27 Апреля, 2024 Суббота

На першым месцы інтарэсы пацыентаў

  • 05 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    На гэтым тыдні раён наведаў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Іванавіч Жарко. Ён правёў прыём грамадзян, а таксама пабываў ва Ушацкай раённай бальніцы, дзе наведаў дзіцячае, тэрапеўтычнае, хірургічнае аддзяленні, пагутарыў з пацыентамі, пацікавіўся у маладых спецыялістаў умовамі іх працы. Васіль Іванавіч добра памятае, што некалькі год таму на Ушаччыну па размеркаванні накіравалі вялікую колькасць спецыялістаў і на сённяшні дзень раён няблага ўкамплектаваны кадрамі.

    Палова наведвальнікаў прыехала на прыём да міністра з іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Гэта былі маладыя спецыялісты, якія прасілі пераразмеркаваць іх па месцы працы мужа або жонкі. Пазіцыя міністра ў гэтай сітуацыі канкрэтная – атрымаўшы спецыяльнасць, кадры павінны працаваць па ёй, тым больш што патрэба ў медыках існуе ў розных рэгіёнах краіны. Малады стаматолаг, рэаніматолаг і педыятр мелі на руках запыты з медыцынскіх устаноў Віцебска і Мінска, дзе і пражываюць, замест Дуброўна, Лепеля, куды трапілі па размеркаванні. Яны змогуць як маладыя спецыялісты ўладкавацца і туды, аднак толькі ў тым выпадку, калі на цяперашнім іх месцы працы знойдзецца замена. «Стварэнне сям'і – не падстава для пераразмеркавання, – падкрэсліў Васіль Іванавіч, – вы павінны адпрацаваць вызначаны тэрмін, тым больш калі гутарка ідзе пра бюджэт і тым больш вучобу па мэтавым накіраванні». Нагадаў міністр маладым людзям і пра выканаўчую дысцыпліну, пра якую нельга забывацца, дзе б яны ні працавалі. Міністр дэталёва цікавіўся ў маладых спецыялістаў умовамі работы, а паколькі ўсе яны прыехалі на прыём са сваімі палавінкамі, то пажадаў ім крэпкіх сямей і абавязкова многа дзяцей, не раз у гутарках падкрэсліўшы, што ахове мацярынства і дзяцінства надаецца асаблівая ўвага, гэта прыярытэтны дзяржаўны накірунак.

    Жыхарка аграгарадка Вялікія Дольцы Галіна Лявонаўна Зелянік (на здымку) прыехала на прыём толькі для таго, каб выказаць падзяку міністру за тыя кадры, якія працуюць у іх населеным пункце. Яна расказала В.І.Жарко пра сямейную пару Крыштопенкаў, у якой ужо і старэйшы сын стаў медыкам, пра іх прафесіяналізм. Міністр пацікавіўся ў начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Ю.М.Дзеркача, ці заахвочваліся гэтыя дактары, і пачуў, што Ала Мікалаеўна Указам Прэзідэнта ў кастрычніку гэтага года ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».

    Прыходзілі на прыём і з пажаданнем абследавацца і пралячыцца ў чарнобыльскіх цэнтрах. Васіль Іванавіч адказаў, што такі застаўся толькі ў Гомелі, пры жаданні можна паехаць і туды, наогул жа пацыенты не дзеляцца зараз на чарнобыльцаў або не і ў любой медыцынскай установе можна атрымаць лячэнне.

    Па скарзе, якая патрабуе дэталёвага высвятлення, ён паабяцаў даць адказ праз канкрэтны тэрмін. Аднак з кім бы падчас прыёму не размаўляў міністр, у яго адказах чырвонай ніткай праходзіў клопат пра пацыента, пра аказанне дапамогі хворым.

    Автор: В.КАРАЛЕНКА.Патрыёт

Комментарии (0)