02 Мая, 2024 Четверг

Размаўляем па-кітайску

  • 04 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Вітацца і дзякаваць па-кітайску навучыліся маладзечанскія школьнікі на першых факультатыўных занятках, якія з лістапада распачаліся ў гімназіі №6 Маладзечна. Вядзе іх валанцёр з Паднябеснай – 23-гадовая настаўніца Юй Ліна. Наперадзе ў дзяцей шмат цікавага і нязведанага: у кітайскай мове шэсць тысяч іерогліфаў…

    Гэты праект новы для Мінскай вобласці. Наша гімназія – адзіная ў раёне навучальная ўстанова, якая рызыкнула распачаць яго пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, інстытута Канфуцыя пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, пасольства нашай краіны ў Кітаі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама, паведаміла намеснік дырэктара па замежных мовах Ірына Кавалевіч.

    На вырашэнне фармальнасцей, афармленне дакументацыі пайшоў не адзін месяц, і вось нарэшце маладзечанцы сустрэлі ў нацыянальным аэрапорце маладую кітайскую настаўніцу. Яна прыляцела ў складзе валанцёрскага дэсанту з Паднябеснай, які будзе навучаць кітайскай мове школьнікаў з Мінска, Гродна, Оршы, іншых гарадоў. Юй Ліна закончыла адзін з самых буйных на сваёй радзіме Ланьчжоўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «кітайская мова», з другога курса вывучала рускую, год адвучылася ў магістратуры. Яна расказвае, што для таго каб трапіць у лік валанцёраў у нашу краіну, ёй давялося вытрымаць вялікі конкурс, дзе з пяцярых чалавек выбіралі аднаго. Ацэньваліся не толькі веды кітайскай і рускай моў, але і педагагічныя здольнасці, каліграфія, уменне прадставіць адзін з відаў традыцыйнага кітайскага мастацтва. Юй Ліна, напрыклад, з дзяцінства іграе на народным інструменце хулусі.

    У час студэнцкай практыкі яна пабывала ў Казахстане, акрамя таго, вельмі шмат падарожнічала па Кітаі. Бацькі даволі спакойна ўспрынялі жаданне дачкі паляцець працаваць у далёкую і незнаёмую Беларусь. Безумоўна, яны хвалююцца, маці кожны дзень пытаецца ў дачкі, што яна есць. Знайсці прадукты, якія хаця б крыху нагадвалі кітайскія, у нас не так проста. Але калегі з шостай гімназіі клапатліва дапамагаюць Юй Ліне адаптавацца ў нашай краіне. У гэтай навучальнай установе англійскую мову выкладае былы яе выпускнік Валянцін Івашанка, які ў лінгвістычным універсітэце вывучыў і кітайскую і таксама вя-

    дзе факультатыўныя заняткі. Ён прыходзіць на дапамогу Юй Ліне, калі ў яе ўзнікаюць цяжкасці з рускай мовай.

    — З якімі праблемамі сутыкнуліся вы ў першыя тыдні знаходжання ў нашай краіне? – пытанне да настаўніцы з Паднябеснай.

    — Я лепш разумею рускую мову, чым размаўляю на ёй, таму ў магазінах мне было цяжка знайсці неабходныя прадукты. Напрыклад, патрэбны сорт рысу, які ў нас з’яўляецца асноўнай ежай. І з грашыма разабрацца пакуль няпроста — вельмі шмат нулёў. У магазіне, куды я заходжу найчасцей, вельмі ветлівыя прадаўцы, яны дапамагаюць мне расплаціцца. Ваш горад мне падабаецца, пейзажы прыгожыя. Я шмат фатаграфую і дасылаю здымкі бацькам. Маме шлю фота страў, якія гатую для сябе… А што тычыцца надвор’я, то да халадоў я звыклая, бо жыву ў Паўночным Кітаі.

    Факультатыў па кітайскай мове ў гімназіі наведваюць вучні з 4-га па 10-ы клас з усяго горада. Цяпер сюды прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з гімназій №3 і №7, сярэдніх школ №2, 8, 14 і іншых, усяго каля 70 чалавек. Заняткі праводзяцца для розных змен, у тыдзень у кожнай групе два ўрокі па 45 хвілін. Юй Ліна хутка знайшла кантакт са сваімі беларускімі вучнямі, гаворыць, што яны выхаваныя, цікаўныя, вясёлыя і вельмі прыгожыя. На кожным уроку маладая настаўніца выкарыстоўвае інтэрактыўныя сродкі, якімі валодае выдатна. Дзеці з цікавасцю глядзяць прэзентацыі на розныя тэмы, хорам паўтараюць новыя словы і выразы, слухаюць песні, самі спрабуюць падпяваць. Ужо сёння яны ведаюць, што добры дзень па-кітайску — «ні хао», а дзякуй — «сесе». Большасць кітайскіх слоў складаецца з двух іерогліфаў. Правільнае вымаўленне надзвычай важнае: інтанацыя можа змяніць сэнс слова. Факультатыўныя заняткі прадоўжацца да мая. Згодна з праграмай, зацверджанай Міністэрствам адукацыі нашай краіны, дзеці навучацца вуснаму маўленню. Пасля гэтага факультатыўнага курса яны, калі па-

    шчасціць пабываць у Кітаі, змогуць расказаць пра сябе і сваю сям’ю, краіну, хобі. Безумоўна, поспех будзе залежаць ад іх здольнасцей і ўседлівасці. Вывучэнне граматыкі праграма не прадугледжвае, аднак Ліна гаворыць, што вучні просяць у яе напісаць іерогліфы, растлумачыць, што яны азначаюць.

    Так урок за ўрокам дзеці спасцігаюць кітайскую мову, набліжаюцца да культуры і гісторыі Паднябеснай. Гэта не толькі надзвычай цікава і пазнавальна, але і перспектыўна: супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі з кожным годам набірае абароты, а значыць, патрэба ў спецыялістах, якія валодаюць кітайскай мовай, расце.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)