01 Мая, 2024 Среда

Венесуэльскія танкісты на абцасах

  • 23 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Курсанткі з Венесуэлы расказалі, чаму прыехалі вучыцца ў Беларусь, за што не любяць зіму і якім стравам з нашай нацыянальнай кухні аддаюць перавагу.

    На ваенна-тэхнічным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта вучацца незвычайныя курсанты. Яны носяць нашу ваенную форму (толькі цікаўны заўважыць на ёй іншую нашыўку), курсанцкія пагоны і ўжо могуць пахваліцца армейскай выпраўкай. Са спіны нічога незвычайнага! Але варта ім толькі азірнуцца, як на табе — гэта дзяўчаты! Ды не нашы славянскія прыгажуні, а не менш прывабныя лацінаамерыканкі.

    Джэніфер Віера і Джосэлін Брыта прыехалі ў Беларусь з Венесуэлы. У БНТУ асвойваюць спецыяльнасць «Шматмэтавыя гусенічныя і колавыя машыны» — адным словам, будучыя танкісткі.

    «Смела!» — скажуць бывалыя вайскоўцы. Сапраўды, прафесія не з жаночых. Там жа, у далёкай Венесуэле, гэта нармальная з’ява. Дзяўчаты актыўна ідуць служыць, застаюцца ў войску па кантракце і з задавальненнем асвойваюць мужчынскія спецыяльнасці. Нават міністр абароны ў іх — жанчына.

    Узначаліць армію сваёй краіны мараць і дзяўчаты. Але гэта, што называецца, у перспектыве. Сёння галоўнае — вучоба. Трэба яшчэ і давер апраўдаць. Джэніфер і Джосэлін — не толькі адзіныя прадстаўніцы жаночага полу сярод курсантаў-венесуэльцаў, яны яшчэ і адзіныя дзяўчаты на ўвесь факультэт!

    Галоўны бар’ер — мова

    Самы час пазнаёміцца. Мы стаім у фае ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ. У прызначаны час — ні на хвіліну раней ці пазней (вось яна, вайсковая пунктуальнасць!) — дзверы адчыняюцца і насустрач выходзяць венесуэлкі.

    — Вас журналісты, напэўна, ужо замучылі? — пытаюся. Дзяўчаты ў адказ толькі ўсміхаюцца: не разумеюць беларускай мовы. Перапытваю па-руску. У адказ — неадназначна ківаюць галовамі.

    Аказваецца, адна справа — асвоіць танкі, іншая — вывучыць мову: дысцыпліны ім выкладаюць толькі па-руску. Таму перш, чым перайсці да ваеннага майстэрства, кожная з іх на працягу года вывучала рускую мову — так званы нулявы курс.

    Джэніфер Віера ўжо на трэцім, Джосэлін Брыта — першакурсніца. Мы размаўляем без перакладчыка.

    Вучыцца ў Беларусі прэстыжна

    Джэніфер прыехала ў нашу краіну з венесуэльскага горада Маракай. Джосэлін родам з Валенсіі. Не магла не спытаць, чаму яны выбралі такую незвычайную для нашых рэалій прафесію і паехалі вучыцца ёй так далёка.

    — Жанчыны ў нас працуюць нароўні з мужчынамі, — гаворыць Джэніфер. — У Венесуэле няма розніцы, якога ты полу. І тыя, і другія могуць выконваць аднолькава складаную работу. Мая мама, напрыклад, займаецца бізнесам, бацька — канструктар.

    А вось у Джосэлін тата — палкоўнік.

    — Гэта ён вырашыў, што дачка будзе насіць пагоны? — цікаўлюся.

    — Не, — смяецца. — Я сама. Заўсёды з гонарам гляджу на свайго бацьку. Таксама хачу насіць прыгожую ваенную форму (у пацвярджэнне паказвае нацыянальную ваенную вопратку на смартфоне. — Аўт.). А тут яшчэ сяброўка паклікала ў Беларусь. Тата не быў супраць: ваша ваенная адукацыя лічыцца ў нас прэстыжнай. Ды і ў Венесуэле танкістаў не рыхтуюць.

    Холадна!

    — Я і падумаць не магла, што ў вас так холадна, — гаворыць пра свае першыя ўражанні аб Беларусі Джэніфер.

    — А я ведала, бо была ў Маскве, — кажа сяброўка. — Разумела, што Мінск на яе падобны, а дзе ён знаходзіцца, нават не ўяўляла.

    Да нашага клімату дзяўчаты не могуць прызвычаіцца і дагэтуль. Ім у Беларусі круглы год холадна. Вельмі сумуюць па сваіх звыклых 40 градусах цяпла. Таму наша лета для іх — не лета. Калі беларускія курсанты займаюцца фізічнай падрыхтоўкай у майцы і шортах, то венесуэльцы просяць дазволу апрануцца цяплей. Зіма для іх — напэўна, самае горшае, што яны бачылі ў сваім жыцці. «Зімой вельмі цяжка, — прызнаюцца венесуэлкі. — Апранаем на сябе па тры паліто». Не разумею, ці то жартуюць, ці то праўду кажуць.

    Спецыялісты на вагу золата

    На ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ курсанты з Венесуэлы вучацца ўжо не першы год. За гады ваеннага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі прадстаўніцы жаночага полу атрымліваюць тут адукацыю ўпершыню. Але, нягледзячы на гэта, стаўленне да іх такое, як да ўсіх. Праўда, замест 10 кіламетраў дзяўчаты бегаюць удвая менш. Калі патрэбна дапамога па вучобе або канкрэтная парада, у гэтым замежным навучэнцам не адмовіць ні выкладчык, ні курсавы афіцэр — факультэцкая «мама», як называюць яго курсанты.

    У 6 раніцы дзяўчаты ідуць на зарадку. Але і ўрокі фізкультуры ніхто не адмяняў! Потым па раскладзе — заняткі. Увечары — самападрыхтоўка. Як і нашы курсанты, венесуэльцы знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні — Баліварыянскай Рэспублікі, вядома. Атрымліваюць замежныя курсанты і стыпендыю. Як падзяліліся лацінаамерыканкі, ім хапае ды яшчэ застаецца. Суму не агучылі — ваенная тайна.

    А вось колькі каштуе іх абед або вячэра, далёка не сакрэт. Побач з меню беларускіх курсантаў у сталоўцы БНТУ распісана і харчаванне венесуэльцаў. Для апошніх — асобная раздатачная і стол, зарэзерваваны на адпаведную колькасць людзей.

    Аматары бульбы і арэпы

    Самы час паабедаць. Пакуль дзяўчаты з апетытам спусташаюць свае талеркі, мы цікавімся, ці падабаецца ім беларуская кухня.

    — Так! Асабліва любім бліны, — адказвае за абедзвюх Джосэлін.

    А вось не даспадобы венесуэлкам кашы. Яны і дагэтуль не могуць зразумець, як іх можна есці. Просяць кухараў па магчымасці гатаваць ім стравы з бульбы. Яе, дарэчы, у Венесуэле актыўна вырошчваюць, таму яны яшчэ і паспрачацца могуць, для каго бульба больш родная.

    Праўда, дранікі ўпершыню дзяўчаты пакаштавалі ў Беларусі. Сваю нацыянальную страву — арэпу, або кукурузныя аладкі, — у інтэрнаце гатуюць рэгулярна. «Кладзём у вялікую талерку кукурузную муку, дабаўляем соль, ваду, потым ставім у духоўку», — дзеліцца рэцэптам Джэніфер і паказвае фотаздымак, што ў выніку павінна атрымацца. Выглядае апетытна!

    У «храме танкаў»

    Пасля сытнага абеду дзяўчаты ўзялі свае непад’ёмныя заплечнікі (у іх яны носяць не толькі кнігі і сшыткі, а і чарцяжы, спартыўную форму), і мы накіраваліся ў «храм танкаў» — так у БНТУ называюць клас тэхнічнай падрыхтоўкі, дзе праводзяцца заняткі па эксплуатацыі бранятанкавай тэхнікі. Тут «гаспадараць» вучэбна-баявы танк Т-72Б і баявая машына пяхоты. Тэхніка сапраўдная: залазь усярэдзіну — і глядзі, вывучай, запамінай. Асвоіць танкавую навуку курсантам дапамагаюць майстры вытворчага навучання Аляксей Ціткоў і Генадзь Вараб’ёў.

    — Дзяўчаты з Венесуэлы — старанныя вучаніцы, — гаворыць Аляксей Ціткоў. — Нават юнакамі камандуюць. Малайцы! Упэўнены, яны будуць добрымі афіцэрамі венесуэльскай арміі.

    За 40 гадоў працы ў БНТУ курсантаў у спадніцах у Аляксея Міхайлавіча не было ніколі. Але яго гэта не палохае. «Калі б прымусіла жыццё, то і нашы вучыліся б, — лічыць танкіст са стажам. — У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія дзяўчаты ўсё ўмелі!»

    Курсанты з Венесуэлы вывучаюць канструкцыю танка і БМП, якія стаіць на ўзбраенні беларускай арміі. Але гэта ім не перашкодзіць асвоіць іншую бранятанкавую тэхніку. Як запэўніваюць спецыялісты, сістэма работы механізмаў, агрэгатаў і вузлоў амаль усюды аднолькавая.

    Практычнае ваджэнне танкаў у курсантаў — як нашых, так і замежных — пачынаецца на апошніх курсах. Але перш, чым выехаць у поле, яны павінны «праехаць» на танку на спецыяльным трэнажоры. І ў венесуэлак гэта атрымліваецца на «выдатна».

    Шпацыр па-венесуэльску

    У суботу і нядзелю курсанты з Венесуэлы могуць разлічваць на звальненне. Але такую магчымасць дзяўчаты выкарыстоўваюць не заўсёды.

    — Як я магу гуляць, калі шмат хатніх заданняў? — абураецца Джэніфер.

    Праўда, на шопінг час знаходзіцца. Дзяўчаты ёсць дзяўчаты! Венесуэлкі з задавальненнем апранаюцца ў нашых крамах. «ЦУМ, ГУМ, «Сталіца», Ждановічы, «Бігз»…», — пералічвае Джэніфер.

    Сяброўкі любяць хадзіць у кіно, наведваюць кінатэатры. Знаёмяцца і з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі. Ужо былі ў Мірскім замку, у Нясвіжы, Дудутках. Свае зімовыя прагулкі дзяўчаты абмяжоўваюць толькі крамай. Аргумент усё той жа — холадна. Праўда, зрэдку, але ўсё ж такі можна адшукаць іх на катку. Дарэчы, на каньках яны навучыліся катацца ў Беларусі.

    Дадому — раз на год

    Заняткі скончыліся. Разам з Джэніфер і Джосэлін мы ідзём у інтэрнат, дзе жывуць замежныя студэнты БНТУ. Дзяўчаты дзеляць адзін пакой на дваіх. У блоку ёсць яшчэ адзін пакой, кухня, бытавое памяшканне, душавая і прыбіральня — адным словам, міні-кватэра.

    Нягледзячы на ваенную атрыбутыку — вопратку, галаўныя ўборы, макеты танкаў, відаць, што тут усё ж жывуць дзяўчаты. На ложках размясцілася цэлае царства цацак, на паліцах — касметыка, паштоўкі, фотаздымкі з роднымі. Па сваіх сям’ях Джэніфер і Джосэлін сумуюць больш за ўсё, хоць амаль кожны дзень гутараць з імі па «Скайпе».

    Але ніякі інтэрнэт не заменіць жывых зносін. А бывае гэта раз на год, на летніх канікулах. 17 гадзін на самалёце — і яны ў Каракасе. У падарунак родным вязуць матрошак (лічаць, што гэта наша нацыянальнае), беларускі шакалад. Для малодшага брата Джэніфер загадзя запасаецца сшыткамі: кажа, што ў нас танней.

    * * *

    Не паспеюць дзяўчаты азірнуцца, як прыйдзе час вяртацца ў Венесуэлу. Надзенуць такую ўжо любімую форму і пачнуць дзяліцца з вайскоўцамі атрыманымі ведамі. А вечарамі, хочацца верыць, будуць узгадваць Беларусь, дзе надзвычай прыгожа і… вельмі холадна.

    Автор: Вераніка КАНЮТАЗвязда

Комментарии (0)