25 Апреля, 2024 Четверг

Легенда аграрнай школы

  • 02 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    60 гадоў таму дыплом з адзнакай вучонага агранома-эканаміста атрымаў Макс ФРЭЙДЗІН і быў размеркаваны старшынёй раённай планавай камісіі Горацкага райвыканкама. Закончыў аспірантуру і абараніў кандыдацкую дысертацыю ў роднай альма-матэр і паўвека выкладае эканамічныя дысцыпліны. Пад яго кіраўніцтвам абаронена пяць кандыдацкіх і восем магістарскіх дысертацый. Прымаў удзел у распрацоўцы Праграмы ўдасканалення АПК Рэспублікі Беларусь. Удастоены вучонага звання прафесар, заслужаны эканаміст БССР і выдатнік народнай адукацыі БССР. Навуковая школа кафедры аграбізнесу, якою многія гады кіруе Макс Залманавіч, атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. 

    Педагагічная і навуковая дзейнасць прафесара Фрэйдзіна адзначана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі “За доблесную працу”, Францыска Скарыны, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, спецыяльным медалём Камісіі народнай адукацыі Польшчы. Не толькі спасцігаць веды, але і разважаць, прымаць рашэнні — так і сёння вучыць студэнтаў прафесар Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Макс Фрэйдзін.

    Неспакойны пачатак трыццатых гадоў хваляй прайшоўся па беларускіх вёсках. Бедната аб’ядноўвалася ў камуны, больш гаспадарлівых, як небяспечны клас, без разбору вывозілі ў далёкую Сібір. Былі і такія, што, каб не трапіць пад раскулачванне, перабіраліся ў гарады. З былога памешчыцкага маёнтка Раманава, сяляне якога на ліст да правадыра пралетарыяту атрымалі згоду на назву Леніна, маладая сям’я Фрэйдзіных пераехала ў Горкі — у спадзяванні знайсці занятак. Бацька Залман Лазаравіч уладкаваўся бухгалтарам у харчовую арцель, а ў жонкі хлопчык-немаўля на руках, з якім любіла прагульвацца па цяністых алеях акадэмічнага гарадка. Яшчэ дашкольнікам кемлівы хлопчык чытаў па складах казкі для меншай сястрычкі Асі. Вучобу яго, як і ўсіх савецкіх дзяцей, перарвала вайна. Развіталіся з бацькам, які ў першыя дні вераломнага нападу нямецка-фашысцкіх войскаў пайшоў абараняць Радзіму. Гітлераўскія самалёты пачалі бамбіць Горкі. Спешна сталі эвакуіраваць дакументацыю і каштоўную маёмасць вышэйшай сельскагаспадарчай навучальнай установы. Варожыя “месершміты” ўзмацнілі бамбёжку чыгуначнай станцыі Пагодзіна. Маладая Агнэса Фрэйдзіна з двума малымі дзецьмі кінулася да кіраўнікоў харчовай арцелі, дзе да вайны працаваў бухгалтарам муж, каб дапамаглі эвакуіравацца. Выдзелілі каня з павозкай, на якую пагрузілі пажыткі, дзяцей і са сваякамі рушылі на ўсход.

    Спыніліся ў станіцы Новааненская каля Сталінграда. Дарослыя працавалі ў калгасе, а я са стрыечным братам Мацвеем вазіў ваду на палявы стан. 

    Фашысты падступалі да Сталінграда. Мама цудам знайшла сваю сястру, якая лячыла параненых у ваенным шпіталі каля Арэнбурга, і мы адправіліся да яе. Там да Перамогі маці дапамагала даглядаць параненых байцоў. 

    Пасля Перамогі вярнуліся ў паўразбураныя Горкі. Жыць не было дзе. Цясніліся ў чужых людзей. З фронту прыйшоў бацька, і сталі абжывацца. У старэнькай Ксеніі Акаловіч купілі драўляны дом. Абнавілі садок маладзенькімі яблынямі і слівамі. Хутка праляцелі школьныя гады. 

    — Перад вамі раскрылася сто дарог. Бацькі дапамагалі вызначыцца з прафесіяй?

    — Як медаліст я меў магчымасць выбару, але выхаванне падказвала стаць ваенным і служыць Радзіме. Збіраўся паступіць вучыцца на ваеннага ўрача ў Ленінград, але не атрымалася. Апынуўся ў юрыдычным інстытуце. Мой дзядзька высмеяў такі выбар. У той год на біялагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адкрылі аддзяленне глебазнаўства. Толькі семестр вытрымаў на біяфаку ўніверсітэта.

    Мой лепшы сябар Лёня Дылянок паведаміў, што ёсць магчымасць перавесціся на эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Так і вярнуўся ў родныя Горкі. 

    Лёсам была наканавана сустрэча з палачанкай Маяй Партновай, якая пасля заканчэння гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта прыехала выкладаць у акадэмію. Яна ўжо лекцыі чытала, а я толькі на трэцім курсе вучыўся. 

    Разам з выкладчыкамі часта працавалі пасля заняткаў на аднаўленні разбураных за вайну карпусоў, наводзілі парадак на тэрыторыі акадэмічнага дэндрарыя. Выязджалі ў падшэфныя гаспадаркі на ўборку. У вольны час для маладых выкладчыкаў у вялікай зале асобна ладзіліся вечары адпачынку, і я туды зацясаўся. Так неадступна імкнуўся пакарыць сэрца маладой выкладчыцы. Зрэшты атрымалася. Бацькі нас на шлюб блаславілі. Сабралі сяброў і ў невялікім пакойчыку камунальнай кватэры, дзе жыла Мая, наладзілі вечарыну. Перанёс з дому свае пажыткі і стаў прымаком. Мая лекцыі па гісторыі КПСС чытала, а я на заняткі бегаў і грамадскай дзейнасцю займаўся. 

    Як адно імгненне праляцела пяцьдзясят пяць гадоў сумеснага жыцця. Трэці год як аўдавеў… Добра, што сын Валодзя з сям’ёю побач… Нявестка Святлана таксама выпускніца эканамічнага факультэта. А ўнук Арцём пасля заканчэння факультэта бізнесу і права абараніў магістарскую дысертацыю “Аўтсорсінг у аграпрамысловым комплексе” — пра перадачу функцый кіравання спецыялізаванай арганізацыі. Спадзяюся, што павіншую яго і з атрыманнем навуковай ступені  кандыдата эканамічных навук.

    — Макс Залманавіч, у вашай сям’і гэта спадчыннае — працаваць з лічбамі? 

    — Бацькі радаваліся, калі вярнуўся са сталіцы ў Горкі і стаў студэнтам акадэміі. Мне пашчасціла вучыцца ў інтэлігентнай высокапрафесійнай акадэмічнай прафесуры.

    — Імгненна праляцелі студэнцкія гады. Вы атрымалі дыплом з адзнакай вучонага агранома-эканаміста і скарысталі гэта для паступлення ў аспірантуру?

    — Краіне патрэбны былі спецыялісты. Таму аспірантуру адклаў на потым. Размеркаваўся ў Горацкі раён, дзе мне прапанавалі ўзначаліць планавую камісію райвыканкама. Заўзята ўзяўся за справу. Выязджаў у вёскі, вывучаў становішча на месцах і распрацоўваў перспектыўны план сацыяльна-эканамічнага развіцця. Толькі праз некалькі гадоў паступіў у аспірантуру кафедры арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. 

    У рэспубліцы пачалася рэарганізацыя структуры кіравання аграпрамысловым комплексам, і аспіранта Макса Фрэйдзіна запрасілі ўзначаліць планава-фінансавы аддзел утворанага Горацкага тэрытарыяльнага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. Спатрэбіўся вопыт працы ў планавай камісіі і акадэмічныя веды. Смела ўкараняў новыя эканамічныя метады гаспадарання, прагрэсіўную сістэму аплаты працы, што садзейнічала росту валавой вытворчасці прадукцыі палёў і ферм. Па асноўных эканамічных паказчыках раён выйшаў у лідары на Магілёўшчыне. Старанне і руплівасць прафесійнага фінансіста Макса Фрэйдзіна дзяржава адзначыла ордэнам “Знак Пашаны”.

    Практычную дзейнасць эканаміст Фрэйдзін умела спалучаў з навуковай. Збіраў і сістэматызаваў практычны матэрыял для кандыдацкай дысертацыі на тэму “Унутрыраённая спецыялізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на прыкладзе калгасаў і саўгасаў Горацкага раёна”. У час падрыхтоўкі яе дэталёва вывучаў эканоміку гаспадарак, аналізаваў вынікі і прапаноўваў перспектывы развіцця. Пасля паспяховай абароны дысертацыі яго запрасілі выкладаць на эканамічным факультэце акадэміі. Распрацаваў спецкурс “Кіраванне сельскагаспадарчай вытворчасцю”, які стаў абавязковым на ўсіх факультэтах.

    З часоў перабудовы больш за два дзесяцігоддзі Макс Фрэйдзін кіруе кафедрай аграбізнесу, калектыў якой пастаянна ўдзельнічае ў распрацоўцы важных дзяржаўных праграм развіцця АПК. Вучоным саветам акадэміі яму прысвоена ганаровае званне прафесар. Яго навуковыя вывады і распрацоўкі апублікаваны ў больш як 280 навуковых і вучэбна-метадычных працах.

    — Макс Залманавіч, штогод вы сустракаеце новую хвалю моладзі ў аўдыторыі. Як наладжваеце кантакт?

    — Трымаюся на пульсе часу, зацікаўліваю студэнтаў навінкамі. Вучу іх не толькі спасцігаць веды, але і разважаць, прымаць рашэнні. Падмячаю больш схільных да выбранай спецыяльнасці і падтрымліваю іх інтарэс. З многімі выпускнікамі трымаю сувязь. Ганаруся, што кіраваў дыпломнымі праектамі сённяшніх акадэміка Уладзіміра Гусакова, Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Гарошкі, вядомага беларускага хлебароба Рыгора Бабчанка і многіх іншых.

    Не толькі з Беларусі, але і з многіх краін свету тэлефануюць, пішуць, запрашаюць у госці Макса Залманавіча былыя студэнты. 

    Мне пашчасціла таксама вучыцца ў прафесара Фрэйдзіна. Высокі, статны, элегантна апрануты з прыемнай усмешкай на твары ён увайшоў у аўдыторыю і ўсе раптоўна замерлі ў чаканні нечага незвычайнага. Пачалася лекцыя з цікавых практычных прыкладаў, з філасофскімі і нават лірычнымі адступленнямі, лёгкім гумарам, каб зняць напружанне. Імгненна пранесліся дзве акадэмічныя гадзіны, якія запалі ў нашы сэрцы на ўсё жыццё.

    Автор: Уладзiмiр СУБАТЗямля і людзі

Комментарии (0)