26 Апреля, 2024 Пятница

Аперацыя «Эвакуацыя»

  • 02 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Часам здаецца, што прыпаркаваныя легкавыя аўтамабілі ў апошні час літаральна акупіравалі горад. Ставяць іх кіроўцы нярэдка абы-як, адгаворваючыся недахопам месцаў ці нежаданнем плаціць за паркоўку. Праўда, не зважаюць яны на тое, што іншыя праз гэта церпяць нязручнасці ці ўвогуле рызыкуюць жыццём. Паспрабуйце, напрыклад, своечасова заўважыць школьніка, які выходзіць на «зебру» з-за прыпаркаванага ўпрытык да яе пазадарожніка.

    Менавіта таму ў ДАІ вырашылі ўзяць пад асобны кантроль кіроўцаў, якія паркуюць свой транспарт не па правілах. У рэйды пастаянна адпраўляюцца эвакуатары, асабліва ў цёмны час сутак, калі бачнасць на дарогах яшчэ больш звужаецца.

    «Спрут» на вуліцах сталіцы

    Наш вечаровы маршрут пачынаецца ад штрафстаянкі ДАІ Цэнтральнага раёна. Па дарозе здзіўляюся, як кіроўца габарытнага эвакуатара ўпэўнена праязджае праз вузенькія запаркаваныя двухпалосныя вулачкі ў спальным раёне.

    — Насамрэч, я на эвакуатары працую не так даўно, каля двух месяцаў. А раней даводзілася вадзіць і большыя аўто, — усміхаецца Дзмітрый.

    Пакруціўшыся па вузкіх вулічках колішняй Татарскай слабады, знаходзім першую «ахвяру». Наўпрост на тратуары вуліцы Гвардзейскай прыпаркаваны белы пазадарожнік «Аўдзі».

    — Будзем эвакуяваць, — гаворыць інспектар ДПС Цэнтральнага раёна Мінска лейтэнант міліцыі Артур Міхалевіч. — Але, вядома ж, спярша паглядзім, што там ды як.

    Перш чым кіроўца эвакуатара прыладжвае на колы аўто магутныя таўшчэзныя лапы, інспектар заглядае ўнутр машыны. Там не павінна быць ні людзей, ні хатніх жывёл. Потым у ход ідзе фотакамера смартфона: гэта патрэбна для таго, каб засведчыць сам факт няправільнай паркоўкі. Пакуль Дзмітрый чапляе аўто за колы, інспектар хуценька афармляе пратакол. Панятымі становяцца выпадковы мінак і аўтар гэтых радкоў. Але подпісы ставяцца толькі пасля таго, як мы пацвердзілі, што ў аўтамабіля знешніх пашкоджанняў няма.

    — Быў у маёй практыцы неяк адзін спрэчны момант, — каментуе Артур Міхалевіч. — Аўто эвакуявалі, усе пашкоджанні перад гэтым былі апісаны. Праз пару гадзін прыходзіць на штрафную стаянку жанчына і кажа, што аднаго пашкоджання ў аўтамабіля не было. Выклікалі следча-аператыўную групу. Апыталі яе і высветлілася, што такія праблемы з аўто ўзніклі яшчэ да нас.

    Малыя, якія ішлі па вуліцы ў гэты час, разявілі рот — не кожны дзень, пэўна, даводзіцца бачыць, як гіганцкі «спрут» уздымае ў неба транспарт… І тут жа адпраўляемся на штрафстаянку. Інспектар у гэты час перадае дзяжурнаму звесткі аб марцы і дзяржаўным нумары аўтамабіля. Зараз там будуць высвятляць асобу парушальніка і вышукваць яго, каб запрасіць па «ластаўку» на штрафстаянку…

    Але адбываецца так не заўжды. Напрыклад, аўто масай, большай за 3 з паловай тоны (скажам, грузавік), на эвакуатар пагрузіць немагчыма. Пры такім раскладзе на колы ставяцца блакіратары, якія самому не зняць.

    — Дзесьці ў палове выпадкаў бывае так, што, як толькі сабраліся грузіць аўтамабіль на эвакуатар, з’яўляецца яго ўладальнік. А здараецца, што кіроўца спазняецца літаральна на некалькі хвілін, перш чым яго «ластаўку» забяруць на штрафстаянку. Вось за гадзіну да таго, як сустрэліся з вамі, выязджалі ў раён развязкі на другім кальцы, адкуль вярнуліся з «уловам». Нешта падказвае, што гаспадар гэтай машыны ўжо на месцы.

    Кіроўца эвакуатара роўненька ставіць белую «Аўдзі» на паркоўцы. Між іншым, месцы для «санкцыйных» аўто тут пазначаны спецыяльнай чырвонай рыскай. А мы накіроўваемся ў памяшканне вартаўніка, дзе і сустракаемся з гаспадаром машыны, аб якой Артур Міхалевіч казаў пяць хвілін таму…

    — У нас у офісным цэнтры машыны стаяць у два рады, — гаворыць А. — Месцаў не было, таму паставіў так, што іншыя кіроўцы не маглі выехаць. Спусціўся, бо спрацавала сігналізацыя. Але не паспеў — аўто ўжо адвезлі сюды. Машыну ваджу даўно, больш за дзесяць гадоў. І вось сёння «пракалоўся» ўпершыню. Гэта колькі з мяне?

    — 180 тысяч за няправільную паркоўку (паколькі гэта першае парушэнне), 430 тысяч за паслугі эвакуатара і 60 тысяч за знаходжанне на штрафстаянцы. Тарыф за першыя суткі пачынае дзейнічаць адразу пасля таго, як мы сюды прывезлі аўтамабіль. Трымайце квітанцыю…

    «Хочацца, каб усе кіроўцы пакідалі на лабавым шкле кантактны нумар»

    Выклікі эвакуатара адразу па двух наступных адрасах — па абодва бакі праспекта Пераможцаў у раёне станцыі метро «Няміга» — аказаліся няспраўджанымі, нягледзячы на моцна запаркаваныя двары. Пэўна, за той час, калі мы адвозілі першага «парушальніка» праз паўраёна, кіроўцы або з’ехалі, або пераставілі свае аўтамабілі па правілах дарожнага руху. Але «хлебных» мясцінак у інспектараў назапашана шмат. І таму мы кіруемся да сталічнай гімназіі №24: паступіла паведамленне, што непадалёк ад яе на зялёнай зоне хтосьці прыпаркаваў аўто.

    А прыехаўшы туды, убачылі: адразу два аўтамабілі пастаўлены на тратуары так, што перагароджваюць вольны доступ да пешаходнай сцяжынкі. Праўда, эвакуатар адразу «парачку» забраць з сабой не можа… Як толькі Saab, да якога тэхніцы было падабрацца лягчэй, узнімаецца над тратуарам, Інтэрнацыянальную вуліцу агалошвае гучны віскат сігналізацыі. «Цікава, ці вернемся сюды яшчэ раз?» — гаворыць інспектар. Не давялося — праз лічаныя хвіліны з рэстарана праз дарогу выбягае кіроўца другога аўтамабіля. Дзявацца няма куды: «жалезны конь» відавочна стаіць не па правілах, побач з ім — інспектар, які ўжо зняў на камеру факт парушэння. І яшчэ адна важная акалічнасць: літаральна ззаду пачынаецца велізарная платная паркоўка на плошчы Свабоды… Так вось і атрымаўся займальны парадокс: кіроўца хацеў сэканоміць на стаянцы, а ў выніку яго аштрафавалі на большую суму.

    За час афармлення дакументаў гаспадар Saab так і не з’явіўся, нягледзячы на гучны роў сігналізацыі. Што ж, як кажуць, сам вінаваты: цяпер яму давядзецца даплаціць і за штрафстаянку.

    — Ну вось ніяк не хоча прыжывацца ў нашым менталітэце ўстаноўка, што лепш заплаціць за паркоўку, чым перашкаджаць іншым з перспектывай выкласці грошы на штраф, — гаворыць Артур Міхалевіч, пакуль мы імчымся пад акампанемент сігналізацыі па праспекце Пераможцаў. — І ў першым выпадку, калі мы забіралі «Аўдзі», да вялікай стаянкі па вуліцы Ціміразева прайсці па дварах літаральна некалькі хвілін. А яшчэ было б вельмі добра, каб існавала норма, якая рэгламентавала, што кіроўца аўтамабіля мусіць абавязкова пакідаць свой кантактны нумар, напрыклад, на лабавым шкле. Глядзіш, і канфліктныя сітуацыі вырашаліся б хутчэй. Прынцып гуманізму ж ніхто не адмяняў.

    За адну змену экіпаж эвакуатара знаходзіць звычайна 5-6 няправільна прыпаркаваных аўтамабіляў. Прыкладна палова з гэтага «ўлову» трапляецца ў нерат эвакуатара дзякуючы неабыякавым жыхарам. Самы ўраджайны час — увечары, калі ўсе прыязджаюць дадому, і раніцай, калі паркуюць аўто каля працы.

    — А яшчэ даводзіцца «чысціць» выезды для аўтамабіляў экстранных служб. Вось не так даўно быў у мяне выезд непадалёк адсюль, да цэнтра «Маці і дзіця». Нам паведамілі, што чыёсьці аўто прыпаркавана так, што карэта «хуткай» не можа выехаць з гаража! За лічаныя хвіліны мы праблему ліквідавалі. 

    Автор: Валяр’ян ШКЛЕННІКЗвязда

Комментарии (0)