20 Апреля, 2024 Суббота

З прызыўнікоў — у навабранцы: рэпартаж з ваенкамата

  • 26 октября 2015 Общество Беларуская 0

    Карэспандэнты «Звязды» правялі дзень у адным з ваенкаматаў сталіцы і паназіралі за тым, праз што праходзяць юнакі, каб стаць у армейскія шэрагі краіны.

    На гадзінніку — дзевяць раніцы. Мы стаім у калідоры ваенкамата Заводскага раёна сталіцы. Шматлюдна. Некаторыя прызыўнікі ўжо схаваліся за першымі дзвярыма (іх сёння давядзецца адчыніць нямала). Іншыя «зашыліся» ў сваіх смартфонах. Астатнія ж, змагаючыся з няспынным пазяханнем, пераадольваюць ранішнюю дрымоту.

    Мы напружана чакаем нашай чаргі і, пакуль ёсць час, знаёмімся. Уладзіславу Фралову — 21 год. Жыве ў Чыжоўцы. У армію павінен быў пайсці яшчэ вясной. Але перад самай адпраўкай зламаў нагу. Як толькі паправіўся, у ваенкамат прыйшоў сам.

    Мне — чакай не чакай — павестка не прыйдзе ніколі. Хоць, безумоўна, пры вялікім жаданні ў армію могуць трапіць і дзяўчаты. Пакуль — толькі цікаўнасць. Напрасіўшыся да Уладзіслава ў кампанію, мы адчыняем з ім першыя дзверы. Каб не ўганяць у фарбу прызыўніка і не ставіць у тупік членаў камісіі, я надзяваю шапку-невідзімку — дакладней, уяўляю, што гэта так.

    Асабістая справа — візітоўка прызыўніка

    — Не баіцеся? — пытаюся ў юнака, перш чым зайсці.

    — Няма чаго баяцца. Праз гэта павінен прайсці кожны, — з упэўненасцю кажа той.

    І гэта не можа не радаваць. Многім юнакам сёння апрануцца б папрыгажэй, папырскаць чуб лакам для валасоў і пайсці на шпацыр, а не на пляц, як толькі развіднее. Апусціць нос у свой планшэт або смартфон — гэта ж цікавей, чым аўтамат Калашнікава! Або як жа ім прызвычаіцца да рэжымнага сну і харчавання, калі ўзялі ў моду спаць да абеду і адчыняць лядоўню, як толькі забуркоча ў жываце?

    Начальнік аддзела прызыву на воінскую службу Сяргей Сіроткін уручае Уладу асабістую справу. З ёй ён зараз пойдзе па іншых кабінетах. А пакуль у гэтую кардонную папку трэба пакласці апошні дакумент — даведку аб правапарушэннях (ці аб іх адсутнасці). Яе хлопцу выдалі ў раённым РАУС. Без гэтага ніяк! Прадстаўнікі вайсковых часцей павінны ведаць калі не ўсё, дык хаця б большасць пра сваіх салдат. Не дарма кажуць: папярэджаны — узброены.

    У ваенкамат — па салдат

    Сёння ў ваенкамат завіталі прадстаўнікі 127-й брыгады сувязі, якая дыслакуецца ў Баранавічах. Учора тут былі аўтамабілісты, пазаўчора — танкісты, пагранічнікі, артылерысты… Адным словам, па сваіх салдат падчас прызыўной кампаніі ў ваенкаматы прыязджаюць афіцэры з самых розных злучэнняў і воінскіх часцей краіны.

    — Можна ўвайсці? — пытаецца Улад, стукаючы ў дзверы.

    — Калі ласка!

    Намеснік камандзіра 127-й брыгады сувязі па ідэалагічнай рабоце Сяргей Сабінскі і псіхолаг Алена Палішчук, якія не першы год удзельнічаюць у мерапрыемствах прызыву, прапануюць нам прысесці. Улад сядае насупраць. Я прытойваюся на свабодным крэсле ля акна. Пасля таго, як юнак запоўніў анкету прызыўніка, вайскоўцы пачынаюць засыпаць яго пытаннямі.

    — Спіртнымі напоямі злоўжываеце? — цікавіцца маёр.

    — Не.

    — Ці прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці?

    — Аднойчы. Атрымаў штраф за безбілетны праезд.

    — Страты прытомнасці былі? — уступіла ў дыялог псіхолаг.

    — Былі.

    — Колькі татуіровак на целе?

    — Адна.

    — Суіцыдальныя намеры?

    — Не заўважаў.

    — У вас былі праблемы ў школе, на працы? Магчыма, нездавальняючыя адзнакі, пропускі? — пытае Сяргей Сабінскі.

    — Нездавальняючыя адзнакі, вядома, былі. Па няўважлівых прычынах не прапускаў. У асноўным адсутнічаў па хваробе, — апраўдваецца Улад.

    — Служыць жадаеце?

    — Так!

    — У брыгадзе сувязі?

    — Так.

    — У горадзе Баранавічы або па месцы жыхарства? — удакладняе маёр.

    — Лепш па месцы жыхарства, але можна і ў горадзе Баранавічы.

    Яшчэ некалькі пытанняў — і гутарка прадстаўнікоў воінскай часці з прызыўніком заканчваецца. Выходзім з кабінета.

    Імкнуцца ісці насустрач

    Пакуль Улад пераварвае інфармацыю, я ціхенька вяртаюся ў кабінет. Папрасіўшы прабачэння, пытаюся, наколькі вялікія шанцы ў юнака трапіць у 127-ю брыгаду сувязі. Вялікія! Аказалася, што Улад Фралоў скончыў курсы радыётэлеграфіста ў ДТСААФе. Ведае азбуку Морзэ, іншыя спосабы знакавага кадзіравання. Чым не спецыяліст?

    — А ўвогуле на якія крытэрыі падчас адбору прызыўнікоў у першую чаргу звяртаеце ўвагу?

    — Асаблівую ўвагу мы звяртаем на тых асоб, якія маюць адносіны да ўжывання наркотыкаў, — гаворыць Сяргей Сабінскі. — Нават калі хоць аднойчы гэтая акалічнасць высвятлілася дакументальна, такога прызыўніка мы будзем вывучаць дадаткова. Гэта тычыцца і тых, у каго была або ёсць судзімасць, хто стаіць на ўліку ў міліцыі або затрымліваўся праваахоўнымі органамі два і больш разоў на год.

    — Гэта тое, чаго быць не павінна. А якія якасці або навыкі пажаданыя для будучых сувязістаў?

    — У першую чаргу юнак павінен быць здаровым, — падкрэслівае маёр. — Вітаецца, калі сярэдні бал атэстата — вышэй за сем. Пажаданыя добрыя адзнакі па матэматыцы і фізіцы. Брыгада сувязі — спецыфічны род войскаў, дзе неабходная галава. Разумная галава. Увесь час трэба думаць, працаваць на тэхніцы сувязі. На жаль, у апошні час прызыўнікі прыходзяць да нас з сярэднім балам атэстата 5—6. У любым выпадку мы вывучаем іх асабістыя справы, знаёмімся пры сустрэчы.

    — Вітаецца, калі маладыя людзі прыходзяць да нас з дыпломам БДУІРа або Беларускага дзяржаўнага каледжа сувязі (цяпер акадэміі), — дадае псіхолаг.

    У сваю чаргу, пытаюся ў Алены Аляксандраўны, чаму яе цікавіла тое, колькі ў прызыўніка татуіровак. Як гэта звязана з будучай службай?

    — Гэта адна з нашых методык, дзякуючы якой мы можам даведацца аб некаторых уласцівасцях характару прызыўніка, яго ладзе жыцця, захапленнях, — тлумачыць старшы лейтэнант.

    — Ці шмат сярод сённяшніх прызыўнікоў сямейных? І ці ідзяце насустрач у сітуацыях, калі яны просяць адправіць служыць бліжэй да дому?

    — Такіх няшмат: як правіла, з прызыву 1—2, — расказвае псіхолаг. — Безумоўна, імкнёмся ісці насустрач. Акрамя таго, бліжэй да дому пакідаем і тых, у каго бацькі — інваліды або ёсць толькі маці, якой неабходна дапамога. Дарэчы, усё больш і тых, хто спрабаваў наркотыкі: часцей спайсы. Раней такога не было. Хітрымі становяцца: знаходзяць любыя спосабы, каб ухіліцца ад воінскай службы. Істотна пагоршыўся і стан здароўя прызыўнікоў.

    Здаровы!

    Заходзім у кабінет да тэрапеўта.

    — Вас нешта турбуе? Нагрузкі добра пераносіце? — пытае ўрач і схіляецца над асабістай справай прызыўніка.

    — Не турбуе. Пераношу, — адказвае Фралоў.

    Тут больш красамоўныя — дакументы. Медыцынскую камісію юнак прайшоў яшчэ ў жніўні. Усе неабходныя даведкі, вынікі з абследаванняў — у папцы. Нешта доўга вывучаючы і паралельна запісваючы ў свой журнал, доктар перагаворваецца з медсястрой лічбамі і асобнымі тэрмінамі. Толькі яны ведаюць, пойдзе юнак у армію або не. Папярэдні вердыкт — па стане здароўя прыдатны.

    Улад з палёгкай уздыхае (ён не з тых, хто радуецца любому дыягназу, абы пазбегнуць воінскага абавязку) і выходзіць за дзверы. Я застаюся.

    Ва ўрачоў — свая Біблія

    — Заключэнне аб прыдатнасці да воінскай службы мы выносім на падставе вынікаў медыцынскіх абследаванняў і кансультацый, — тлумачыць старшыня медыцынскай камісіі па аглядзе асоб прызыўнога ўзросту, урач-тэрапеўт Аляксандр Маразевіч.

    Камісія створана на базе 21-й гарадской паліклінікі. У яе складзе працуе 8 урачоў. Перш, чым атрымаць канчатковы вердыкт, прызыўнік павінен прайсці хірурга, тэрапеўта, неўролага, оталарынголага, афтальмолага, стаматолага, дэрматавенеролага і псіхіятра. Канчатковае рашэнне — прыдатны юнак ці не для воінскай службы па стане здароўя — прымае Аляксандр Міхайлавіч. Галоўнае, чым ён кіруецца, — гэта пастанова Міністэрства абароны ад 20 снежня 2010 года. «Наша Біблія», як называюць яго ўрачы.

    — На што ў асноўным хварэе сённяшняя моладзь? — цікаўлюся ў старшага ўрача.

    — Тэндэнцыі ўсё тыя ж. Яны цалкам адлюстроўваюць стан здароўя ўсяго грамадства. У моладзі назіраецца тое ж, што і ў дарослага насельніцтва: сардэчна-сасудзістыя захворванні, скаліёзы, прыроджаныя дэфекты рознага роду, захворванні суставаў, скуры, алергіі. Адным словам, здароўе юнакоў жадае лепшага.

    — Прычым некаторыя з іх умудраюцца самі ствараць сабе «дыягназы». Вас складана падмануць?

    — Я не рэнтген, але здагадацца магу, — гаворыць Аляксандр Маразевіч. — У такіх выпадках унутрана ўсміхаюся і прытрымліваюся сваёй лініі. Бывае, што і рукі, і ногі ламаюць, і галавой аб сценку б’юцца, каб не пайсці ў армію. Але гэта — адзінкавыя выпадкі.

    У такіх сітуацыях урачы пачынаюць сумнявацца, ці ўсё нармальна ў прызыўніка з псіхічным здароўем. Самы раз завітаць на прыём да псіхіятра.

    Псіхіятра не падманеш

    Да псіхіятра заходжу адна. Улад прайшоў урача яшчэ раней. У гэтым кабінеце, напэўна, як ні ў якім іншым, старонніх быць не павінна. Усё проста: не кожны будзе шчыры з урачом пры трэціх асобах. Не настойвае і спецыяліст — нават для прэсы. Медыцынскую этыку яшчэ ніхто не адмяняў!

    — Гэта даволі інтымная працэдура, — кажа ўрач-псіхіятр Наталля Нікіціна. — Я вывучаю асабістую справу прызыўніка, пытаюся, ці ёсць скаргі на псіхічнае здароўе, задаю ўдакладняльныя пытанні. Як вы разумееце, пытанні могуць быць не самыя прыемныя. Таксама даведваюся, дзе працуе, чым займаецца — гэтыя звесткі многае могуць сказаць пра чалавека.

    Вядома, ацаніць псіхічнае здароўе прызыўніка за некалькі хвілін немагчыма. Дапамагаюць спісы з падлеткавых дыспансераў, дзе юнакі стаяць на ўліку, даведкі ад нарколага, з Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера. Каб інфармацыя была найбольш аб’ектыўнай, могуць запрошвацца дадатковыя матэрыялы.

    — На аснове ўсяго гэтага і робіцца заключэнне, а то ці мала што мне можа здацца, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Але, як правіла, вопыт дапамагае. Калі ў чалавека — псіхоз, то яму складана схаваць свае дзіўныя паводзіны. Каб дыягнаставаць неўратычнае парушэнне, абапіраючыся на розныя заключэнні, грунтуюся на скаргах прызыўніка.

    У армію —марш!

    Ва Улада са здароўем усё ў парадку. Прайшоўшы ўсіх урачоў і атрымаўшы медыцынскае заключэнне ў старшыні медкамісіі, ён аддае асабістую справу ваеннаму камісару. Неўзабаве яна апынецца ў руках прадстаўнікоў воінскай часці, дзе юнак будзе праходзіць службу. Улад з усмешкай выходзіць з кабінета. Ён — прыдатны!

    — Як адчуванні? — пытаюся ў заўтрашняга вайскоўца.

    — Супер! — прызнаецца юнак. — А па-іншаму і быць не магло! Кожны сапраўдны мужчына павінен адслужыць у арміі — гэта абавязак перад Радзімай.

    Пажадаўшы ўсяго добрага тым, хто яшчэ чакае важнага рашэння ў калідоры ваенкамата, хлопец набліжаецца да выхаду. Наперадзе — адказная місія. Таму трэба збіраць неабходныя рэчы, ладзіць провады з роднымі і сябрамі і маральна настройвацца на новы жыццёвы этап даўжынёй у паўтара года.

    Я зычу яму поспехаў і таксама выходжу з ваенкамата. У мяне свая місія: расказаць чытачам, як прызыўнік становіцца навабранцам.

    Автор: Вераніка КАНЮТАЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)