18 Апреля, 2024 Четверг

У сафары-парку

  • 20 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    ПЕРШАПАЧАТКОВА тэрмін «сафары» насіў ярка выяўленую паляўнічую афарбоўку і адносіўся да краін Афрыкі. Сёння ў свеце ў асобную падгрупу сфармаваліся пазнавальныя сафары. Экалагічны турызм, у тым ліку сафары-паркі зараз карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю. Гэты накірунак развіваюць і ў Беларусі.

    Першыя афіцыйныя сафары-туры ў Беларусі з’явіліся ў снежні 2009 года ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Яны ўяўляюць сабой аўтамабільную экскурсію па сафары-парку плошчай 4,8 тысячы гектараў, на працягу якой можна ўбачыць птушак і жывёл у прыродным асяроддзі. Сярод іх — самых буйных у Беларусі драпежных птушак белахвостых арланаў, еўрапейскіх ланяў, зуброў, кабаноў, аленей, казуль, ласёў….

    Адначасова з азнаямленчымі паездкамі ў Нацпарку запусцілі фота-сафары. А з канца лета 2011 года такую паслугу сталі аказваць і ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча».

    У рамках дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады на тэрыторыі НП «Нарачанскі» створаны яшчэ сафары-парк. Увогуле, Нацпарк — гэта непаўторны куточак нашай краіны. У флоры рэгіёну сустракаецца 30 рэдкіх і знікаючых відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Мноства куткоў прыроды тут захавалася ў натуральным відзе, напрыклад, прыродны комплекс «Блакітныя азёры», дзе расце меч-трава звычайная — рэдкі, знікаючы від раслін першай катэгорыі аховы. На тэрыторыі Нацпарку растуць таксама дзікі гладыёлус, еўрапейская пярэсна і іншыя. На Еўрапейскім кантыненце гэтыя расліны можна сустрэць вельмі рэдка.

    У Беларусі няма экзатычных жывёл, якія могуць зацікавіць еўрапейцаў. Таму нам складана канкурыраваць з класічнымі сафары-паркамі. Вырашаючы пытанне, чым прыцягнуць турыстаў, дырэкцыя Нацпарку прыйшла да высновы, што спачатку трэба аддаць перавагу капытнай жывёле. Але стварыць сафары-парк не так проста.

    — З чаго ўсё пачыналася? — цікаўлюся ў намесніка генеральнага дырэктара Нацпарку па навуцы Валерыя Люштыка.

    — Спачатку распрацавалі неабходную праектную дакументацыю па будаўніцтве спецыяльных вальераў для ўтрымання і развядзення дзікай жывёлы. І як толькі сышоў снег, вясной 2012 года ўзяліся за справу, — чую ў адказ.

    Безумоўна, клопатаў хапіла. Сафары-парк займае плошчу 1753,5 гектара. Абгарадзіць яго па перыметры, а гэта 22 кіламетры, не так і проста. Тым больш, што размешчаны ён у лясным масіве, сустракаюцца і забалочаныя мясціны, а на некаторых палетках у свой час была праведзена меліярацыя. Падбор кадраў для работы ў сафары-парку таксама важная справа. Тут павінны працаваць людзі, якія любяць дзікую жывёлу, добрасумленна будуць ахоўваць яе ад браканьераў. На пасаду загадчыка вальера для ўтрымання і развядзення дзікай жывёлы прызначылі Івана Крыштафовіча. Іван Баляслававіч шмат гадоў адпрацаваў паляўнічазнаўцам Нарацкага лясніцтва. Ён добра ведае прывычкі звяроў, з адказнасцю адносіцца да даручанай справы. У яго падпарадкаванні ёсць два егеры: Іосіф Несвятаеў і Уладзімір Мітуневіч. Вось яны і забяспечваюць парадак у сафары-парку.

    Клопатаў хапае. Патрэбна рэгулярна правяраць, ці цэлая агароджа. Гэта балючае пытанне. З надыходам сезона збору грыбоў неаднаразова даводзілася ім бачыць парэзаную альбо выкапаную з зямлі сетку. Такія праходы патрэбна неадкладна ліквідаваць, каб жывёла не разбягалася.

    Шмат работы ў час нарыхтоўкі кармоў. Вунь колькі прыгожых стажкоў духмянага сена назапасілі на зіму для сваіх гадаванцаў! Акрамя гэтага, заклалі дзве ямы сенажу.

    — Безумоўна, працавалі не толькі мы. Шмат завіхаўся калектыў работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці, які ўзначальвае Мікалай Мягкоў, — зазначае Крыштафовіч.

    Каб лепш пазнаёміцца з сафары-паркам, паглядзець звяроў, ён прапануе зрабіць невялікую экскурсію.

    — Але неабходна перасесці на наш «УАЗік». Інакш звяроў можна не ўбачыць. Яны раней вас заўважаць і могуць схавацца ў лесе. Да нашай машыны яны прывыклі і не палохаюцца. Наадварот, бягуць насустрач, бо на ёй развозім кармы, — кажа Іван Баляслававіч. — Жывёла паводзіць сябе спакойна, нас ведае…

    Пад’язджаем да пляцоўкі кармлення. Тут змайстравана некалькі кармушак для зернефуражу, устаноўлена каля дзясятка саланчакоў, яслі для сена. Бачна, што жывёла тут бывае рэгулярна, бо навокал вытаптаная зямля.

    — Зараз не вельмі спяшаюцца на падкормачную пляцоўку, яшчэ хапае травы, — кажа Іосіф Канстанцінавіч. — Зімой насыплем зернефураж у адну кармушку, пераходзім да другой, якая знаходзіцца ў пяці метрах, а ля той ужо цэлы статак аленяў…

    Высыпаўшы корм, едзем сцяжынкамі парку. Непадалёку ад дарогі пасвіцца аленіха, а ля яе бегае цялятка. А вось прабегла некалькі казуль…

    — Летам жывёла трымаецца невялікімі групамі, а зімой збіраецца ў статкі, — працягвае размову Іван Крыштафовіч. — А вунь цэлы гурт аленяў…

    Гляджу ў бінокль. Сапраўды, больш дзясятка жывёл пасвіцца на ўскрайку лесу.

    — Зараз пад’едзем бліжэй. Не хвалюйцеся, не ўцякуць, — усміхаецца егер. — Вунь з вялікімі рагамі «гаспадар», а гэта яго «гарэм». Бачыце, як адганяе маладога аленя…

    Вельмі важна прывучыць жывёлу не баяцца людзей, паводзіць сябе спакойна, не нападаць на іх. Сафары-парк гэта не  заапарк, дзе гарантавана ўбачыш звяроў. Тут патрэбна быць вельмі ўважлівым, каб разглядзець сярод дрэў, скажам, лася. Ты глядзіш на звяроў, яны не менш уважліва глядзяць на цябе.

    — Якая ваша асноўная задача? — пытаюся ў Івана Баляслававіча.

    — Наш асноўны клопат нарасціць пагалоўе звяроў, ахоўваць іх ад браканьераў, падкормліваць у зімовы час. І, безумоўна, прывучыць не баяцца людзей, — чую ў адказ.

    — Якіх звяроў можна ў вас убачыць?

    — Сёння тут жывуць каля дзясятка ласёў, 45 аленяў і прыплоду дзесяць цялятак, дваццаць казуль, зайцы, лісы, бабры. Шмат гняздзіцца птушак. Аленяў куплялі ў Літве. Некалькі месяцаў яны знаходзіліся ў каранцінным вальеры. Мы назіралі за імі. А зараз яны паспяхова асвоіліся на тэрыторыі сафары-парку, даюць прыплод, — расказвае Іван Крыштафовіч.

    На перспектыву тут плануюць абуладкаваць дарожкі і пусціць «паравозік», які раней хадзіў па курортным пасёлку Нарач, для перавозкі экскурсантаў і турыстаў. Яны змогуць назіраць за жывёлай у прыродным асяроддзі. Мяркуецца, што экскурсіі  будуць карыстацца попытам. Акрамя таго, можна аказваць такі від паслуг, як фотатуры.

    — А ці будзе адкрыта ў вас паляванне, скажам, на аленяў? — пытаюся.

    — Думаю, што не. Сафары-туры могуць стаць значна больш прыбытковымі, чым паляванне. За выстрал у звяра, вядома, заплацяць. Але жывёлу заб’юць — і ўсё. Паказваць жа звяроў турыстам можна штодзённа. Праўда, каб штосьці зарабіць, давядзецца прыкласці нямала намаганняў. Напрыклад, арганізаваць падвоз людзей, забяспечыць іх біноклямі для назірання за жывёлай па палетках і ўзлесках. Лічу, што перспектыва ў гэтага кірунку дзейнасці ёсць, — упэўнена адказвае Іван Баляслававіч.

    Ігнат Лубнеўскі.

    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)