20 Апреля, 2024 Суббота

Лепшага аратага выбралі на Случчыне

  • 22 октября 2015 Общество Беларуская 0

    Сямнаццаць механізатараў змагаліся за званне лепшага аратага раёна. На трактарах «Беларус-3022» з плугам ППО-8-40 ім неабходна было заараць участак плошчай 0,30 гектара.

    Мікалай Валянцінавіч Лешчанка з ААТ «Падлессе-2003» працуе ў сельгасарганізацыі восем гадоў. Майстар, як кажуць, на ўсе рукі: сее, арэ глебу, косіць і іншае.

    – У нас добры калектыў, падтрымліваем адзін аднаго. Падчас конкурсу галоўнае – паказаць якасць работы, таксама ўдасканалім сваё майстэрства, – адзначыў Мікалай Валянцінавіч. – Дома дачка Ульянка і жонка Марыя хвалююцца за мяне.

    Механізатар сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Пётр Віктаравіч Корзун быў настроены на конкурс па-баявому, багаты вопыт работы дае свой плён: штогод падчас адказных сельскагаспадарчых кампаній ён у ліку лідараў.

    – Тэхніка – спраўная, напярэдадні конкурсу крыху папрактыкаваўся, калегі далі шэраг парад, – расказваў Андрэй Канстанцінавіч Казляк з ААТ «Казловічы-Агра».

    Майстар вытворчага навучання сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Міхаіл Станіслававіч Лазюк адзначыў, што раённы конкурс распрацаваны на аснове абласных рэкамендацый. Глыбіня ўзворвання, шырыня захвата плуга, заглубленне і выглубленне плуга і іншыя пазіцыі ўлічвалі члены судзейскай камісіі. Дарэчы, навучэнцы ліцэя пастаянна прымаюць удзел у конкурсах аратых, якія праходзяць сярод адпаведных устаноў адукацы, займаюць прызавыя месцы. У дзень правядзення конкурсу ліцэісты таксама прысутнічалі на палетках, напярэдадні дапамагалі рабіць разметку.

    Падчас урачыстага адкрыцця першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Людміла Анатольеўна Янук пажадалі поспехаў удзельнікам спаборніцтва. Калектыў аматарскай творчасці Лучнікоўскага цэнтра культуры падрыхтаваў для механізатараў канцэртную праграму.

    Пасля жараб’ёўкі механізатары паехалі на адведзеныя ім участкі. Пад нумарам адзін – механізатар сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» Вячаслаў Уладзіміравіч Волат. Ён працуе ў сельгасарганізацыі больш за 30 гадоў, з іх 15 гадоў – механізатарам. 

    – Як настрой? Нацэлены на перамогу? – спытала ў яго.

    – Цудоўны настрой. Толькі першы, – адказаў Вячаслаў Уладзіміравіч, паказваючы на нумар адзін на рукаве.

    Ацэньвалі работу аратых лінейныя суддзі з ліку галоўных аграномаў і інжынераў сельгасарганізацый раёна, а таксама спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Слуцкага райвыканкама, цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення, супрацоўнікі ўстановы адукацыі «Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй».

     Па выніках конкурсу лепшым аратым Слуцкага раёна прызнаны механізатар сельскагаспадарчага філіяла «Агра-Замосце» ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» Вячаслаў Уладзіміравіч Волат. На другім месцы – механізатар Генадзій Аляксеевіч Пыжык (ААТ «Вітка-Агра»), на трэцім – Яўгеній Віктаравіч Дамарад (філіял «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат»). Пераможцы атрымалі дыпломы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя прэміі.

    Самы малады ўдзельнік конкурсу – Сяргей Іванавіч Палячок (філіял «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат»), а самы вопытны – Міхаіл Яўгенавіч Жогла (СВК «Аграфірма «Лучнікі»). Міхаіл Яўгенавіч за добрасумленную працу ў сельскага-спадарчай вытворчасці, механізатарскае майстэрства і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна па выніках работы ў 2013 годзе адзначаны прызам імя Герояў Сацыялістычнай Працы механізатараў Аркадзія Пракопавіча Вашкевіча і Івана Лявонцьевіча Сінягуба. Добрыя вынікі падчас конкурсу таксама прадэманстравалі Аляксандр Мікалаевіч Гусеў (ААТ «Слуцкая Ніва»), Вадзім Іванавіч Яўстратаў (РСУП  «Саўгас «Слуцк») і іншыя.   

    Усе ўдзельнікі спаборніцтва заахвочаны падарункамі. Вячаслаў Уладзіміравіч Волат будзе прадстаўляць Слуцкі раён на абласным конкурсе.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКА.Слуцкий край

Комментарии (0)