30 Апреля, 2026 Четверг

Так не павінна быць

  • 15 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Ужо не першы год у нашай краіне надаецца вялікая ўвага добраўпарадкаванню і чысціні населеных пунктаў. Пракладваюцца новыя вуліцы, рамантуюцца старыя, цывілізавана прыбіраецца смецце, для збору якога ёсць спецыяльна адведзеныя месцы, да самых халадоў упрыгожваюцца кветкамі і дэкаратыўным кустоўем гарады і вёскі. Гэта ўсё — на дзяржаўным узроўні. Аднак, на жаль, некаторыя гаспадары ўласных сядзіб ці то не ведаюць, ці то не разумеюць, што парадак у іх населеным пункце, як і ва ўсёй краіне, пачынаецца не з нейкага там бліжняга ці дальняга суседа, а з кожнага з нас, у тым ліку і з іх саміх. У гэтым яшчэ раз пераканалася наша карэспандэнцкая група, якая праехалася па некаторых вёсках Ланскага сельскага савета. Сярод прыбраных, акуратных сядзіб тут, як у народзе кажуць, літаральна “рэзалі вока” ўчасткі некаторых гаспадароў, якіх і гаспадарамі назваць цяжка.

    Так, цэлы склад рэшткаў сельскагаспадарчай тэхнікі, на вы-гляд, даўно непрыдатнай для работы, і самыя натуральныя звалкі смецця сустрэлі нас на па-дворку аднаго з дамоў па вуліцы 60 год Кастрычніка ў вёсцы Качановічы (фота 1). Тут жывуць Іосіф і Людміла Ц. (дарэчы, законная гаспадыня дома), адпаведна 1969 і 1970 гадоў нараджэння. Людзі вельмі нават квітнеючага ўзросту, якія выгадавалі двух дарослых сыноў, чамусьці не надта былі занепакоены станам свайго прасторнага прысядзібнага ўчастка памерам 82 соткі. У апраўданне гаспадарам трэба адзначыць, што яны трымаюць вялікую падсобную гаспадарку, але ж гэта не адмяняе неабходнасці навя-дзення і пад-трымання парадку на ся-дзібе, хаця б з павагі да саміх сябе.

    Неаднойчы сельсавет  выдаваў ім прадпісанні аб навядзенні парадку, але справа з месца амаль не зрушвалася.

    Падобнае відовішча адкрылася нашым позіркам і на вуліцы Перамогі той жа вёскі (фота 2). І тут тыя ж звалкі, утвораныя цяжка растлумачыць з чаго, і такі ж немалы ўчастак — 88 сотак. Зразумела, уласніцы дома, пенсіянерцы Аліне Ц. ўжо ў сілу ўзросту вельмі цяжка навесці парадак на такім участку толькі сваімі сіламі, але ж два дарослыя сыны, адзін з якіх жыве з маці, напэўна, маглі б неяк пры-класці да гэтай справы свае рукі, не чакаючы прадпісанняў з сельсавета.

    Запусценнем  сустрэў нас  і адзін з дамоў  па вуліцы Пракапчука, што ў вёсцы Кіркаўшчына (фота 3). Яго гаспадар Уладзімір Р., 1959 года нараджэння, мае яшчэ адзін дом у той жа вёсцы — па вуліцы Якуба Коласа. Але парадку няма ні там, ні тут. Акрамя прадпісанняў, на яго ўжо складваліся і два пратаколы аб штрафах па вышэйназванай прычыне, аднак, як кажуць, “воз і цяпер там”.

    Што ж, час да Новага года яшчэ ёсць. Хацелася б, каб усе гэтыя сумныя карціны, пра якія мы расказалі, зніклі разам з адыходзячым годам, і гаспадары названых сядзіб па-новаму зірнулі на сваё жыццё і на саміх сябе. А мы з радасцю напішам пра змяненні ў лепшы бок і паставім другія здымкі, на якіх будуць адлюстраваны чысціня і прыгажосць. Галоўнае, каб гэта сапраўды стала так.

    “НН”.

    www.nesvizh-news.by/

    Автор: "НН"Нясвіжскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)