20 Апреля, 2026 Понедельник

Чым пахнуць мяхі з грашыма, або Каго бяруць у інкасатары

  • 18 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Дзе патрабуюць крышталёва «чыстую» біяграфію і выдатную фізічную падрыхтоўку, хто працуе з раніцы да поўначы, і ці праўда, што грошы не пахнуць, высвятлялі карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены». Яны сустрэліся з інкасатарамі аднаго са сталічных філіялаў ААБ «Беларусбанк».

    17-11

    На­ша Ка­ця пры­ме­ра­ла бро­не­ка­мі­зэль­ку…

    Выдатнае здароўе і армія за плячыма

    Артур Эксузьян працуе ў Беларусбанку ўжо 8 гадоў, зараз ён старшы інкасатар. Кажа, гэта толькі звонку ўсё бачыцца так, як у кіно, а на справе выглядае інакш.

    — Навічкі праходзяць строгі адбор. Кандыдаты павінны прадэманстраваць добрую фізічную падрыхтоўку, здаць цэлы спіс нарматываў. Будучыя супрацоўнікі праходзяць таксама спецыяльныя тэсты, распрацаваныя псіхолагам, — тлумачыць Артур.

    Акрамя гэтага, кожнага кандыдата правяраюць на прадмет судзімасці ў мінулым. Яшчэ адна ўмова — служба ў арміі. Апошняй інстанцыяй для будучага спецыяліста з’яўляецца стажыроўка. Навічок каля трох месяцаў ездзіць на інкасацыю з дзейнымі супрацоўнікамі. І толькі пасля здае залік камісіі.

    Ігар Сакалоўскі, кіроўца машыны, у мінулым прафесійны спартсмен. Мужчына іграў за зборную Беларусі па гандболе. У скарбонцы інкасатара спартыўных узнагарод столькі, што ўсе і не пералічыць. Але сам ён лічыць, што ганарыцца трэба тым, як да цябе ставяцца твая сям’я і калегі. Дарэчы, пра апошніх. У рабоце інкасатараў вельмі важную ролю адыгрывае так званы камандны дух: зладжанасць у працы, давер адзін да аднаго.

    — Не падумайце, што мы, як маленькія дзеці, выбіраем, з кім я хачу «сябраваць», а з кім не сяду ў адну машыну, — кажа Ігар. — Псіхолаг заўсёды ўлічвае тэмперамент і характар кожнага супрацоўніка, і, калі трэба, прапаноўвае свой варыянт складу брыгады.

    Дыпломаў аб вышэйшай адукацыі тут не патрабуюць, але, па словах інкасатараў, юрыстаў і эканамістаў сярод іх хапае. Ёсць тут і самыя сапраўдныя дынастыі супрацоўнікаў: бацькі, сыны, унукі. Інкасатары жартуюць, што амаль кожны малады спецыяліст знаходзіць тут сабе другую палавінку. Артур са сваёй будучай жонкай, напрыклад, таксама пазнаёміўся ў банку. Яго другая палавінка працуе ў бухгалтэрыі.

    17-9

    …па­трэ­ні­ра­ва­ла­ся вы­хоп­лі­ваць з ка­бу­ры та­бель­ную зброю…

    Даставіць у цэласці і захаванасці

    Ліцэнзія на інкасацыю ў краіне ёсць у васьмі банкаў. Прынцыпы працы інкасатараў усюды зводзяцца да аднаго — даставіць у цэласці і захаванасці грошы з аднаго пункта прызначэння ў іншы.

    — Наш працоўны дзень пачынаецца з інструктажу. Ніводзін спецыяліст не выйдзе да машыны, пакуль не атрымае маршрутны ліст, не даведаецца ўсе апошнія «навіны банка» і не распішацца ў неабходных дакументах, — гаворыць Сяргей Смірноў, старшы інкасатар.

    Звычайна ў брыгаду ўваходзяць тры-чатыры інкасатары. Чым больш патэнцыяльна небяспечная і людная тэрыторыя (напрыклад, вакзал або гандлёвы цэнтр), тым больш спецыялістаў патрэбна. Тады да інкасатараў і кіроўцы далучаецца ахоўнік. Працуюць брыгады па зменах: адны з раніцы і да дзевяці гадзін вечара, другія — з абеду і да поўначы.

    — Кожны з нас выязджае на маршрут у бронекамізэльцы, з рацыяй і зброяй, — расказвае Артур. — Карыстацца апошняй можна толькі па інструкцыі: у выпадках відавочнага нападу на супрацоўнікаў з мэтай рабавання і пры пагрозе жыццю інкасатараў. Страляць на паражэнне без папярэджання забаронена. Мы ніколі не выкарыстоўваем пісталет або аўтамат у месцах масавага збору людзей.

    Вага пісталета Макарава з зараджанымі абоймамі — амаль кілаграм, плюс аўтамат Калашнікава — тры, бронекамізэлька — пяць. Вось і атрымліваецца, што агульная вага амуніцыі інкасатара каля 10 кілаграмаў. Артур узгадаў, што гадоў сем таму адны толькі бронекамізэлькі важылі каля васьмі кілаграмаў.

    — А як павінен паводзіць сябе інкасатар, калі да яго на вуліцы падыходзіць незнаёмец і пытаецца, напрыклад, як прайсці на тую ці іншую вуліцу або просіць цыгарэту? — пытаюся я.

    — Мы не маем права ні з кім размаўляць пры перамяшчэнні з торбай з грашыма, адхіляцца ад строга вызначанага маршруту. Нават з міліцыяй кіроўца мае стасункі толькі праз перагаворную прыладу. Таму па цыгарэты лепш да нас не звяртацца — не дапаможам, — адказвае Сяргей.

    Размаўляць падчас працы па мабільным тэлефоне інкасатарам нельга. Яго яны пакідаюць на базе.

    — Жонка, зразумела, спачатку хвалявалася, калі трубку не браў, але з часам звыклася, — дадае Артур.

    17-10

    …і пры­во­дзіць яе ў ба­я­вы стан.

    Праца не для жаночых рук

    — Не бачу ў вашым калектыве жанчын. Лічыце, што не справяцца з працай? — пытаюся ў сваіх суразмоўцаў.

    — Справа не ў гэтым. Упэўнены, што ёсць жанчыны, якія выканаюць любую задачу на ўсе сто працэнтаў! — гаворыць Артур. — Тут трэба ўлічваць іншае. Інкасатар за змену цягае каля 50 мяшкоў і торбаў вагой ад 20 кілаграмаў. І несці іх прыходзіцца з машыны ў падвал або на другі-трэці паверх. Ці патрэбна жанчыне такая праца?

    Цікава, што інкасацыйныя мяхі для грошай робяцца з вельмі трывалага брызенту, які практычна не гарыць і не прамакае. Аднак у гэтай надзейнасці ёсць і істотны мінус. Пры поўнай загрузцы мяшка яго вага дасягае 50 кілаграмаў, торбы — да 20-25.

    Акрамя таго, ёсць яшчэ ёмістасць для захоўвання і перавозкі грошай — спецыяльныя касеты. Яны выкарыстоўваюцца пры абслугоўванні банкамата. Стан адсочваецца аператарамі, і калі выяўляецца, што ў якім-небудзь з іх заканчваюцца наяўныя грошы альбо ўзнікае нейкая тэхнічная няспраўнасць, — туды накіроўваецца брыгада інкасатараў і аператар. Ні першы, ні другі ў адзіночку адкрыць банкамат не могуць. Як жартуюць самі спецыялісты, гэта самая неразлучная «пара банка».

    — Ці часта людзі незадаволеныя тым, што машыны інкасацыі ствараюць нязручнасці, стоячы на тратуарах або каля самых дзвярэй гандлёвых цэнтраў? — цікаўлюся я ў Ігара Сакалоўскага.

    — Транспарт, які абслугоўвае аб’екты гандлю, мае права заязджаць на тратуар. Таксама спецтранспарту дазволена рухацца альбо стаяць там, дзе знакамі гэта забаронена. Акрамя гэтага, мы выконваем унутраную інструкцыю, згодна з якой машына павінна стаць як мага бліжэй да банка, крамы. Нельга несці грошы ў руках праз увесь горад!

    Транспарт інкасатараў максімальна прыстасаваны для бяспечнай перавозкі грошай. Вокны не адчыняюцца, люк — толькі ў выпадку эвакуацыі. Машына важыць больш за тры тоны.

    Спецыялісты банка кажуць, што праца інкасатара цяжкая больш эмацыйна, чым фізічна. Ім кожны дзень прыходзіцца насіць зброю і адказваць за вялікія сумы. А гэта асаблівая адказнасць. На мяхі грошай інкасатары глядзяць без якой-небудзь «цягі». (Маўляў, сантэхнікі ж не моляцца і не любуюцца на развадныя ключы!) На пытанне, ці пахнуць грошы, мужчыны, смеючыся, адказваюць, што адчуць можна толькі водар паперы і фарбы.

    Кацярына АСМЫКОВІЧ

    Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

    Автор: Кацярына АсмыковічЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)