленне: прапаў чалавек. Вашы дзеянні?

    — Інфармацыю можна пакінуць на нашым сайце (angel-search.by). Зразумела, што мы супрацоўнічаем з міліцыяй. Адразу ж правяраем, і калі пацвярджаецца, што чалавек лічыцца прапаўшым, пачынаем працу. На сёння ў нас каля 100 пастаянных валанцёраў. Да пошукаў далучаюцца і новыя людзі. У лясныя масівы выязджаюць ад 10 да 30 чалавек. У выхадныя дні, зразумела, добраахвотнікаў больш. Але нават калі ахвотныя дапамагчы размесцяць інфармацыю пра чалавека, якога шукаюць, на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы альбо нават на машыне ці расклеяць лістоўкі — гэта ўжо велізарная дапамога. І, ведаеце, гэта так цудоўна, калі потым на лістоўцы пазначана вялікімі чырвонымі літарамі — «Знойдзены!».

    — Што патрэбна для пошуку?

    — У лесе — навігацыя, радыёсувязь, сістэмы апавяшчэння, якія падаюць моцны гукавы сігнал на працягу доўгага часу і дапамагаюць зарыентавацца тым, хто заблукаў. Нядаўна мы пачалі супрацоўнічаць з клубам дайвінгу «Капітан Морган». Напрыклад, для правядзення пошукавых мерапрыемстваў каля вадаёмаў ці непасрэдна на вадзе неабходна маторная лодка, якой, на жаль, у нас пакуль няма. А для бяспечнай працы валанцёраў на вадзе — надзіманыя камізэлькі. Мы не камерцыйная арганізацыя, таму сродкаў на набыццё тэхнічных прыстасаванняў часам не хапае. Удзельнічаем у розных конкурсах, акцыях, сацыяльных праектах, а выйгрышы ідуць на набыццё тэхнікі. Нешта валанцёры купляюць і за ўласныя сродкі.

    — Парайце, як дзейнічаць, калі прапаў чалавек?

    — Патэлефанаваць у бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУУС Мінгарвыканкама (8 017 390 01 99 або 390 02 81). Туды паступае ўся інфармацыя з моргаў, бальніц і пра дарожна-транспартныя здарэнні. Пасля неадкладна падаць заяву ў міліцыю. Не трэба чакаць трох сутак, каб распачаць пошук, як лічаць некаторыя. А затым можна звярнуцца ў наш атрад, каб мы дапамаглі з пошукам (+375 33 666 68 56).

    Автор: Юлія БУКЕЛЬЗвязда

Комментарии (0)