16 Апреля, 2024 Вторник

Жыхар Мар’інай Горкі калекцыянуе дарэвалюцыйную шкляную тару разнастайнага прызначэння

  • 07 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Сяргей Мазур з Мар’інай Горкі любіць зазірнуць у бутэльку. Сяргей — калекцыянер старой дарэвалюцыйнай шкляной тары разнастайнага прызначэння: бутэлькі для напіткаў, флаконы з-пад парфумы, аптэкарскія ёмістасці.

    Сяр­гей Ма­зур са сва­ёй ка­лек­цы­яй.

    Сяр­гей Ма­зур са сва­ёй ка­лек­цы­яй.

    Набор лафітнікаў

    Яго захапленне пачалося 15 гадоў таму, калі ў старой вясковай хаце, якую зносілі, знайшоў незвычайную чарку на ножцы, што валялася пад падлогай. Відаць, майстры, якія ўзводзілі дом, адзначылі заканчэнне будаўніцтва, ды і шпурнулі яе куды папала. Як даведаўся пазней Сяргей Мазур, гэта лафітнік. Так назвалі гранёныя акруглыя ёмістасці простыя людзі ў XІX стагоддзі, па аналогіі з французскім віном «Лафіт». Ёсць у калекцыянера і экзэмпляры такіх шклянак больш позняга перыяду: у Савецкім Саюзе гэтая форма прыжылася, і ў многіх варыяцыях выпускалася заводамі. Шмат такіх вырабаў аматар знайшоў падчас «экспедыцый» па навакольных вёсках. Адна бабулька аддала нават цэлы набор лафітнікаў — 6 штук.

    — Збіральніцтва шкла — ужо даўно не навіна. Ёсць спецыялізаваныя сайты, дзе людзі купляюць, прадаюць і проста дзеляцца інфармацыяй. Нават у Мінску праходзіла выстава старой шкляной тары. Гэтыя бутэлькі і флаконы цікавыя не толькі сваёй формай, але і тым, што на іх нанесены звесткі аб вытворцы і часе вырабу. Па іх можна вывучаць сусветную гісторыю і геаграфію, — сцвярджае Сяргей Мазур.

    У яго калекцыі ёсць, напрыклад, бутэлька ад піва мінскага завода «Аліварыя» 1890 года. У шкле выціснуты арол, які трымае ў кіпцюрах бочку. Калекцыянер — таксама ўладальнік і бутэлькі ад піва 1913 года расійскага вытворцы Івана Дурдзіна. На ёмістасці выбіты вельмі цікавы слоган, які папярэджвае, каб пакупнікі ў крамах патрабавалі кляймо на корку. Яго адсутнасць сведчыць аб падробцы. Купец першай гільдыі Іван Дурдзін у 1839 годзе заснаваў піваварню ў Пецярбургу. Пад піва выкарыстоўваліся бутэлькі карычневага або аранжавага колеру ў выглядзе шматграннай піраміды. Прадукцыя прамыслоўца мела вялікі попыт у спажыўцоў. Гэтым і карысталіся так званыя бультлегеры. Яны збіралі пустую тару і разлівалі ў яе кантрафактны напой, што кідала цень на рэпутацыю прадпрымальніка. Напрыклад, у 1857 годзе таварыству было дадзена права змяшчаць на этыкетцы і рэкламных матэрыялах выяву герба Расійскай імперыі — двухгаловага арла, што давала права пастаўляць прадукцыю да імператарскага двара. Таму і вымушаны быў фабрыкант выкарыстоўваць розныя спосабы, каб абараніць сваю прадукцыі ад падробкі.

    5-32

    Фла­ко­ны для пар­фу­мы — са­праўд­ныя тво­ры мас­тац­тва.

    5-33

    Чай Бліннікава

    Чай у тыя часы маглі дазволіць сабе вельмі заможныя людзі. Вось, напрыклад, шкляная ёмістасць з-пад яго вытворцы Бліннікава, вагой у адзін фунт. Ён заснаваў да рэвалюцыі 1917 года ў Маскве фабрыку па фасоўцы чаю, які закупляў у Кітаі. «Яго пілі вельмі багатыя людзі, паколькі слоік чаю ў 1915 годзе каштаваў 2 рублі 30 капеек, як 16 кілаграмаў грэчкі», — падкрэслівае мой субяседнік.

    Яшчэ адзін экспанат аматар шкла знайшоў выпадкова ў вясковай бабулькі, якая захоўвала ў ім розную драбязу: вінцікі, гайкі, балты. Тут знаходзіўся чай вытворчасці гандлёвага дома «Багау і Ка». Фірму заснаваў у Маскве нямецкі прамысловец. Як сведчыць гісторыя, ён на асобным участку пабудаваў маёнтак, дзе жылі ўсе, хто меў дачыненне да гэтай кампаніі — немцы і рускія.

    — Як сведчыць гісторыя, пры самадзержцу Мікалаю ІІ у Расійскай імперыі было прынята «Палажэнне аб шкляным посудзе». Паводле яго, кожны прамысловец павінен быў ставіць на тары кляймо са сваім прозвішчам, месцазнаходжаннем завода і годам вырабу, — уводзіць у курс справы Сяргей Мазур. — Выява двухгаловага арла на шкляной ёмістасці азначала перамогу на выставах прамысловай прадукцыі, якія наведвала і царская сям’я. Пад арлом быў пазначаны год узнагароджання прадпрыемства дзяржаўным гербам. Знайсці такія экзэмпляры цяпер вельмі складана, пасля рэвалюцыі яны былі знішчаны.

    У Сяргея Мазура сабраны таксама флаконы самых вядомых парфумераў дарэвалюцыйнай Расі: Бракара і Рале, якія мелі на сваёй прадукцыі выяву арла і пастаўлялі яе да царскага двара. Рале — француз, пераехаў у Расію ў 1861 годзе, дзе яго пачалі называць Апанасам Іванавічам. Кампанія Бракара прымала ўдзел у XV Усерасійскай прамыслова-мастацкай выставе 1882 года. Перад сваім павільёнам капіталіст пабудаваў фантан, які напоўніў адэкалонам «Кветкавы». Гэта быў удалы рэкламны ход, які ў далейшым прынёс яму значныя прыбыткі. Наведвальнікі чэрпалі адэкалон у прынесеныя з сабой ёмістасці, дамы апускалі ў яго свае насоўкі, а самыя смелыя кавалеры нават змочвалі пінжакі.

    Фірма «Бракар і Ка» атрымала залаты медаль выставы за поўную калекцыю касметычных сродкаў высокай якасці, імклівае развіццё вытворчасці.

    — Але сярод калекцыянераў асабліва цэняцца больш раннія бракараўскія флаконы, без выявы герба, — адзначае Сяргей.

    Альфонс Рале таксама быў французскім падданым. Ён атрымаў права на сваёй прадукцыі ставіць аж 4 гербы Расійскай імперыі — знак найвышэйшай якасці. Самая праслаўленая парфума — духі «Шанэль №5». Гэта твор рук Эдуарда Бо — вядучага парфумера фабрыкі.

    Ад­ра­зу і не зда­га­да­еш­ся,  што гэ­та му­ха­лоў­ка.

    Ад­ра­зу і не зда­га­да­еш­ся, што гэ­та му­ха­лоў­ка.

    Та­кая ёміс­тасць з ча­ем каш­та­ва­ла,  як 16 кі­ла­гра­маў грэч­кі.

    Та­кая ёміс­тасць з ча­ем каш­та­ва­ла, як 16 кі­ла­гра­маў грэч­кі.

    Празрыстая мухалоўка

    Шмат у збіральніка і шкляной тары часоў Другой сусветнай вайны. Яна як напамін аб тых страшных гадах. Сяргей паказвае бутэльку ад гарэлкі, якую знайшоў падчас паездкі ў польскі горад Асвенцым. Тут Якуб Хаберфельд у 1804 годзе адкрыў лікёра-гарэлачны завод. Персанал лагера смерці любіў ужываць менавіта яго напоі.

    У калекцыі Сяргея Мазура і флакон ад адэкалону 1930-х гадоў нямецкага вытворцы Блокенгассэ. «Такі адэкалон пастаўляўся ў войскі Вермахта, — кажа мой суразмовец. — Наогул, у нямецкіх салдат было з сабой многа парфумы розных вытворцаў, а таксама аптэкарскія флаконы з лекамі ад галаўнога, зубнога болю і нават для паласкання поласці рота. Салдатам прапаноўваліся нават тры разнавіднасці кропель для асвяжэння. Вось у гэтым, напрыклад, знаходзіўся раствор «Адол» з дазатарам. У адной з бутэлечак былі лекі ад галаўнога болю, кашлю. Цікава, што яны выпускаліся на аснове кадэіну і людзі атрымлівалі вялікую наркатычную залежнасць. «Напрыклад, сіроп ад кашлю французскай вытворчасці «Фамэль» — гэта чысты кадэін. А яго ж давалі і дзецям. А вось у гэтай ёмістасці былі лекі, якія нібыта дапамагалі ад усіх захворванняў, супакойвалі нервы. Прынамсі, у гэтым запэўнівалі нямецкіх салдат. Па шкляным посудзе з-пад парфумы, мінеральнай вады, спіртных напояў, піва, што везлі з сабой на нашу зямлю захопнікі, можна бачыць, што на Германію працавала ўся Еўропа. А яшчэ дадам, што нават ваяваць яны хацелі з камфортам. Гэта іх і загубіла».

    Калекцыя Мазура налічвае больш як 200 розных шкляных экзэмпляраў дарэвалюцыйнай вытворчасці. Ён уладальнік набору невялікіх бутэлечак трохвугольнай формы. У іх разлівалі воцатную эсэнцыю. Такой формы ёмістасць зрабілі для таго, каб людзі не пераблыталі яе з гарэлкай. І, перш чым запусціць у вытворчасць, правялі вялікую рэкламную кампанію, каб народ прывык да гэтай тары. Такія бутэлькі, відаць, помняць людзі старэйшага пакалення. Менавіта ў іх выпускалася воцатная эсэнцыя і ў Савецкім Саюзе.

    А вось для чаго прызначаны дзіўны экспанат, не падобны ні на адзін з папярэдніх, цяжка здагадацца.

    — Я і сам доўга шукаў звесткі пра гэты экзэмпляр. Аказалася, што гэта мухалоўка, — смяецца Сяргей. — У ёй няма дна, у чашу ўнутры наліваецца сіроп, і насякомыя злятаюцца на яго, нібы на мёд. А вылецець адтуль не могуць — зверху пробка.

    Пра гісторыю кожнага экспаната мой суразмовец можа расказваць гадзінамі. Кожны з іх сапраўды зачароўвае сваёй незвычайнасцю, вытанчанасцю, раскошай. Насуперак агульным уяўленням, шкляны посуд дарэвалюцыйнай вытворчасці вельмі лёгкі, з тонкімі сценкамі, я сказала б, далікатны. Сярод сучасных узораў такі знайсці немагчыма.

    Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

    lazovskaya@zviazda.by

    Автор: Таццяна ЛазоўскаяЗвязда

Комментарии (0)