26 Апреля, 2024 Пятница

На Случчыне падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшую кампазіцыю з саломы

  • 02 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Падчас агляду-конкурсу сельскагаспадарчыя арганізацыі сумесна з работнікамі сельскіх дамоў культуры, клубаў стваралі з цюкоў саломы кампазіцыі. Трынаццаць гаспадарак раёна прынялі ўдзел у конкурсе. Кожная з іх пастаралася, каб іх кампазіцыя была самай прыгожай, маляўнічай. А для гэтага іх упрыгожвалі, напрыклад, рознакаляровымі стужкамі, кветкамі, у нацыянальнае адзенне ўбіралі саламяных дзеда з бабаю.

    На палетках СВК «Аграфірма «Лучнікі» «працавалі» саламяныя камбайн і трактар, у філіяле «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» – незвычайны трактар «Леткавец-1», гасцінна запрашалі ў філіял Мікола з Алесяю ў рамонкавым вянку. У сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» нават млын з цюкоў змайстравалі. У ААТ «Вітка-Агра», «Казловічы-Агра», «Падлессе-2003» «пасяліліся» мядзведзі, некаторыя нават з мёдам і пчоламі. Больш за іншых кампазіцый зрабілі работнікі ААТ «Казловічы-Агра».

    Пры вызначэнні пераможцаў конкурсная камісія ўлічвала арыгінальнасць, эстэтычнасць, выкарыстанне беларускага каларыту ў афармленні. Першае месца – у ААТ «Казловічы-Агра»(дырэктар Сяргей Уладзіміравч Пенязь), другое – у РСУП «Саўгас «Слуцк» (дырэктар Аляксей Сяргеевіч Родзік), трэцяе – ААТ «Вітка-Агра» (дырэктар Дзмітрый Дзям’янавіч Чырэц).

    Сельгасарганізацыі-пераможцы будуць адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу для паляпшэння быту работнікаў на вытворчых аб’ектах.

    Прапануем вашай увазе некаторыя конкурсныя работы.

    На жаль, азмрочылі настрой тыя, у каго «свярбелі» рукі.  Творчы праект работнікаў РСУП «Саўгас «Слуцк» – маляўнічыя саламяныя вусень, карова, паравоз, баба з дзедам уздоўж дарогі – не адвесці позірк. На жаль, іх разабралі вельмі хутка невядомыя асобы. Сфатаграфаваць гэту прыгажосць не паспелі. А ў ПСГ мясакамбіната позна вечарам нехта наогул падпаліў Міколу з Алесяй. Няўжо не сорамна? Паважаныя землякі, давайце шанаваць працу іншых людзей, іх намаганні зрабіць родную Случчыну яшчэ больш прыгожай.

    Автор: Ірына КаваленкаСлуцкий край

Комментарии (0)