19 Апреля, 2024 Пятница

Шосты школьны дзень — цікавы, карысны і змястоўны

  • 07 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    У гэтым мы ўпэўніліся, паразмаўляўшы не з адным прадстаўніком педагагічнага і вучнёўскага складу раёна. Да таго ж, у прыярытэце — пажаданні саміх навучэнцаў

    Працоўныя планы на шосты школьны дзень, як адзначыла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Лісіца, складзены з улікам каляндара святаў і адлюстроўваюць асноўныя накірункі выхаваўчай работы. Пры гэтым асноўны — фізкультурна-аздараўленчы. Кожная другая субота месяца аб’яўлена Днём здароўя. У яе рамках ва ўсіх школах праводзяцца мерапрыемствы спартыўнага плану, па прафілактыцы шкодных звычак: курэння, п’янства, наркаманіі і таксікаманіі. Яны накіраваны на фарміраванне ў дзяцей культуры здаровага ладу жыцця: спартландыі, першынствы па розных відах спорту, спартыўныя святы, конкурсы малюнкаў, а таксама віктарыны, маладзёжныя ток-шоу, брэйн-рынгі. Падчас планавання Дзён здароўя абавязкова ўлічваюцца ўзрост навучэнцаў, сязонныя ўмовы надвор’я, традыцыі ўстаноў адукацыі, наяўнасць спартыўных збудаванняў і забяспечанасць неабходным інвентаром. 

    Адным з важных накірункаў арганізацыі шостага школьнага дня з’яўляецца працоўнае выхаванне непаўналетніх. У школах рэгулярна праводзяцца суботнікі, “працоўныя дэсанты”, акцыі. Навучэнцы займаюцца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі і наўкол яе, пасадкай дрэўцаў, зборам металалому і макулатуры.

    Перад вучнямі старэйшых класаў заўсёды стаіць праблема выбару будучай прафесіі. Каб дапамагчы ім з гэтым, на суботні дзень плануюцца мерапрыемствы прафарыентацыйнага накірунку, калі школьнікі могуць наведаць альбо да іх наведваюцца прадстаўнікі розных прафесій, а таксама навучальных устаноў, дзе зацікаўлены ў будучых абітурыентах. 

    Сваю дзейнасць у суботні дзень ажыццяўляюць таксама грамадскія аб’яднанні і арганізацыі — піянерскія і “БРСМ”, а таксама валанцёрскія атрады і атрады “Міласэрнасць”. 

    Улічваючы тое, што важнай складаючай поспеху адукацыйнага працэсу і выхаваўчых мерапрыемстваў з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне з сям’ёй школьніка, у суботу арганізуецца работа “сямейных клубаў”, “гасціных”, працуюць сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя службы. 

    У любым выпадку, перш чым спланаваць суботнія мерапрыемствы, у кожнай школе на пачатку вучэбнага года праводзіцца анкетаванне сярод непаўналетніх і іх бацькоў, і высвятляюцца іх прапановы і пажаданні. І ўсё гэта таму, каб шосты школьны дзень быў для вучняў не толькі карысным, але і цікавым. 

    * * *

    Тое, што ў Каменскай СШ, куды мы наведаліся, каб пацікавіцца шостым школьным днём, да яго арганізацыі падыход сур’ёзны, і ў школе абавязкова знойдзецца цікавы занятак для непаўналетніх, наперабой расказвалі самі вучні. 

    Ксенія Рубкевіч, 9 клас: 

    — У суботу ў школу прыходжу з задавальненнем. Спачатку на факультатыўныя заняткі па прадметах: матэматыцы, фізіцы, беларускай мове, потым на валейбол, тэніс. Працуе таксама гурток па вакале. 

    Анжаліка Курловіч, 9 клас:   

    — Згаджаюся з усім, што сказала Ксенія. Сама прыходжу ў школу штосуботы і хачу адзначыць, што ў гэты дзень у нас надзвычай людна. 

    Васіль Брыкет, 6 клас:

    — Я хаджу ў школу па суботах на спевы, а таксама  на заняткі па футболе і валейболе.

    Раман Кудач, 6 клас:

    — Я таксама наведваю вакальны гурток, а яшчэ вельмі люблю футбол. Ці не хочацца ў суботу даўжэй паспаць? Мне — не. Мяне болей вабіць сустрэча з сябрамі ў школе.  

    Насця Краўцова, 9 клас:

    — У суботні дзень прыходжу ў школу ў тым ліку і каб рыхтавацца да філалагічнай алімпіяды. І, увогуле, ужо 9 клас, задумваюся пра паступленне. Разумею, што для дасягнення пастаўленай мэты дадатковыя веды па неабходных прадметах трэба назапашваць ужо цяпер. Шосты школьны дзень для гэтага — самы час. 

    * * *

    — Вельмі важна, каб у чалавека было права выбару, — дзеліцца ўласным меркаваннем адносна шостага школьнага дня намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Каменскай СШ А.К. Бародзіч. — У нас ёсць такія дзеці, якія мала бачаць сваіх бацькоў на працягу тыдня, і могуць пабыць з імі толькі ў выхадныя дні. Таму калі ў дзіцяці ёсць магчымасць застацца дома і правесці з бацькамі паўнацэнны сямейны адпачынак ці дапамагчы ім у той ці іншай справе, то чаму не? Добрая сям’я лепш чым хто выхавае чалавека. А калі, скажам, абставіны складваюцца так, што бацькі ў суботу працуюць ці заняты нейкімі сваімі хатнімі справамі і не могуць удзяліць дзіцяці неабходнай увагі, то апошняму, бясспрэчна, лепш прыйсці ў школу, дзе для яго абавязкова знойдзецца занятак. 

    Тое самае і ў плане вучобы. Вядома ж, факультатыўныя заняткі ў шосты дзень мы праводзім выключна ў старэйшых класах. Робім гэта для таго, што дадзеныя факультатывы не ўмяшчаюцца ў працоўны расклад на працягу тыдня. Пасля вучэбных заняткаў школьнікам цяжка ўспрымаць дадатковую інфармацыю, тым болей што яе ўзровень некалькі вышэйшы, чым на ўроках. Значна лепш такія веды засвояцца на “свежую” галаву. Прычым, на суботу ставім не болей трох факультатываў. Пасля іх правядзення ў гэтых жа вучняў ёсць добрая магчымасць разрадкі, яны ідуць на секцыі альбо на мерапрыемствы, якія запланаваны. У шосты школьны дзень імкнемся планаваць у асноўным спартыўныя. Тут хачу адзначыць, што ў нас цудоўны настаўнік фізкультуры Міхаіл Шчарбакоў, які любіць сваю прафесію, любіць дзяцей і імкнецца рабіць усё магчымае для таго, каб ім было цікава на яго занятках і каб яны выбіралі здаровы лад жыцця. 

    Яшчэ адзін прыклад

    Тэмай мерапрыемства мінулага шостага школьнага дня ў Гарбацэвіцкай школе была «ВІЧ/СНІД: няма групы рызыкі — рызыкуюць усе». Мэтай мерапрыемства, па словах педагога-арганізатара Ф.І. Памялёнак, з’яўлялася недапусціць распаўсюджвання небяспечнай інфекцыі сярод навучэнцаў школы праз іх інфармаванне аб праблеме.

    Непасрэдна перад размовай школьнікі адказалі на пытанні тэсту “Што ты ведаеш пра ВІЧ-інфекцыю?”. Пасля ім была прапанавана прэзентацыя з дадзенай інфармацыяй. А затым адбылося абмеркаванне адказаў тэсту. Да апошняга вучні падыйшлі надзвычай сур’ёзна, адказы на ўсе пытанні давалі правільныя. А на тое, што датычылася іх жыццёвых каштоўнасцей, амаль усе з іх адказалі, што гэта цікавая праца, шчаслівае сямейнае жыццё, здароўе. 

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы

Комментарии (0)