04 Мая, 2024 Суббота

Місія «Эканомія»

  • 03 декабря 2015 Общество Русский 0

    Сёння, калі эканомія, асабліва на спажыванні электрычнасці, стала справай абавязковай і звыклай, важная роля ў гэтым працэсе аддаецца спецыялісту-энергаменеджару. Здавалася б, што пад сілу аднаму чалавеку? Але калі ён ведае ўсё — ад эканоміі энергіі ў асобных электраўстаноўках да іх уплыву на ўвесь тэхналагічны працэс, якасць прадукцыі гэтага прадпрыемства і шкоду яго для экалогіі, то многае. Бо часцяком, здавалася б, нязначнае змяненне вытворчага працэсу, і гэта пры захаванні якасці выпускаемай прадукцыі, забяспечвае зніжэнне энергаспажывання да 40%! А значыць, у выніку эканоміць і прадпрыемства, і спажывец. Такіх спецыялістаў зараз рыхтуюць усяго тры айчынныя ВНУ — Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут ім. Сахарава БДУ, БНТУ і БДТУ. Але зусім хутка для спецыялістаў сферы адкрыецца Міжрэгіянальны цэнтр падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у галіне энергетыкі, энергазберажэння і экалогіі. 

    «Прынята рашэнне Мінадукацыі аб стварэнні на базе Міжнароднага экалагічнага парку «Волма» філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які зоймецца падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі такіх кадраў, — прыадчыняе заслону таямніцы выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка» Уладзімір Нісцюк. — Мы разам распрацавалі канцэпцыю, архітэктурны план гэтага цэнтра і пералік абсталявання, якое спатрэбіцца для навучання спецыялістаў. На падтрымку прафесійнай адукацыі краіны Еўрапейская камісія выдзеліла сур'ёзныя сродкі, і частка з іх будзе выдаткавана на закупку самага сучаснага абсталявання. Мы гаворым пра тое, каб рыхтаваць спецыялістаў на абсталяванні не ўчарашняга, а заўтрашняга дня».

    Па словах Уладзіміра Нісцюка, удзел у стварэнні такога цэнтра гатовы прыняць рад еўрапейскіх навучальных устаноў і бізнес-структур. «Плануецца правесці перамовы на ўзроўні міністраў адукацыі гэтых краін, найбуйнейшых кампаній свету, якія паводле папярэдніх перамоў гатовы ўдзельнічаць у стварэнні нашага цэнтра, — кажа ён. — Ёсць пэўныя дамоўленасці ў Расіі, і нас запрашае на сустрэчу і ўзгадненне намаганняў Маскоўскі энергетычны інстытут — самы буйны профільны цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў і павышэння кваліфікацыі. 

    Мы прадумалі гэтае пытанне. Ёсць кантакты з Уфой, Башкартастанам. Тут знаходзяцца буйныя інстытуты, якія займаюцца газам і нафтай. Яны пагадзіліся таксама ўдзельнічаць у нашым праекце. І мы створым яго, магчыма, нават не як міжрэгіянальны, а як міжнародны. Таму што тэма вельмі важная і актуальная».

    Акрамя таго, па словах эксперта, у тэме падрыхтоўкі спецыялістаў па аднаўляльнай энергетыцы, энергазберажэнні ёсць праблемы ў частцы падрыхтоўкі кадраў сярэдняга звяна — тэхнікаў, механікаў, рабочых. «Іх сёння не рыхтуе ніводная ўстанова адукацыі ў нашай краіне, — наракае ён. — Але ж патрэба ў такіх кадрах вялікая. Атрымліваецца, ёсць каму кіраваць працэсам, але няма тых, каму, вобразна кажучы, гайкі круціць. Такога быць не павінна. Мы з Навагрудскім райвыканкамам выйгралі еўрапейскі грант, у рамках якога плануем на базе адной з устаноў, хутчэй за ўсё ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы, упершыню ў гісторыі краіны рыхтаваць спецыялістаў сярэдняга і ніжэйшага звёнаў у галіне аднаўляльнай энергетыкі. Гэта значыць, яны атрымаюць зусім новыя веды, і, без сумневу, будуць запатрабаваныя на рынку краіны». 

    Зрэшты, дэфіцыт такіх кадраў існуе не толькі ў Беларусі. Знаёмыя з праблемай і ў суседняй Расіі. «Наша задача не толькі рыхтаваць спецыялістаў, але яшчэ і шырока прапагандаваць тэму аднаўляемых крыніц энергіі, — гаворыць эксперт. — Калі выступаеш перад юнакамі і дзяўчатамі, бачыш, што ў адных гараць вочы, а іншыя проста не разумеюць, пра што ідзе гаворка. Гэтыя прабелы трэба ліквідаваць. Мы праводзім Дні эфектыўнай энергетыкі. У гэтым годзе пабывалі ў Гродне, Слаўгарадзе. 10 снежня паедзем у Наваполацк».

     

    veraart14@mail.ru

    Автор: АРТЕАГА Вера МихайловнаРэспубліка

Комментарии (0)