Дзень інвалідаў – дата, якая заклікае актывізаваць усе здаровыя сілы для дапамогі суграмадзянам, якія адчуваюць патрэбу ў асаблівай міласэрнасці. Яна стала сімвалам прызнання роўных правоў за кожным жыхаром Беларусі, неабходнасці клапаціцца перш за ўсё аб тых, хто слабы, хворы або нямоглы.
– Маладыя інваліды ў аддзяленні не толькі праходзяць сацыяльна-бытавую рэабілітацыю, але і займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, – адзначае загадчыца аддзялення дзённага прабывання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі Вольга Махнач. – Аднак для многіх з нашых падапечных важна не толькі прымаць дапамогу ад іншых, але і самім аказваць яе тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
У аддзяленні сёння 23 чалавекі з горада і раёна, прычым юнакоў больш. Яны заўсёды разам – і на занятках у гуртках, і на розных мерапрыемствах. Нават, разышоўшыся па дамах, пастаянна тэлефануюць адзін аднаму.
– Спачатку было праблематычна наладзіць стасункі з выхаванцамі аддзялення так, каб гэта было сапраўды карысна і цікава, – далучаецца да размовы інструктар па працатэрапіі Таццяна Фаміна. – На першых этапах адаптаваліся яны да нас, а мы да іх.
Цяпер падапечныя і спецыялісты аддзялення жывуць адной дружнай сям’ёй. Кожны дзень тут распісаны па хвілінах.
– Асноўную задачу мы бачым у тым, каб навучыць маладых інвалідаў жыць самастойна, не разлічваць толькі на дапамогу бацькоў, калі яны ёсць. Перш за ўсё яны павінны арыентавацца ў элементарных бытавых пытаннях: як прыгатаваць сабе ежу, як разлічыцца ў магазіне ці на пошце, як карыстацца бытавымі прыборамі, – расказвае Вольга Уладзіміраўна. – І ўсяму гэтаму нашы падапечныя навучыліся хутка…
А якія прыгожыя вырабы яны ствараюць сумесна з кіраўнікамі гурткоў! Плеценыя карзінкі, насценнае пано, прыхваткі, папяровыя кветкі – усё гэта і многае іншае можна ўбачыць на паліцах і сценах творчай майстэрні.
Нягледзячы на тое, што лёс не быў да іх прыхільным, гэтыя маладыя людзі ўмеюць радавацца жыццю і дарыць радасць іншым. Імёны Аляксандра Абражэвіча і Вікторыі Брыльянтавай, Алесі Дубовік і Мікалая Кутынкі, Аляксандра Дзюрычкі і Уладзіміра Шэмета, Мікалая Пратасевіча і Яўгена Хамянка добра вядомыя ў райцэнтры. Неаднаразова яны дарылі пазітыўны настрой гледачам на розных мерапрыемствах, якія праходзілі ў аддзяленні, бібліятэцы, раённым Доме культуры.
Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым супрацоўнікаў аддзялення, якія жывуць жыццём сваіх падапечных.
НА ЗДЫМКАХ: пляценне з трубачак асвоіў Уладзімір ШЭМЕТ; цёплыя рукавічкі атрымаюцца ў Алы ЧАРНАВУС.

Комментарии (0)