У Астраўцы прайшла раённая справаздачна-выбарчая канферэнцыя Чырвонага Крыжа, на якую сабраліся дэлегаты пярвічных арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, што дзейнічаюць на тэрыторыі раёна, запрошаныя госці. Узначаліў яе работу галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны.
За пяць гадоў, якія раённую арганізацыю ўзначальвае Вольга Іосіфаўна Руднік, яе члены зрабілі многа карысных і патрэбных спраў па падтрымцы шматдзетных і сацыяльна небяспечных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, ветэранаў і іншых катэгорый насельніцтва. Большасць праведзеных мерапрыемстваў потым асвятлялася на старонках нашай газеты і на яе сайце.
Пярвічныя арганізацыі Чырвонага Крыжа створаны толькі ў 17 арганізацыях і прадпрыемствах. Затое ў іх уваходзіць 3 630 чалавек – гэта людзі, якім неабыякава, што адбываецца навокал.
– Нас заўсёды падтрымлівалі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтральная раённая бальніца, рэдакцыя раённай газеты, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённая бібліятэка, аддзел адукацыі, спорту і турызму, школы і
цэнтр творчасці, – расказвае Вольга Іосіфаўна. – Мы працуем у цеснай сувязі з раённымі арганізацыямі “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, БРСМ, “Саюз палякаў на Беларусі”, райвыканкамам, аддзелам па надзвычайных сітуацыях, вузлом паштовай сувязі, цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.
Актыўнасць членаў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа пацвердзіла і выступленне Святланы Казіміраўны Куцько, якая ўзначальвае раённы савет валанцёраў і з’яўляецца кіраўніком валанцёрскага атрада “Прамень”, у які ўваходзіць 12 прадстаўнікоў рознага ўзросту з тэрытарыяльнага цэнтра, цэнтра творчасці і карэкцыйнага цэнтра.
– Валанцёры – гэта “дзівакі”, якія ў свой вольны час абсалютна бясплатна спрабуюць расфарбаваць чорна-белы свет у яркія колеры, – так вобразна ахарактарызавала дзейнасць сваіх паплечнікаў Святлана Казіміраўна.
Не пагодзіцца з ёй толькі той, хто ні разу не бачыў, як пры сустрэчы з валанцёрамі панурыя тварыкі абяздоленых дзяцей становяцца радаснымі і шчаслівымі… Як пажылыя адзінокія людзі трымаюць за руку зусім незнаёмага чалавека ў валанцёрскай майцы… Як старыя і нямоглыя добразычліва ўсміхаюцца… Як людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пераадольваючы сябе, выходзяць на сцэну, сядаюць за стол інтэлектуальных гульняў ці пераадольваюць спартыўныя перашкоды… І ўсё гэта становіцца магчымым дзякуючы неабыякавым людзям, якіх значна больш, чым раўнадушных.
Актыўна супрацоўнічае з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і раённая бібліятэка, на базе якой таксама створана пярвічная арганізацыя таварыства. Тут працуе клуб “Актыўнае даўгалецце”, які аб’яднаў людзей “залатога” ўзросту. Пра дзейнасць клуба і іх пярвічнай арганізацыі расказала Вольга Пятроўна Пінчук і прапанавала ўвазе прысутных фотапрэзентацыю цікавых спраў і мерапрыемстваў.
Актывістка клуба Данута Францаўна Чарнушэвіч пацвердзіла, што дзейнасць аб’яднання “Актыўнае даўгалецце” актывізавалася дзякуючы падтрымцы Вольгі Іосіфаўны і неабыякавасці яго членаў, якія не пакідаюць без увагі людзей, што знаходзяцца побач.
Ацэнку дзейнасці раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа далі генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Віктар Васільевіч Калбанаў, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Алена Іванаўна Русіновіч і намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Не абышлося і без узнагарод. Граматамі абласной арганізацыі былі адзначаны галоўны ўрач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько. Падзячныя пісьмы атрымалі Данута Францаўна Чарнушэвіч, кіраўнік валанцёрскай групы “Анёлы” Міхалішкаўскай СШ Ірына Альбертаўна Яхімовіч і валанцёрскі атрад “Прамень”.
– Чырвоны Крыж сёння – гэта партнёр дзяржавы ў вырашэнні многіх задач і пытанняў, – сказаў падчас выступлення намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Я высока ацэньваю дзейнасць сённяшняга саставу прэзідыума раённай арганізацыі і жадаю, каб у наступным перыядзе наша арганізацыя выйшла на новы якасны ўзровень.
З найлепшымі пажаданнямі Віктар Збігневіч Свіла ўзнагародзіў Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта Вольгу Іосіфаўну Руднік. А Валянцін Ігнатавіч Тачоны ўручыў Падзячныя пісьмы за падтрымку і супрацоўніцтва калектывам рэдакцыі газеты і раённай бібліятэкі.
Напрыканцы канферэнцыі былі выбраны новы прэзідыум раённай арганізацыі, рэвізійная камісія і дэлегаты на абласную канферэнцыю, старшыня прэзідыума і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Дэлегаты аднагалосна аддалі свае галасы за Вольгу Іосіфаўну Руднік, якая ў чарговы раз была выбрана старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пажадаем ёй паспяховай работы і новых цікавых спраў для агульнай карысці!
--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.




Комментарии (0)