20 Апреля, 2024 Суббота

Не прайшоў тэхагляд? Рыхтуйся да штрафу

  • 28 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    У мэтах узмацнення прафілактычнай работы з уласнікамі і ўладальнікамі транспартных сродкаў у перыяд з 11 па 20 лістапада УП “Белтэхагляд” і ДАІ правялі дэкаду “Дзяржтэхагляд”.

    13 лістапада адбыўся сумесны рэйд у складзе старшага дзяржаўтаінспектара АДАІ Андрэя Абознага, інспектара Віктара Ткачова, інжынера па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху Сяргея Пруднікевіча і карэспандэнта “Чырвонай зоркі”.

    Падчас правядзення акцыі інспектары звярнулі асаблівую ўвагу на своечасовае праходжанне тэхагляду. У поле зроку трапілі і транспартныя сродкі, якія належаць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, ажыццяўляюць перавозку пасажыраў аўтобусамі, аўтамабілямі-таксі. Спецыялісты звярталі ўвагу на наяўнасць пуцявых лістоў, транспартных накладных і правільнасць афармлення гэтых дакументаў.

    У першую чаргу спыняліся аўтамабілі без наклейкі на лабавым шкле, што сведчыць аб праходжанні тэхагляду, і аўтамабілі, знешні выгляд якіх выклікаў сумненні.

    “На праходжанне тэхагляду ўладальніку аўтамабіля даводзіцца затраціць менш як паўгадзіны, – расказвае Сяргей Пруднікевіч. – І ў чарзе стаяць не трэба, яе проста няма. Галоўнае, каб вадзіцель уяўляў важнасць утрымання аўтатранспарту у спраўным стане, бо ад гэтага залежыць бяспека руху.

    З вадзіцелямі была праведзена прафілактычная гутарка, інспектары яшчэ раз нагадалі пра неабходнасць пераходу з 1 снежня на зімовую гуму.

    За час узмоцненага кантролю за тэхнічным станам аўтатранспарту было выяўлена 5 вадзіцеляў, якія кіравалі машынай, што своечасова не прайшла тэхагляд.

    Як паведаміў супрацоўнік АДАІ, часта выяўляюцца і факты эксплуатацыі аўтамабіляў з прыметамі падробных штампаў пра праходжанне агляду.

    — Па такіх фактах вядзецца разбор, дакументы адпраўляюцца на экспертызу, і калі факты падробкі пацвердзяцца, на вінаватых могуць быць заведзены крымінальныя справы, — адзначыў Андрэй Абозны.

    Інспектары АДАI спынялі і вадзiцеляў грузавых аўтамабiляў, уладальнiкi якiх — дзяржаўныя i прыватныя прадпрыемствы.

    — Хто нясе адказнасць за  нясвоечасова пройдзены тэхагляд — вадзiцель цi ўладальнiк аўтамабiля?— пацiкавiлася.

    — У адпаведнасці з Кодэксам аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, за эксплуатацыю транспартнага сродку, якi не прайшоў дзяржаўны тэхнiчны агляд, адказнасць нясе вадзiцель. Калi прадпрыемства, на якiм ён працуе,   не ў стане аплацiць тэхагляд, то вадзiцель мае поўнае права адмовiцца сесцi за руль.

    Супрацоўнікі ДАІ праводзяць такую акцыю штогод. І ні разу не было так, каб усё прайшло гладка, без парушальнікаў. Чаму вадзіцелям так і не ўдалося выхаваць у сабе “аўтакультуру” паводзін на дарозе – незразумела. Будзем спадзявацца, што ў наступны раз колькасць парушальнікаў будзе меншая.

    Дар’я Зяньковіч

    Паркуйся правільна і жыві спакойна

    Па даных аддзялення ДАІ Уздзенскага РАУС, аўтааматары раёна нярэдка грэбуюць правіламі прыпынку, стаянкі транспартных сродкаў. Як адзначыў начальнік АДАІ Дзмітрый ЦУПА, з пачатку дзеяння паправак да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў паркоўкі і стаянкі прыцягнуты 158 вадзіцеляў.

    За такія парушэнні правілаў дарожнага руху прадугледжаны наступныя пакаранні: за першае парушэнне штраф у памеры 1 базавай велічыні; за паўторнае   парушэнне на працягу года —  3 б. в.; за парушэнне правілаў паркоўкі грузавіка — да 5 б. в.; за паўторнае парушэнне на працягу года — да 10 б. в.

    Машына на газоне? Рыхтуйся заплаціць

    Папярэджванне тут не прадугледжана. Здавалася б, дробязь, а вадзіцель атрымлівае штраф у памеры адной базавай велічыні і адпаведную адзнаку ў талоне. Калі аўтамабіль прыпаркаваны на газоне альбо загараджвае праезд спецаўтатранспарту, гэта з’яўляецца падставай для складання пратакола і выпіскі штрафу.

    Сітуацыя з паркоўкай транспарта ў межах горада пакідае жадаць лепшага. У выхадныя і святочныя дні вуліцы райцэнтра перапоўнены машынамі, якія ўладальнікі пакідаюць, дзе душа пажадае. Асабліва востра стаіць праблема каля гарадскога рынку.

    Дзе шукаць новыя стаянкі?

    У новых мікрараёнах горада шматпавярховыя дамы абсталяваны прасторнымі стаянкамі. А вось у дварах, забудова якіх вялася раней, сітуацыя іншая. Тады для лю-дзей машына была раскошай, таму архітэктары не бачылі неабходнасці праектаваць вялікія стаянкі.

    У межах горада ёсць такія двары, дзе з цягам часу аўтамабілісты коламі свайго транспарта вытапталі сабе месца-стаянку. І атрымліваецца: машыну тут ставіць нельга, аднак, прыгледзеўшыся, і газонам гэтае месца ўжо не назавеш.

    Парушальнікаў няправільнай паркоўкі і стаянкі караюць не толькі рублём і запісам у талоне. Для грубых парушальнікаў прадугледжана паслуга эвакуатара. Аўтааматары павінны ведаць, што прыйдзецца аплаціць не толькі штраф за парушэнне, але і паслугі буксіроўкі.

    — Як паводзяць сябе вадзіцелі, калі даведваюцца, што іх транспартны сродак эвакуіравалі?

    — Большасць рэагуюць спакойна, бо разумеюць, што парушылі закон. Але ёсць і такія, якія спрачаюцца, пры складанні пратаколаў не прызнаюць сваёй віны.

    Пры парушэнні вадзіцелямі правілаў прыпынку або стаянкі транспартных сродкаў, у выніку чаго створана перашкода для дарожнага руху або паўстала пагроза бяспекі грамадзян, супрацоўнікі ДАІ маюць права ажыццявіць прымусовую адбуксіроўку (эвакуацыю) такіх транспартных сродкаў. Пры парушэнні правілаў прыпынку або стаянкі грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, колавых трактароў, самаходных машын супрацоўнікамі ДАІ можа быць ажыццёўлена блакіраванне колаў гэтых транспартных сродкаў.

    Навесці парадак у горадзе з паркоўкай лагоднымі метадамі (папярэджваннем, тлумачэннем) не атрымліваецца. Чым далей людзі пакідаюць свае машыны ў неналежных месцах, тым складаней адвучыць іх правільна паркавацца, — канстатуе Дзмітрый Цупа. — Абудзіць сумленне ў такіх людзей толькі адміністрацыйнае пакаранне.

    Автор: Дар’я ЗЯНЬКОВІЧЧырвоная зорка
    Теги: 

Комментарии (0)