25 Апреля, 2024 Четверг

Міністр працы на Капыльшчыне

  • 30 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Мар’яна Шчоткіна правяла прыём грамадзян у Капыльскім райвыканкаме. Мар’яна Акіндзінаўна пракаменціравала пытанні, з якімі да яе звярталіся нашы землякі.

    Як адзначыла міністр, прыём быў даволі ажыўленым. У асноўным пытанні датычыліся працаўладкавання, умоў працы і пенсійнага забеспячэння. Усе яны індывідуальныя, і іх вырашэнне залежыць перш за ўсё ад умення самога чалавека арыентавацца ў тых умовах, у якіх ён працуе.

    — Напрыклад, у адным выпадку мы дамовіліся, што дапаможам працаўладкавацца маладому чалавеку, які трапіў у няпростую жыццёвую сітуацыю, — заўважыла Мар’яна Акіндзінаўна. — Безумоўна, у многім ён вінаваты і сам, але, калі ў чалавека ёсць жаданне выправіцца, яму неабходна даць такую магчымасць. Яго неабходна падтрымаць.

    Адна заява наконт пенсійнага забеспячэння накіравана для разгляду ў камітэт па працы і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

    — Таксама гэты прыём паказаў, што трэба ўмець слухаць адзін аднаго, не ствараць нейкія канфліктныя сітуацыі, знаходзіць шляхі іх вырашэння, — адзначыла Мар’яна Шчоткіна. — Калі канфлікт узнік паміж кіраўніком і працаўніком, за яго ўсё роўна адказвае кіраўнік, бо ён пастаўлены на гэту пасаду для прыняцця рашэнняў. Адносіны павінны быць заўсёды спакойныя, добразычлівыя, але і патрабавальныя. Калі мы наймаемся на працу, мы прадаём сваю працоўную сілу і гарантуем, што будзем выконваць ускладзеныя службовыя абавязкі. У сваю чаргу наймальнік не павінен зневажаць ці абражаць работніка. З абодвух бакоў павінны быць супрацоўніцтва і згода.

    У дзень прыёму таксама была наведана ДУ «Капыльскі ТЦСАН». Рабоце ўстановы была дадзена высокая ацэнка. Аднак памяшканне крыху цеснаватае. Таму па даручэнні міністра з абласнога бюджэту будуць выдзелены сродкі на рэканструкцыю будынка, што знаходзіцца побач з ТЦСАН.

    — Вельмі важна, у якіх умовах знаходзяцца людзі, — рэзюмавала Мар’яна Шчоткіна. — Пабываўшы на Капыльшчыне, хачу адзначыць, што раён даволі чысты, добраўпарадкаванне нельга не заўважыць нават напярэдадні зімы. І ўвогуле мы павінны берагчы сваю зямлю і людзей, якія на ёй жывуць.

    Автор: Сяргей КОЗЕЛСлава працы

Комментарии (0)