– Наша дзяржава робіць усё для таго, каб пажылыя людзі жылі камфортна, не адчувалі адзіноты, – падкрэсліў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А.К. Зімнавода. – Тры гады таму адкрылася гэтае аддзяленне, і вось завершаны работы па рэканструкцыі адміністрацыйнага будынка. Сёння мы сталі сведкамі яго ўрачыстага адкрыцця. У вобласці дзейнічаюць 14 дамоў-інтэрнатаў для пажылых людзей і 10 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, дзе пражываюць 313 чалавек.
Анатоль Казіміравіч пажадаў пажылым людзям здароўя, бадзёрасці і падзякаваў работнікам аддзялення за клапатлівыя адносіны да сваіх падапечных. Намеснік старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк ад імя раённага выканаўчага камітэта, прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і сябе асабіста выказала шчырую падзяку пажылым людзям за іх ранейшую самаадданую працу на карысць Радзімы і раёна. Падзякавала Ганна Станіславаўна таксама ўсім, хто дапамог увесці ў строй сацыяльны аб’ект, у тым ліку і шчучынскім будаўнікам.
Дырэктар філіяла “Шчучынская МПМК -166” ААТ “Гроднааблсельбуд” А.І. Васілеўскі па добрай традыцыі будаўнікоў перадаў сімвалічны ключ ад адноўленага будынка дырэктару ТЦСАН С.У. Шанчук і загадчыцы аддзялення Н.У. Хох і пажадаў, каб тут камфортна жылося і працавалася.
Цёпла павіншавалі насельнікаў аддзялення начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.П. Новік, галоўны рэдактар раённай газеты “Дзянніца”, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Т.В. Ступакевіч, дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук, старшыня Астрынскага сельвыканкама Г.Ю. Бекіш, першы сакратар РК БРСМ А.С. Богдзель. Прыгожыя вершаваныя радкі адрасавалі пажылым людзям у сувязі з іх восеньскім святам валанцёры атрада “Продвижение” Астрынскай СШ. А падораныя бабулям маляўнічыя паштоўкі, зробленыя рукамі школьнікаў, стануць прыемным напамінам пра гэты дзень.
Між іншым, валанцёрскі атрад Астрынскай школы адзін з лепшых у рэспубліцы. Юных валанцёраў і іх кіраўніка Ю.Р. Скарынка павіншавала Г.С. Хвядзюк і ўручыла рабятам валанцёрскія кніжкі. Дарэчы, госці прыехалі не з пустымі рукамі, падарункі былі і салодкія – цэлы кошык цукерак, і для душы – карціна, сувенірныя нумары газет і кнігі паэтаў Шчучыншчыны, і для камфорту – дыванкі. Трэба падкрэсліць, што фінансавую дапамогу аддзяленню для набыцця мэблі, бытавой тэхнікі і медабсталявання аказала міжнароднае дабрачыннае аб’яднанне “Сафія” і гуманітарныя валанцёры Геры і Керы Джон.
Прыгожыя і душэўныя словы знаходзілі для насельнікаў аддзялення і гасцей вядучыя мерапрыемства – загадчыцы аддзяленняў дзённага і кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян А.Р. Шпакоўская і Н.У. Хох. А цудоўным падарункам для ўсіх стала канцэртная праграма, якую падрыхтаваў творчы калектыў Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці.
А пасля адбылася экскурсія па адноўленым будынку. У пакоях і кабінетах – новая мэбля, прыгожа і ўтульна. Усё зроблена, каб адзінокім людзям сталага веку, а іх цяпер у аддзяленні 22 чалавекі, жылося яшчэ больш камфортна.
* * *У Дзень пажылых людзей прадстаўнікі працоўных калектываў многіх прадпрыемстваў і ўстаноў наведалі сваіх ветэранаў, павіншавалі са святам, сказалі ім цёплыя словы падзякі за іх нястомную працу, уручылі сувеніры. У многіх арганізацыях прайшлі ўрачыстыя сходы, на якіх ушанавалі ветэранаў працы. Прыгожа павіншавалі са святам сваіх падапечных і супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Цікавыя мерапрыемствы падрыхтавалі да гэтага дня работнікі ўстаноў культуры. Бібліятэкары правялі валанцёр-кампаніі, падчас якіх наведалі і павіншавалі ветэранаў працы, а работнікі Дамоў культуры і клубаў ладзілі для іх вечары-сустрэчы і гасцёўні. Ды і самі ветэраны ў гэты дзень паказалі, на што яны здольныя. Напрыклад, хор ветэранаў працы раённага Дома культуры пад кіраўніцтвам Г.А. Панова прыняў удзел у канцэрце пад назвай “Няхай будзе цёплай восень жыцця”.
Прыемны сюрпрыз падрыхтавалі для пенсіянераў і работнікі Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства. 1 кастрычніка ў магазінах тавары можна было набыць са зніжкамі пры прадстаўленні пенсійнага пасведчання.

Комментарии (0)