02 Мая, 2024 Четверг

На новы ўзровень...

  • 18 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Ці ведаеце вы, што на сённяшні дзень на Івацэвіччыне пражывае сем чалавек з донарскай ныркай, адзін – з донарскай печанню, а двое – з перасаджаным сэрцам? Многім іх знаёмым і ў галаву не прыходзіць, што ўмоўная Алена Іванаўна або Алег Пятровіч перанеслі складаную аперацыю. Іх жыццё знаходзіцца пад пільным кантролем урачоў, тым не меней, большасць падобных выпадкаў сведчыць: пасля перасадкі органаў людзі жывуць паўнацэнным жыццём. У Беларусі ўжо ёсць прыклады, калі з донарскай ныркай або печанню пацыент жыве больш за 30 гадоў, хаця калі аперацыя не была б праведзена, то чалавек адназначна памёр бы.

    Наша краіна ў гэтым сэнсе зрабіла велізарны крок наперад за апошнія гады. Дастаткова сказаць, што падобных аперацый штогод у рэспубліцы праводзіцца некалькі соцень, іх робяць ужо і ў рэгіёнах, у тым ліку – на Брэстчыне. Невыпадкова, што менавіта ў нашу вобласць нядаўна “высадзіўся” медыцынскі дэсант у складзе экспертаў Еўрапейскага камітэта па трансплантацыі. Чацвёра прадстаўнікоў камітэта разам з кіраўніцтвам упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама наведаліся ў Івацэвіцкую ЦРБ, пазнаёміліся з тым, як дзейнічае распрацаваны механізм: донар – орган – хворы, наведаліся ў аддзяленне рэанімацыі і некаторыя іншыя аддзяленні ЦРБ. Абмен вопытам работы, зразумела, быў карысны і для нашых медыкаў, і для гасцей, якія, адзначым, не чакалі, што перасадка органаў вядзецца ў Беларусі дастаткова шырока, а ўзровень медыцыны дастаткова высокі. У гэты ж дзень дэлегацыя накіравалася ў Брэст, каб пазнаёміцца з работай рэгіянальнага цэнтра транспланталогіі.

    Сярод гасцей мерапрыемства быў і галоўны абласны спецыяліст па транспланталогіі Расціслаў Лаўрынюк, які разам з Аляксандрам Машко, намеснікам галоўнага ўрача УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, адказаў на пытанні карэспандэнта “ІВ”.

    – Чаму развіццё транспланталогіі – гэта важна?

    – Донарствам органаў трэба займацца хаця б таму, што дастаткова многа людзей памірае, так і не дачакаўшыся гэтага віду дапамогі. У асобных выпадках менавіта перасадка органа гарантуе максімальна доўгае жыццё хвораму чалавеку ў тэрмінальнай стадыі ныркавай недастатковасці. Гемадыяліз, канешне, крок наперад, але ёсць лічбы, што хворыя на ныркі людзі звычайна жывуць пэўную колькасць гадоў, карыстаючыся гемадыялізам. А вось перасадка ныркі гарантуе, што жыццё можа падоўжыцца ў некалькі разоў.

    – Наколькі Беларусь зрабіла вялікі крок наперад у гэтай справе?

    – Яшчэ 5-7 гадоў таму наша краіна была на перадапошнім месцы сярод краін былога СССР па колькасці дадзеных аперацый, а зараз мы – лідары ў СНД. Штогод праводзіцца да 500 перасадак, яны праводзяцца не толькі ў Мінску, а практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

    – Якім бачыцца рэзерв у развіцці гэтай справы, бо, як вядома, нашым донарам прыходзіцца чакаць дзясяткі месяцаў, каб нарэшце атрымаць магчымасць на перасадку? Колькі каштуе той або іншы орган для хворага?

    – Рэзерв у развіцці беларускай транспланталогіі – донарства родзічаў. Чамусьці ў нашай краіне яно не так развіта, як, напрыклад, у шэрагу еўрапейскіх краін. Тут ёсць над чым задумацца.

    Беларусам падобныя аперацыі праводзяцца на бясплатнай аснове, за кошт дзяржавы. І трансплантацыя органаў абыходзіцца дзешавей, чым гемадыяліз. Падаткаплацельшчыкі Беларусі штогод плацяць на ўтрыманне аднаго пацыента на дыялізе каля 20000 долараў. Пасля перасадкі дыяліз не трэба. І гэта пэўная эканомія для дзяржавы.

    – Але калі чалавек аддае нырку, то ён рызыкуе здароўем…

    – Гэта далёка не так. Чалавек, які аддаў адну нырку, напрыклад, роднаму брату ці сястры, працягвае жыць паўнацэнным жыццём. Уявіце сабе: яшчэ ў 1954 годзе была выканана першая ў свеце трансплантацыя ныркі, калі пацыенту свой орган аддаў брат-блізнюк. Прайшло каля 60 гадоў, чалавек, які падарыў нырку, жыве з адной і зараз. Рабіце вывады.

    Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)