21 Мая, 2024 Вторник

Узаемаразуменне і ўзважаныя рашэнні

  • 20 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Правядзенне “прамых ліній” і прыём грамадзян прадстаўнікамі ўлады дае магчымасць з першых вуснаў даведацца аб праблемах, якія ўзнікаюць у людзей і аператыўна рэагаваць на іх. Адны пытанні вырашаюцца адразу, іншыя — патрабуюць вывучэння і прыняцця ўзважанага рашэння, а бывае, што па аб’ектыўных прычынах просьбу ўвогуле немагчыма выканаць. Усё робіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам і адхіліцца за яго межы нельга. Так было і на прыёме грамадзян па асабістых пытаннях, які на гэтым тыдні, у сераду, правёў кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч.  

    Ад вывазу смецця

    да водаправода 

    Жыхар вёскі Хатынічы Рыгор Паўлавіч Зельвін (НА ЗДЫМКУ) звярнуўся адразу з некалькімі праблемнымі пытаннямі. Ён звярнуў увагу на неабходнасць часцей вывозіць смецце, бо збіраецца яго на іншых падворках даволі многа. Зараз камунальнікі робяць гэта адзін раз на месяц. Як патлумачыў намеснік дырэктара раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Вайцешык, з пачатку 2016 года машына па вывазе смецця будзе курсіраваць два разы на месяц. Але кіраўнік раёна адзначыў, што варта таксама працягваць практыкаваць і вываз смецця па заўяках грамадзян, арганізоўваць так званыя санітарныя дні. Дарэчы, менавіта такім чынам сёлета паступалі перад Вялікаднем. Закрануў Рыгор Паўлавіч і тэму бадзяжных сабак. Зразумела, трэба актывізаваць работу ў гэтым накірунку работнікам сельвыканкама. Але больш глабальнае пытанне, узнятае Рыгорам Зельвіным датычылася пракладкі водаправода. Маўляў, стварэнне для гэтага кааператыва з домаўладальнікаў па яго вуліцы — не выйсце з сітуацыі, бо людзі, у асноўным пенсіянеры, не згуртуюцца і не будуць плаціць грошы, якіх неабходна на гэтую справу даволі многа. Ды і частка людзей увогуле спадзяецца, што пракладуць той водаправод па вуліцы бясплатна — у іншых, дзе пралягае магістральны водаправод, так і атрымалася.

    Тэма не новая і абмяркоўвалася яна на ўсіх узроўнях. На сённяшні дзень адназначна вызначана, што будаўніцтва водаправодаў вядзецца толькі на парытэтных умовах — адну частку кошту фінансуе дзяржава, другую — самі спажыўцы. На жаль, пад такія мэты льготныя крэдыты ўвогуле не прадугледжаны.  Аб чым і гаварыў Аляксандр Паўлавіч. Ён адзначыў і тое, што далёка не ўсе ў Хатынічах, у каго пракладзены па вуліцы магістральны водаправод, падключыліся да яго. Зрабілі гэта толькі каля 60 працэнтаў спажыўцоў.  Што ж тут казаць аб стварэнні кааператыва, хаця менавіта такія два праекты па падводзе вады ў дамы сёлета ўжо рэалізаваны — у Любашаве і райцэнтры. Усё залежыць ад ініцыятывы саміх людзей. А Рыгор Зельвін заўважыў, што калі людзі не здолеюць аб’яднацца ў кааператыў, дык ёсць альтэрнатыва — прабіць уласную свідравіну, галоўнае, зрабіць гэта на адпаведную глыбіню, каб у яе не трапіла грунтовая вада.

    Капрамонт:

    жадаем па-іншаму   

    З набалелым пытаннем да старшыні райвыканкама звярнуліся адразу 10 жанчын, якія жывуць у дамах № 14 і 16 па вуліцы Мантажнікаў у райцэнтры. Іх дамам амаль 50 гадоў і, улічваючы як будавалі на той час шматкватэрныя дамы, даўно наспела патрэба ў правядзенні капрамонту. Нарэшце, гэта і запланавана жыллёва-камунальнай гаспадаркай на 2016 год — абуладкаванне дахаў, замена інжынерных сетак, рамонт памяшканняў агульнага карыстання і ўцяпленне сцен дамоў. Тут бы радавацца, але жанчын вельмі хвалюе капітальны рамонт балконаў. На іх думку гэтай мерай не абысціся і з мэтай бяспекі неабходна правесці абуладкаванне лоджый, а гэта прадугледжвае поўную замену ўсіх канструкцый тых балконаў, што ў праекце не закладзены.  Выклікае незадавальненне людзей і тое, што ў свой час у шматпавярхоўках па вуліцы Кастрычніцкай пры правядзенні капрамонту якраз і рабілася абуладкаванне лоджый. Маўляў, жадаем як там. Хаця ківаць на іншых не варта — заканадаўства мяняецца і на сённяшні дзень пры капрамонце, напрыклад, не прадугледжваецца замена акон у кватэрах. Памятаючы, што амаль усе кватэры прыватызаваны, дык тут усё лагічна.

    Зразумела, праводзілася абследаванне дамоў па вуліцы Мантажнікаў і сваё заключэнне па іх стане давала спецыялізаваная арганізацыя з Брэста. У адпаведнасці з вынікамі экспертызы і складаўся той праект. Думаецца, што ніхто не возьме на сябе адказнасць у гэтым выпадку адысці ад рэчаіснасці, бо размова ідзе аб здароўі і жыцці людзей. Але варта ўлічваць і тое, што прайшло ўжо больш чым год з часу правядзення той экспертызы і сітуацыя магла змяніцца. Таму кіраўнік раёна прапанаваў жыхарам згаданых дамоў такі варыянт — правесці камісійна з прыцягненнем спецыялістаў з Брэста яшчэ раз абследванне балконаў і, калі ёсць рэальная неабходнасць, аформіць гэта дакументальна і ўнесці змяненні ў праект.

    Таксама ёсць пытанні і па казырках. Іх прыйшлося дэманціраваць, і зараз вада падчас дажджоў цячэ па сценах — адсюль вільгаць у кватэрах. Старшыня райвыканкама даручыў камунальнікам да капрамонту зрабіць часовыя казыркі, каб адвесці ваду.

    І, нарэшце, жанчыны закранулі такое пытанне, як уборка лесвічных пляцовак. Справа ў тым, што ў дамах жывуць людзі шаноўнага ўзросту і ім проста вельмі цяжка гэта рабіць самім. Так, жыллёва-камунальная гаспадарка зараз не прадастаўляе гэтую паслугу і не бярэ плату за яе (за тыя месяцы калі грошы браліся будзе зроблены пераразлік камунальных плацяжоў), але выйсце трэба знайсці. У вялікіх гарадах уборкай пад’ездаў ужо займаюцца прыватныя фірмы, якія заключаюць адпаведныя дагаворы са спажыўцамі. Ці рэальна, каб у нашым райцэнтры нехта ўзяўся за гэтую справу — пакажа час. Але жадаючаму аказваць такія паслугі будзе ўсебаковае садзеянне. Дарэчы, калі размова зайшла аб прыватніках, жанчыны скептычна аднесліся да такой альтэрнатывы жыллёва-камунальнай гаспадарцы, прычым, у любой сферы яе дзейнасці. Гэта і зразумела, прыватнік проста так нічога рабіць не будзе і плату будзе браць адпаведную.

    Працаўладкаванне

    Таксама даволі актуальная тэма. І менавіта па гэтым пытанні прыйшла на прыём жыхарка райцэнтра. У жанчыны падарвана здароўе, і ёй неабходны асаблівыя ўмовы працы. Тыя вакансіі, што прапанавалі ў цэнтры занятасці, не зусім падыходзілі ці ўвогуле ўжо заняты. Таму кіраўнік раёна даў даручэнні канкрэтна падабраць вакансію жанчыне. І напрыканцы гэтага тыдня пытанне было вырашана.

    На сённяшні дзень беспрацоўных па раёне налічваецца 138 чалавек ці 1,3 працэнта ад экамічна актыўнага насельніцтва Ганцаўшчыны. І пастаянна вядзецца работа па прадастаўленні работы людзям, якія маюць у ёй патрэбу. Аб гэтым сведчаць і лічбы. Толькі за 9 месяцаў з пачатку года ў раёне працаўладкаваны 502 чалавекі, з якіх 327 са статусам беспрацоўнага.

    Автор: Аляксей ГрушэвічСавецкае Палессе
    Теги: 

Комментарии (0)