02 Декабря, 2024 Понедельник

Саламяны дом у дзедавай вёсцы

  • 27 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Наша пастаянная чытачка Лідзія Гардынец паведаміла, што на Маладзечаншчыне  будуецца дом з саломы, і падказала канкрэтны адрас. І вось рэдакцыйная машына скіравалася ў вёску Капачы Хажоўскага сельсавета…

    На яе ўскрайку мы ўбачылі двухпавярховы катэдж. Калі пад’ехалі бліжэй, то ўпэўніліся, што сцены ў ім сапраўды саламяныя. Пазнаёміліся з гаспадаром: Аляксею Бярэзіну 35 гадоў, ён прафесійны мастак, займаецца роспісам і афармленнем інтэр’-ераў. Вырашыў пабудаваць для сваёй сям’і дом у гэтай ціхай вёсцы, дзе жыў яго дзед па мацярынскай лініі. Краявіды тут вельмі прыгожыя, паветра чыстае, транспарту мала — нішто не перашкаджае жыць у гармоніі з прыродай. У такім месцы і дом павінен быць толькі з экалагічна чыстых матэрыялаў — вырашыў для сябе Аляксей. Жонка Дар’я і блізкія падтрымалі яго. «Пералапаціў» у інтэрнэце шмат інфармацыі і яшчэ больш пераканаўся, што менавіта дом з саломы патрэбен яго сям’і. Бо гэта не толькі пэўная тэхналогія, але, калі хочаце, філасофія жыцця. Праект распрацаваў сам: агульная плошча будынка – каля 200 квадратных метраў, два паверхі, прасторныя пакоі, з кухні-гасцінай выхад на крытую тэрасу…

    Паступова задумы ўвасабляюцца ў жыццё: будаўніцтва стала сапраўдным хобі гэтага захопленага чалавека, які на сваім прыкладзе пераканаўся, што саламяны дом можа ўзвесці нават непрафесійны будаўнік. Галоўнае — жаданне. Экалагічнасць, даступнасць, таннасць матэрыялаў – не адзіныя плюсы «жывога» дома. Важна, што для яго ўзвядзення дастаткова двух-трох умелых, працавітых мужчын, якія за лета змогуць вывесці дом пад дах.    

    Аляксей расказвае, што яшчэ да ўзнікнення гэтай ідэі на ўчастку быў закладзены звычайны бетонны фундамент. Для саламянага дома ён можа быць больш лёгкім, а значыць, і больш танным. Для трываласці канструкцыі Аляксей умацаваў яе палямі (сваями). Затым пабудаваў двайны драўляны каркас, які запоўніў саломай, прамочанай глінай. «Самым складаным аказалася… купіць салому, — расказвае субяседнік. – У мясцовай гаспадарцы дамовіцца не змог, таму вельмі ўдзячны старшыні сельгаспрадпрыемства «Селеўцы» Уладзіміру Карасю, які з разуменнем паставіўся да маёй просьбы і дазволіў набыць неабходную колькасць саламяных цюкоў. Я іх выпісаў з запасам — 30 штук. Салома павінна быць сухой, залацістай, лепш яе нарыхтоўваць у канцы лета, калі яна добра высахла».

    Некаторыя ўзводзяць дамы з саломы, спрасаванай у прамавугольныя блокі. У нашай мясцовасці такіх тэхналогій няма, таму Аляксею давялося ісці іншым шляхам: самаму рабіць саман – сумесь саломы і гліны. У бетонамяшалцы ён разводзіў вадой гліну да патрэбнай кансістэнцыі, а затым у карыце прамочваў гэтым растворам салому і выкладаў сцены, шчыльна ўтрамбоўваў іх. «Рабіць гэта лепш вясной ці ў пачатку лета, бо сцены абавязкова павінны добра высахнуць і даць усадку. Пасля гэтага застанецца толькі заканапаціць дзіркі, якія могуць утварыцца пры ўсадцы на розных стыках», — дзеліцца вопытам субяседнік. Ён узводзіў сцены мінулым летам. Ім хапіла часу высахнуць, таму сёлета будаўнічыя работы можна было працягваць. Дах у доме з металапрофілю, вонкавыя сцены гаспадар пачаў абшалёўваць дошкамі, якія потым збіраецца фарбаваць. Унутраныя сцены будуць атынкаваныя. Да гэтага выраўнаваў іх балгаркай. Таўшчыня сцен складае паўметра. Яны выдатна «дыхаюць» і, у той жа час, зберагаюць цяпло лепш, чым драўляныя ці цагляныя. Знаўцы сцвярджаюць, што на ацяпленне такіх дамоў ідзе нашмат менш сродкаў. Што тычыцца пажарабяспекі, то саман лічыцца вогнеўстойлівым матэрыялам: у спрасаванай саломе няма кіслароду для падтрымання агню. Існуе меркаванне, што такія сцены могуць аблюбаваць мышы. Але калі ўсё рабіць па тэхналогіі, пакрыць сцены тоўстым слоем тынкоўкі, грызуны не пралезуць. Некаторыя для большай страхоўкі знізу ставяць дробную металічную сетку.

    Аляксей плануе зрабіць пячное ацяпленне і прадугледзець магчымасць падвядзення ў перспектыве прыроднага газу. Вельмі цікава будзе ўбачыць канчатковы варыянт гэтага дома, таму мы загадзя дамовіліся з гаспадаром на яшчэ адну сустрэчу…

    Дарэчы, зусім нядаўна ў Дар’і і Аляксея нарадзіўся сын. Як не парадавацца за хлопчыка, які падрасце і зможа выбягаць за парог басанож, будзе расці на прыродзе і адчуваць станоўчую энергетыку «жывога» дома, узведзенага на зямлі сваіх продкаў умелымі бацькавымі рукамі…

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)