25 Мая, 2018 Пятница

Срэбра з залатым адлівам нашых уладароў сяла

  • 28 октября 2015 Общество Беларуская 0

    Галоўны прыз рэспубліканскага этапа сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які праводзіўся 22—23 кастрычніка ў агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак« Каробчыцы» Гродзенскага раёна, адправіўся ў Александрыю Шклоўскага раёна. Менавіта там плануецца правядзенне рэспубліканскага фінала ў наступным годзе. А нашай маладой сям'ёй Рамановічаў па ўсеагульным прызнанні заваявана срэбра з залатым адлівам. І на дадзены момант Рамановічы сталі сапраўдным прыкладам для маладых сем'яў Віцебшчыны.

    Што ж гэта за сям’я? Пражываюць яны ў аграгарадку Радзюкі і вядуць вялікую хатнюю гаспадарку. На іх падворку гадуюцца бык, 3 свіней, авечка, 15 трусоў, больш за 40 курэй і гусей, сабака і 2 кошкі, а яшчэ ў акварыуме ў іх плаваюць дэкаратыўныя рыбкі. Сям'я апрацоўвае 50 сотак зямлі. Для гэтых мэтаў у іх ёсць невялікі трактарок. На іх падворку высаджана каля 70 ягадных кустоў і з дзясятак пладовых дрэў.

    Гаспадар сямейства Аляксандр працуе электраманцёрам у раённых электрычных сецях. Яго хобі — тэхніка і хатняя гаспадарка. Саша вельмі працавіты, надзейны і адказны чалавек. Яго захопленасці і творчаму падыходу пры вядзенні хатняй гаспадаркі можна проста пазайздросціць. А бачылі б вы, як ён па-майстэрску сек дровы на рэспубліканскім конкурсе, апярэдзіўшы сваіх сапернікаў амаль на цэлую хвіліну, што прынесла 1-е месца іх сям'і ў конкурсе «Распілоўка і рубка дроў». Саша ўвайшоў у лідары і ў конкурсе «Драўляных спраў майстар», уразіў сваім уменнем абыходзіцца з канём у конкурсе «Святочны воз». І гэта далёка не ўсе яго добрыя якасці!

    Вольга да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала юрысконсультам ў КУВСП імя Маркава. Сваім абаяннем, аптымізмам, душэўнай усмешкай яна ачароўвае ўсіх. Вольга — сапраўдная беларусачка. З камп’ютарам яна на «ты», на сцэне — сапраўдная артыстка, у кулінарных справах — майстрыха. Ну нездарма ж журы аддало ёй пальму першынства ў конкурсе «Да зімы гатовыя» і ўключыла ў лідары «Выставы сямейных дасягненняў». Не ведаю як каня на скаку спыніць, але распрэгчы яго яна сапраўды можа, што паспяхова і прадэманстравала ў «Каробчыцах». А яшчэ, калі трэба, яна і дровы мужу пілаваць і скласці дапаможа, і нават у спартыўнай эстафеце каму хочаш канкурэнцыю складзе!

    Дачка Каця ў мінулым годзе на абласным «Уладары сяла» ў Полацку, калі ёй было чатыры гадкі, толькі шырока адкрытымі вачыма глядзела на тое, што адбываецца вакол. Зараз жа ў цэнтральным Гродзенскім маладзёжным Цэнтры яна была каралевай сцэны, сваімі прыпеўкамі і песнямі не аднойчы зрывала заслужаныя апладысменты гледачоў. А як яна змагалася ў спартыўнай эстафеце, на апошніх секундах літаральна вырваўшы перамогу для сваёй сям'і.

    Малодшай Ані ўсяго толькі тры гадкі. І гэта мамчын хвосцік і ўсеагульная любіміца. Яе таленты мы яшчэ ацэнім ў будучыні.

    У групу падтрымкі Рамановічаў ўваходзілі таксама бацькі Сашы і сям'я яго роднай сястры Ірыны. Толькі Ірына змагла выканаць адказнае заданне па падрыхтоўцы цэнтральнай стравы выставачнага стала, якой стаў марынавана-запечаны прыгажун-гусак. Іра выдатна дапамагла маладой сям'і і ў Каробчыцах. У гэты час яе муж Валера замяняў жонку дома і ўсе функцыі па хатняй гаспадарцы ўзяў на сябе. Іх сын Аляксей, пляменнік Сашы, адпрасіўся з заняткаў у Пастаўскім каледжы і на час паездкі Рамановічаў на фінал рэспубліканскага конкурсу адказваў за ўсю вялікую гаспадарку ў Радзюках. Вось гэта сапраўды надзейны тыл.

    Наогул, за поспех Рамановічаў змагалася цэлая каманда. Пэўны ўклад унеслі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яўген Ліпскі дапамагаў здымаць відэаролік для конкурсу, удасканальваў тэхніку выразання драўляных вырабаў у Аляксандра. Справа рук Яўгена і дэкаратыўны плот з лазы на выставачным падворку. Іван Русецкі быў музычным акампаніятарам, а цяпер падрыхтаваў відэафільм пра тыя баталіі, які можна паглядзець на сайце раённай газеты. Людміла Сухоўская дапамагала ў харэаграфічнай падрыхтоўцы для візіткі. Нават кіроўца аўтобуса Леанід Хайноўскі не застаўся абыякавы, а дапамагаў загружаць і выгружаць набіты рэквізітамі аўтобус.

    Першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Юлія Протас падчас падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага этапа «Уладара сяла» пераканаўча даказала, што яна сапраўды маладзёжны лідар. На яе плечы лягла значная частка падрыхтоўкі праграмы выступлення нашай сям'і ў візітцы «Мая сям'я — мая крэпасць!» і ў абароне «Выставы дасягненняў сямейнай гаспадаркі». Чатыры выхадныя дні рэпетыцый у сядзібе Рамановічаў і столькі ж на базе Радзюкоўского Дома культуры, мноства тэлефонных званкоў і інтэрнэт-паведамленняў спатрэбілася для падрыхтоўкі да конкурсу. Відэаролік аб нашай маладой сям'і таксама шмат у чым заслуга Юліі. Зрабіць каментарыі да фільма дапамог і абласны камітэт БРСМ.

    Відавочна, варта падзякаваць і тых, хто падтрымалі Рамановічаў і галасавалі за іх на інтэрнэт-парталах!

    Матэрыяльную падтрымку ўдзелу ў фінале рэспубліканскага конкурсу вобласць усклала на наш раён. І без дапамогі старшыні райвыканкама Мікалая Ірынархавіча Баговіча многія пытанні матэрыяльнай падтрымкі ўдзелу ў фінале праекта проста не змаглі б вырашыцца.

    Варта адзначыць, што кіраўніцтва КУВСП імя Маркава хай з затрымкай, але ўсё ж уручыла Рамановічам “жывы” прыз і прэмію за перамогу ў унутрыкалектыўным і раённым конкурсах, а кіраўніцтва РЭС аказала ім матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы да фінальнай часткі праекта. Гэтыя сродкі плюс грашовы прыз аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама за лепшы фільм пра маладую сям'ю Шаркаўшчынскага раёна і яшчэ прыкладна столькі ж асабістых сямейных укладанняў пайшлі на афармленне выставы-прэзентацыі прадметаў сямейнай творчасці, на якой чаго толькі не было. На кулінарны выставачны стол трапілі вэнджанае малочнае парася, марынавана-запечаны гусак, фаршаваныя шчупакі і яшчэ больш за 20 розных страў. Госці выставы цікавіліся пчаліным вуллем, 20-кілаграмовымі гарбузамі, старадаўнімі прадметамі побыту, саматканымі дыванамі і палавічкамі, Вользінымі палотнамі з вышыўкай, дыпломамі і сертыфікатамі сямейных дасягненняў, аформленай фотагазетай, дрэвам радаводу  маладой сям'і і многім іншым. І, вядома ж, было вельмі прыемна, што ўся гэтая праца і клопат, бяссонныя ночы пры падрыхтоўцы, яркія феерычныя выступленні нашых землякоў практычна на ўсіх конкурсах «Уладара сяла» былі па вартасці ацэнены журы і спонсарамі гэтага праекта. У скарбонцы ўзнагарод шаркаўшчынскай сям'і апынуліся грашовая прэмія, маразільная камера, тэлевізар, веласіпед і электрасушылка.

    Саша, Вольга, Каця і Аня Рамановічы дзякуюць усім, хто аказваў ім падтрымку, перажываў за іх у час унутрыкалектыўнага, раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў «Уладара сяла».

    А мы жадаем нашым “уладарам сяла” заставацца менавіта такімі — ш999анаваць сям'ю, сваю гісторыю і любіць свой родны Шаркаўшчынскі край.

    І. ІВАНОЎ,

    намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    Автор: Ігар ІваноўКліч Радзімы

Комментарии (0)