30 Апреля, 2024 Вторник

Слізкая дарожка

  • 13 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Колькасць злачынстваў непаўналетніх, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, павялічылася амаль удвая, а крымінальных хуліганстваў, калі падлеткі б’юцца, разбураюць агароджы або пашкоджваюць аўтамабілі – на 49 працэнтаў.

    У чым прычыны такога ўсплёску маладзёжнай злачыннасці? Што прадпрымаюць кампетэнтныя органы, інспекцыі па справах непаўналетніх, установы адукацыі і грамадскія арганізацыі? Адкуль у юным узросце бярэцца залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў? За каментарыямі і прагнозамі мы звярнуліся да спецыялістаў, чыя праца непасрэдна звязана з «цяжкімі» падлеткамі.

    Крымінальны серыял

    Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх абл-выканкама Аляксандр Каштанюк расказаў, што палова ўсіх падлеткавых злачынстваў – крадзяжы. Напрыклад, сёлета 17-гадовы вучань школы № 33 г. Брэста паспеў праславіцца як сапраўдны серыйны злодзей – ён украў і збыў больш за дзясятак веласіпедаў. Іншая падобная серыя крадзяжоў ускалыхнула Столінскі раён. Там двое непаўналетніх і адзін дарослы «вытрыбушылі» цэлы чортаў тузін аўтамабіляў…

    Усё – з сям’і

    Адну з асноўных прычын росту маладзёжнага крыміналу Аляксандр Каштанюк бачыць у сям’і. Дзеці часта парушаюць закон, калі, у прынцыпе, павінны быць пад наглядам бацькоў – позна ўвечары ці нават ноччу. Таксама часта дарослыя не звяртаюць увагі, адкуль у дзіцяці з’яўляюцца новыя рэчы або грошы, якія могуць быць крадзенымі. Некаторыя бацькі лічаць, што іх абавязкі – апрануць, накарміць і забяспечыць адукацыю падлетку, але пры гэтым мала з ім маюць зносін, не цікавяцца яго захапленнямі і асяроддзем. Таму і не заўважаюць змены ў паводзінах, калі дзіця ступае на слізкую дарожку. 

    Праблемнымі ў крымінальным плане бываюць і ўстановы прафесійнай адукацыі, а тут казаць толькі аб недаглядзе бацькоў нельга.Ды і самі падлеткі часам ідуць на крымінальныя авантуры або эксперыменты з наркотыкамі несвядома, спантанна, проста з цікаўнасці. Яны нават не думаюць, што міліцыя цяпер значна павялічыла свой экспертны і тэхнічны патэнцыял – пачынаючы ад відэакамер, якія амаль паўсюдна, заканчваючы базамі дадзеных і тэхсродкамі для адсочвання выкра-дзеных мабільных тэлефонаў. Таксама трэба сказаць, што і пацярпелыя нярэдка паводзяць сябе бесклапотна: пакідаюць без нагляду веласіпеды, тэлефоны, аўтамабілі...

    Трохі пазітыву

    Аляксандр Каштанюк адзначыў і станоўчыя тэндэнцыі. Перш за ўсё, рост маладзёжнай злачыннасці запаволіўся ў параўнанні з пачаткам года, калі ён быў пагрозлівым. Менш стала злачынстваў у п’яным выглядзе і сярод ужо асуджаных падлеткаў, у чым бачная праца адпаведных органаў, якія сочаць за гэтым кантынгентам. Няма росту і па цяжкіх злачынствах у маладзёжным асяроддзі. Але, калі параўнаць са статыстыкай 7-гадовай даўніны, лік самых небяспечных крымінальных спраў знізіўся ў разы: да прыкладу, рабаванняў з 80 у год да 10-20, разбояў з 15-20 да 2-5, забойстваў з 3-5 да 1-2. Напрыклад, у пачатку 2015-га ў Брэсце 17-гадовы наркаман, які вучыўся ў Высокім, забіў суседа па лесвічнай пляцоўцы. І гэты юнак паспеў прыняць удзел у крадзяжы, а пры затрыманні кідаўся з сякерай на супрацоўнікаў міліцыі.

    Акрамя таго, за апошнія гады стабілізавалася сітуацыя па адміністрацыйных правапарушэннях сярод непаўналетніх. Раней ільвінай доляй такіх дзей было распіццё спіртнога, цяпер жа лік правапарушэнняў па гэтым артыкуле зраўняўся з колькасцю парушэнняў падлеткамі правіл дарожнага руху.

    Зыходзячы са згаданых тэндэнцый, інспекцыі па справах непаўналетніх, міліцыя, установы адукацыі і іншыя арганізацыі будуюць прафілактычную працу, якая з часам дае вынікі. Напрыклад, у 2010 годзе Пінск быў сапраўднай маладзёжнай наркасталіцай вобласці. У горадзе над Пінай падлеткі здзейснілі 83 працэнты ўсіх злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, сярод непаўналетніх Брэстчыны. Але пасля сур’ёзнай працы доля Пінска ўпала да 7-9 працэнтаў.

    Удар па спайсах

    Праблему распаўсюджвання наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі ўбачыў і старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Андрэй Кабятка. Паводле яго слоў, аналіз паказвае, што рост падлеткавай злачыннасці па лініі незаконнага абароту наркотыкаў справакаваў павелічэнне агульнай колькасці злачынстваў непаўналетніх. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6  «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» зрабіў больш жорсткай адказнасць распаўсюджвальнікаў курыльных сумесяў – так званых спайсаў, якія прыносяць вялікую шкоду здароўю і выклікаюць хуткае прывыканне. Актывізавалася прафілактычная  работа, праходзяць выступленні спецыялістаў ва ўстановах адукацыі, навучальныя трэнінгі, выяўляюцца маладыя людзі, схільныя да ўжывання псіхаактыўных рэчываў. У разы вырасла колькасць дылераў-распаўсюджвальнікаў небяспечнай для жыцця атруты, якія трапілі ў сеткі наркакантролю. Так, толькі ў Пінску за збыт наркотыкаў папаліся два падлеткі. Першы 17-гадовы дылер ужо асуджаны і атрымаў 9 гадоў пазбаўлення волі, другога чакае суд з перспектывай апынуцца за кратамі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.

    Пакуль сітуацыя са спайсамі развіваецца больш па інерцыі, але пад уплывам прынятага комплексу мер напружанасць па гэтай праблеме спадае – і Андрэй Аляксандравіч упэўнены, што пытанне з курыльнымі сумесямі да ранейшай вастрыні не вернецца.

    Клопат ліцэя

    Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Сухан згодны, што сям’я адыгрывае адну з вызначальных роляў у выхаванні дзіцяці. У прафліцэй прыходзяць далёка не самыя лепшыя – большасць маюць толькі аднаго з бацькоў, больш за два дзясяткі – сіроты, а ў 15 навучэнцаў сем’і знахо-дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Таму не дзіўна, што ліцэісты здзейснілі 2 злачынствы і 22 правапарушэнні за тры кварталы гэтага года. Дарэчы, адно злачынства ў ліцэі раскрылі самі – выявілі наркамана, які ўжываў курыльныя сумесі, заказваючы іх праз інтэрнэт. Таму адной з прычын росту падлеткавай злачыннасці, асабліва звязанай з наркотыкамі, Міхаіл Аляксеевіч бачыць у шырокім доступе да адпаведнай інфармацыі праз сусветную павуціну. А дапытлівасці моладзі не займаць – вось і трапляюцца, як мухі ў лапы павука, жадаючы паспрабаваць забароненае. 

    У ліцэі ідзе актыўная прафілактыка правапарушэнняў. Да прыкладу, тут працуюць 32 спартыўныя секцыі і гурткі, каб навучэнцы ўвесь час былі занятыя карыснай справай. Для гутарак запрашаюць псіхолагаў, супрацоўнікаў міліцыі, дактароў, праводзяць бацькоўскія сходы. На адным з іх быў паказаны фільм пра шкоду спайсаў, дык некаторыя недасвечаныя ў гэтым пытанні мамы і таты былі проста шакіраваны ўбачаным і цвёрда вырашылі ўзмацніць кантроль за сваімі дзецьмі. Таксама педагог пажадаў, каб арганізацыі, што працуюць з «цяжкімі» падлеткамі, не дакаралі ўстановы адукацыі ў няякаснай выхаваўчай рабоце, а наладзілі больш цеснае супрацоўніцтва і разам працавалі над агульнай праблемай.

    Злачыннасць на… дне

    Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Пінскага ГАУС Канстанцін Саланевіч адзначыў, што ўзровень падлеткавай злачыннасці зніжаўся гадоў пяць. Тады дзяцей было менш, а цяпер колькасць злачынстваў дайшла да пэўнага дна, калі статыстычна зніжацца далей няма куды і мажлівы лакальны ўсплёск, таму што заўсёды ёсць некаторая частка моладзі, схільная да парушэння закона. 

    Вядома, рост злачыннасці – гэта сігнал, што трэба актывізаваць прафілактычную працу з падлеткамі, здзяйсняць больш рэйдаў, каб спыніць парушэнне закона маладымі людзьмі, напрыклад, яшчэ на стадыі распіцця спіртнога, яшчэ да таго, як іх пацягне на ўсялякага роду крымінальныя прыгоды.

    Экскурсія ў суд

    Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ленінскага раёна Брэста Наталля Кандраць-ева заўважыла, што рост падлеткавай злачыннасці пачаўся яшчэ ў жніўні мінулага года і звязаны з незаконным абаротам наркотыкаў, бо 48 працэнтаў маладзёжнага крыміналу – гэта наркотыкі і крадзёж з мэтай куплі дурманлівага зелля. Сярод прынятых прафілактычных мер – закрыццё інтэрнэт-магазінаў, якія гандлююць спайсамі і іншай атрутай, ізаляцыя дылераў. У раёне правялі 14 асветніцкіх бацькоўскіх сходаў па нарка- і прававой тэматыках на прадпрыемствах. Таксама падлеткі з груп рызыкі прысутнічалі на адкрытых судовых пасяджэннях па рэзанансных справах пры абвяшчэнні прыгавору. Можна ўспомніць прававы брэйн-рынг для вучняў, спартыўныя мерапрыемствы і экскурсіі ў ваенныя часткі і на пагранзаставу, арганізаваныя УДА «Шматпрофільны цэнтр дзяцей і моладзі», дапамогу цэнтра сяброўскага стаўлення да падлеткаў «Разам». Хлопцы і дзяўчаты не павінны сядзець без справы ні на канікулах, ні па выхадных днях, ні ўвечары.

    Наталля Уладзіміраўна падкрэсліла не раз ужо агучаную думку: бацькам трэба ведаць, што менавіта сям’я ў першую чаргу адказвае за выхаванне дзяцей. Таму ўсе суб’екты прафілактыкі павінны працаваць з мамамі і татамі, каб данесці інфармацыю да дарослых і дапамагчы ў праблемных сітуацыях. І хоць цяпер сумеснымі намаганнямі дзяржорганаў і грамадскіх арганізацый крымінальная абстаноўка адносна стабілізавалася, трэба працаваць на апярэджанне магчымых нечаканасцей.

    Автор: Сяргей РЭКУЦНародная трыбуна

Комментарии (0)