27 Апреля, 2024 Суббота

Конкурс маладых спецыялістаў «Сваёй прафесіяй ганаруся» прайшоў у глыбоцкім гарадскім доме культуры

  • 30 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Маладыя спецыялісты ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Глыбоцкага раёна прайшлі завочны тур і “расказалі” пра свае прафесіі ў конкурснай праграме, упершыню арганізаванай  аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Глыбоцкім раённым аб’яднаннем арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, раённым камітэтам ГА “БРСМ”, раённай арганізацыяй ГА “Белая Русь”.

    «Мая прафесія – самая цікавая»

    Конкурс, названы арганізатарамі “Сваёй прафесіяй ганаруся!”, па іх задуме павінен не толькі садзейнічаць прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі, але і папулярызаваць розныя прафесіі і арыентаваць школьнікаў на іх правільны выбар. Менавіта таму на мерапрыемства ў гарадскі дом культуры былі запрошаны старшакласнікі раённай гімназіі і гарадскіх школ. Магчыма, дзякуючы конкурсу “Лепшы малады спецыяліст Глыбоцкага раёна”, у глядзельнай зале хтосьці з іх прыняў для сябе важнае рашэнне. Прафесіі ўрача, энергетыка, педагога, паштовага работніка, бухгалтара былі прадстаўлены канкурсанткамі надзіў ярка. Дзяўчаты ўжо падчас першага задання – візітнай карткі “Я і мая прафесія” – захапляльна расказалі пра сябе і свой выбар, паказалі ўсё гэта наглядна з дапамогай фота- і відэапрэзентацый. Другое конкурснае спаборніцтва аратарскага майстэрства “Мая прафесія – самая цікавая” было якраз у працяг першаму.

    Як супрацьстаяць цяперашнім школьнікам, будучым студэнтам у жаданні выбраць медыцынскую навучальную установу?! Мар’я Януковіч, урач-фтызіятр УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ”,  не пакінула ніколечкі разваг і сумненняў: напачатку быў фільм, зняты ў  жанры “Агента 007”, дзе ўсе падзеі адбываліся ў сценах раённай бальніцы, а потым яе эмацыянальны расказ пра любімы прафесійны занятак замацаваў убачанае.

    А як не захапляцца настаўніцкай прафесіяй, цудоўна прадстаўленай Таццянай Кухта, педагогам-арганізатарам СШ №3 г. Глыбокае. Міні-спектакль, разыграны ёй  разам з вучнямі, быццам пераносіў у школьнае мінулае і нагадваў пра дзіцячыя мары ці не кожнай дзяўчынкі стаць педагогам.

    Марына Цімашэнка, тэхнік службы падстанцый філіяла “Глыбоцкія электрычныя сеткі” заклікала юнакоў і дзяўчат стаць энергетыкамі. Дзяўчына, якая прыехала з Гомеля, ужо ведае, як цікава працаваць на Глыбоччыне ў цудоўным калектыве. Гэта ўбачылі і гледачы, дзякуючы  праграме “Пакуль усе дома”, у ролі вядучай якой выступіла калега Марыны – Ганна Баран.

    Музычны відэакліп “Наша пошта” з удзелам аператара сувязі аддзялення паштовай сувязі Глыбокае-3 Глыбоцкага РВПС Святланы Крывёнак і спевака-рэпера ў адной асобе (нечаканы паварот, згадзіцеся!),  дапоўнены яе шчырым прызнаннем пра выбар прафесіі, – рэкламны ролік няйначай.

    Развеяла міф пра прафесію бухгалтара, як нудную і манатонную, аператар ЭВМ Глыбоцкага райспажыўтаварыства Алена Грышкевіч: замест лічбаў загучалі верш-аўтабіяграфія на беларускай мове і пазнавальны экскурс у гісторыю бухгалтарскай справы.

    Творчасць  плюс эрудыцыя

    І другая частка конкурснай праграмы пацвердзіла – кожная з дзяўчат выбрала прафесію свядома, а іх неардынарныя здольнасці, талент, эрудыцыя – толькі ў дапамогу, каб стаць паспяховымі прафесіяналамі.

    Творчае заданне – конкурс ідэй “Глыбокае – вішнёвая сталіца” зацікавіла найперш арганізатараў фестывальнага мерапрыемства, ды і гледачы былі б не супраць рэалізацыі прапанаваных праектаў.

    Як бы прыгожа стала б на вуліцах горада, калі б увасобіўся ў жыццё праект Марыны Цімашэнкі “Стрыт-арт” (вулічнае мастацтва)– і шэрыя сцены шматпавярховак пераўтварыліся ў “вішнёвыя” пейзажы.

    Добра  было б падчас “Вішнёвага фестывалю”  – ідэя Мар’і Януковіч – зайсці ў салон прыгажосці “Ледзі Вішня” (гэтую назву на пэўны час магла б прымераць любая з гарадскіх цырульняў) і зрабіць адметны “ягадны” манікюр, аквагрым, прычоску, а таксама не пакінуць па-за ўвагай дабрачыннасць – набыць паштоўку “Выратавальная вішанька” з імем пацыента, якому патрэбна дапамога на лячэнне.

    Таццяна Кухта, натхніўшыся раённымі інтэлектуальнымі гульнямі “Што? Дзе? Калі?”, прапанавала правесці іх “вішнёвую” серыю з удзелам каманд маладых спецыялістаў і жыхароў Глыбоцкага раёна на ўладальніка “Вішнёвай савы” – між іншым, прыз быў прадстаўлены на суд гледачоў.

    У праекце Святланы Крывёнак фестывальныя мерапрыемствы павінна суправаджаць мабільнае кафэ “Блінная” з вішнёвым меню. Алена Грышкевіч быццам ёй у дапамогу прапанавала: сабраць і папулярызаваць вішнёвыя рэцэпты нашых бабуль.

    Час, канешне, пакажа, чые праекты стануць рэальнасцю. А паказаўшы сваю дасведчанасць у вобласці працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь – апошнім конкурсным заданні  – удзельніцы разам з гледачамі паглядзелі невялічкі канцэрт, падрыхтаваны  самадзейнымі артыстамі ГДК. У гэты час журы горача абмяркоўвала…

    Пад фанфары аб’яўляем: пераможца першага раённага конкурсу “Лепшы малады спецыяліст Глыбоцкага раёна “Сваёй прафесіяй ганаруся” – урач-фтызіятр Мар’я Януковіч. Энергетык Марына Цімашэнка атрымала грамату “За прафесійную ідэнтыфікацыю”. Самым творчым маладым спецыялістам прызнана  педагог Таццяна Кухта, работнік пошты Святлана Крывёнак – самай эрудзіраванай, бухгалтар Алена Грышкевіч – самай крэатыўнай.

    ***

    Праз пяць хвілін пасля заканчэння  мерапрыемства, калі дзяўчаты атрымалі заслужаныя апладысменты гледачоў, віншаванні журы, кветкі і падарункі,  пацікавілася ў пераможцы пра яе шлях да поспеху.

    – Я была ўпэўнена ў сабе,  дзякуючы маёй маме, калектыву маёй роднай Удзелаўскай школы, дзе я вучылася, калегам з Глыбоцкай ЦРБ. Я ім удзячна за прадстаўленую магчымасць паказаць усё гэта, – расказала Мар’я.

    – Прызнаюся, здзіўлялі вашым аратарскім майстэрствам! Адкуль гэты талент?

    – Гэтаму навучылі  ў школе.

    – Як адчувае сябе малады спецыяліст на працоўным месцы?

    – Я ўсім задаволена. Калектыў бальніцы – цудоўны! І галоўнае – работа мне прыносіць задавальненне.

    Автор: Алена ХайноўскаяВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)