04 Мая, 2024 Суббота

Непаўторны свет дзяцінства

  • 15 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Жыццё колішняга дзіцячага сада №3 – а сёння Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 горада Астраўца – пачалося ў 1985 годзе. Менавіта тады новую навучальную ўстанову засялілі маленькія жыхары і іх выхавацелі.

    З таго часу прайшло 30 гадоў, а садок ніколькі не «пастарэў»: ён па-ранейшаму жыве ў свеце дзяцінства.

    детский сад10

    детский сад12

    детский сад9У мінулым годзе гэтую дашкольную ўстанову ўзначаліла ініцыятыўная і энергічная Алена Пятроўна Васільчык, жыццё якой і да гэтага было звязана з дзецьмі і іх выхаваннем. 24 гады назад маладая настаўніца гісторыі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка сваю працоўную дзейнасць пачала піянерважатай у Дайлідскай сярэдняй школе. Затым працавала настаўніцай гісторыі і вызваленым класным кіраўніком у СШ №2, якая потым стала гімназіяй №1, нейкі час з'яўлялася метадыстам па дзіцячых грамадскіх аб'яднаннях цэнтра творчасці, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1.

    детский сад1

    – Калі мне прапанавалі ўзначаліць дашкольны цэнтр, я вырашыла паспрабаваць сябе ў новай дзейнасці – у гэтым мяне падтрымаў і муж, – расказвае Алена Пятроўна. – Канешне, гаварыць аб нейкіх выніках і маіх асабістых заслугах яшчэ рана. Але першыя крокі ўжо зроблены. Асабліва ўзрадавала нас – а калектыў пасля адкрыцця ў нашым горадзе новага дзіцячага садка ў першым мікрараёне крыху змяніўся, – што сёлета па выніках года нам было прысуджана званне «Брэнд года». Гэта значыць, што наша праца не засталася незаўважанай.

    детский сад2

    Першымі памочнікамі Алены Пятроўны з'яўляюцца яе намеснік Ала Станіславаўна Сініца і выхавацель-метадыст Жанна Раманаўна Кузняцова, якія да атрымання новых пасад працавалі ў гэтым садку выхавацелямі – і таму агульную мову са сваімі калегамі і дзецьмі доўга шукаць ім не давялося.

    Сёння садок наведваюць 222 дзіцяці (пры яго праектнай магутнасці 220 дашкольнікаў), якія аб'яднаны ў 12 груп. Акрамя звычайных агульнаадукацыйных груп, тут створаны санаторная, інтэграваная і спецыяльная групы – у іх займаюцца дзеці, якія маюць у гэтым патрэбу.

    детский сад3

    – У нашым садку адкрыты групы на платнай аснове па навучанні англійскай мове – заняткі ў іх праводзіць настаўніца гімназіі №1 Інэса Іосіфаўна Шлыковіч. Папулярнасцю ў дзяцей і бацькоў карыстаюцца заняткі харэаграфіяй – створаны шэсць груп, якія працуюць пад кіраўніцтвам настаўніцы гімназіі №1 Алены Іванаўны Власенка, а таксама нашых педагогаў Таццяны Анатольеўны Санюкевіч і Ірыны Чаславаўны Гульбінскай.

    детский сад4

    Настаўнік-дэфектолаг Алена Мечыславаўна Галяк аказвае дашкольнікам гувернёрскія паслугі. А летам у садку апрабіравалі яшчэ адну новую паслугу – тут працавала група кароткачасовага наведвання для дзяцей ад 2 да 3 гадоў.

    – Яна была створана для таго, каб бацькі ў летні час маглі пакінуць сваё дзіця пад наглядам вопытных педагогаў-выхавацеляў. Час, які дзеці знаходзіліся ў садку, не перавышаў 3,5 гадзін. Сёлета яе наведвалі 10 дзетак, і, як сведчыць апытанне бацькоў, такая форма работы ім спадабалася, – расказвае загадчыца садка Алена Пятроўна Васільчык. – Ужо шмат гадоў у нас функцыянуе группа кароткачасовага наведвання «Малышкіна школа» – на працягу года на заняткі да нас прыходзяць малышы, якія рыхтуюцца да наведвання садка. Дзеці разам з мамамі і татамі ўдзельнічаюць у занятках, малююць, лепяць – словам, займаюцца тым, што чакае іх неўзабаве – толькі ўжо без бацькоў. А дапамагаюць ім у гэтым нашы выхавальніцы Валянціна Напалеонаўна Казлоўская, Ірына Чаславаўна Гульбінская, Анастасія Анатольеўна Барадзюк, а таксама псіхолаг Таццяна Рыгораўна Тарашкевіч.

    детский сад5

    Словам, сёння ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 узаемадзейнічаюць вопыт, які прадстаўлены педагогамі, што не першы год працуюць з дзецьмі, і маладосць – педагогі, якія пасля заканчэння педагагічных устаноў яшчэ толькі спасцігаюць азы сваёй прафесіі, таксама ўносяць у развіццё садка новыя тэндэнцыі.

    Адным з такіх вопытных і адданых свайму калектыву педагогаў з'яўляецца Яніна Рыгораўна Сымановіч, якая амаль трыццаць гадоў прысвяціла рабоце з дашкольнікамі, – дваццаць восем з іх яна працуе ў гэтай дашкольнай установе.

    детский сад6

    Сёння ў сярэдняй групе Яніны Рыгораўны 23 дзіцяці – цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак, кожны з якіх – індывідуальны і непаўторны.

    – За трыццаць гадоў, што працую ў садку, – дзеліцца Яніна Рыгораўна, – дзеці змяніліся. Сённяшнія малышы – гіперактыўныя і мэтанакіраваныя. Здаецца, што яны ўжо нараджаюцца асобамі, і наша задача – кожнага разумець і знайсці да яго свой падыход.

    детский сад7

    У Яніны Рыгораўны з гэтым праблем няма! Усе яе выхаванцы з задавальненнем наведваюць гурток «Цестапластыка».

    – Гадоў пяць назад адна з мамаў маіх выхаванцаў прывезла мне цікавую кнігу на польскай мове. У ёй і быў прыведзены майстар-клас па цестапластыцы. Я вырашыла паспрабаваць. Спадабалася – і мне, і дзецям. Гэтая тэхніка развівае творчыя здольнасці дзяцей і фантазію: з цеста трэба зляпіць нейкую рэч, а затым яшчэ і размаляваць яе. А таксама – маторыку, а значыць, і мову.

    Усё жыццё марыла працаваць з дзецьмі і Валянціна Вітольдаўна Іваніцкая. Спачатку настаўніца пачатковых класаў вучыла дзяцей у СШ №2. А пасля дэкрэтнага адпачынку Валянціна Вітольдаўна змяніла месца працы – і вось ужо 16 гадоў яна – выхавацель Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

    детский сад8

    Асаблівасцю навучання дзяцей у групе Валянціны Вітольдаўны з'яўляецца тое, што яна працуе па методыцы Мантэсоры, накіраванай на сацыяльнае і псіхафізічнае развіццё дзіцяці.

    – Некалькі гадоў назад я сур'ёзна захапілася гэтай методыкай. Прайшла навучанне ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Працаваць па методыцы Мантэсоры цікава. Канешне, падрыхтоўка да заняткаў займае шмат часу, аднак бачны вынік, – расказвае Валянціна Вітольдаўна Іваніцкая. – Сёння ў нас шмат гульняў і метадычных дапаможнікаў – усе яны зроблены з дрэва. Адны з іх былі набыты дзякуючы падтрымцы аддзела адукацыі, іншыя дапамагалі набываць бацькі выпускнікоў нашага садка.

    Дарэчы, першыя выпускнікі Валянціны Вітольдаўны, якія сёння вучацца ў пачатковых класах, часта наведваюць сваю выхавальніцу– і гэта для педагога найвышэйшая ацэнка яе працы.

    Побач з вопытнымі педагогамі вучацца майстэрству маладыя выхавацелі. Такіх у садку ажно сем. Адна з іх, Ірына Генрыхаўна Юцкевіч, у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці працуе другі год. Пачынала падменнай выхавальніцай, а сёлета ў маладога педагога з'явілася свая група, якую наведваюць тыя дзеткі, якія ў наступным годзе пойдуць у школу.

    детский сад11

    І з дзецьмі, і з іх бацькамі Ірына Генрыхаўна хутка знайшла агульную мову – ёй дапамагло тое, што падчас вучобы яна працавала ў адным з садкоў Мінска. А ў бліжэйшы час дзяўчына марыць прадоўжыць адукацыю і атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць.

    Пра вучобу ў магістратуры марыць і Алёна Анатольеўна Стасяк, якая сёлета вярнулася ў Астравец пасля заканчэння Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

    Алёна Анатольеўна працуе з трохгадовымі малышамі, якія наведваюць санаторную группу, таму яе рабочы дзень пачынаецца ў сем гадзін раніцы і заканчваецца ў сем гадзін вечара.

    – Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, – дзеліцца ўражаннямі малады педагог. – Яны маленькія – але ўсё разумеюць, глядзяць на цябе і вераць кожнаму твайму слову – і ты не маеш права іх падмануць.

    Дзеці з захапленнем наперабой расказваюць, як ім падабаецца ў садку.

    – Больш за ўсё я люблю маляваць і ляпіць, – расказвае Насця Казлоўская. – А яшчэ я люблю матэматыку. І на вуліцы люблю гуляць у «Кот і мышы».

    – Мы тут вучым літары і геаметрычныя фігуры, – працягвае Арцём Каспяровіч. – А яшчэ я на падрыхтоўку ў гімназію хаджу – хутка ж у школу. Але ў садок усё роўна буду прыходзіць – малодшую сястрычку буду прыводзіць. Тут цікава.

    У садку і сапраўды цікава. Штогод тут з'яўляецца нешта новае. Так, сёлета педагагічны калектыў пачаў развіваць новыя накірункі – тэрэнкур і гульнявы стрэтчынг. За гэтымі цяжкавымаўляльнымі і незразумелымі словамі хаваюцца добра знаёмыя лячэбная хадзьба і частая змена рухальнай актыўнасці дзяцей, якая ажыццяўляецца праз гульню.

    – З кожным годам павялічваецца колькасць дзяцей, якія хварэюць, – расказвае Алена Пятроўна. – І мы вырашылі ўкараніць фізкультурныя заняткі новага тыпу. Дзецям гэта спадабалася. У нас працуюць ініцыятыўныя, адказныя педагогі, якія ў супрацоўніцтве з бацькамі, без якіх таксама немагчыма ажыццявіць навучальны і выхаваўчы працэс, могуць многае.

    Автор: Алена ЯрашэвічАстравецкая праўда

Комментарии (0)