08 Мая, 2024 Среда

Час зазірнуць у сваю душу

  • 23 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Напярэдадні свята Раства Хрыстова магіляўчане зноў атрымалі магчымасць зайсці ў касцёл  у любы момант, а не толькі ў час служэння — каб пагаварыць з Богам, падумаць аб сваёй  душы. Такое рашэнне прынята па ініцыятыве новага Магілёўскага  біскупа Аляксандра Яшэўскага, гутарку з якім мы сёння вам прадстаўляем.

    — Я нарадзiўся ў сям’i веруючай i з дзяцінства мeў пэўныя каталіцкія традыцыi. Хоць у Смаргоні, адкуль я паходжу, і не быў адчынены касцёл, аднак мы заўсёды на свята Божага нараджэння, на Пасху ездзілі на Ашмяншчыну, да бабуль і дзядуль, і ўдзельнічалі ў Святой Імшы. Памятаю часы, калі вяртаешся вечарам са школы, з другой змены, уваходзіш у дом — і адчуваеш пах ежы, што рыхтуе матуля. Сесці за стол і паламацца аблаткай, успомніць аб тым, што Бог нараджаецца для нас, людзей… У гэты момант мы ўвасаблялі сапраўдную Божую сям’ю, і таму ўспаміны такія яскравыя.

    У маёй сям’і ёсць звычай: заўсёды мы прыбіралі ялінку, рыхтуючыся да Свята Божага нараджэння, 22 снежня.  У гэты дзень нарадзілася мая  сястрычка Наталля, а ў перакладзе з італьянскай мовы Наталля і ёсць нара­джэнне. Успамінаю таксама, як ездзілі на санях у касцёл на Пастэрку а 24 гадзіне. Бацькі нас з сястрычкай у авечыя тулупы захінуць, бубенчык звініць, навокал — снег, прыгожая беларуская прырода. Адчувалася, што гэта вялікае свята. Чакалі, калі з’явіцца першая зорка на небе, беглі да бацькоў: зорка з’явілася — можна сядаць за стол. У гэты дзень захоўваецца пост. Нас, дзяцей, прывучалі рыхтавацца да гэтага моманту. Бацькі, зразумела, шкадавалі нас, давалі штосьці з’есці. Аднак калі прыйшло ўсведамленне рэлігійнай свабоды, наша ўяўленне стала зусім іншым,  духоўным — вытрымлівалі таксама і пост.

    — Як знаходзілі паразуменне з аднакласнікамі, з настаўнікамі ў школе?

    — Часы атэізацыі закранулі кожнага. Дзесьці ў школе высмейвалі вернікаў. Калі не з’яўляўся ў школе ў панядзелак пасля Пасхі, дапытваліся: чаму не прыйшоў? Некаторыя  настаўнікі часам публічна выказваліся аб гэтым, пісалі прозвішчы «вінаватых». Але гэта не было так агрэсіўна, як у ранейшыя часы. Апасля і настаўнікі сталі больш памяркоўнымі, разумелі, што трэба сказаць.

    — Вы цудоўна валодаеце беларускай мовай.  Гэта — з дзяцінства?

    —У нас на Гродзеншчыне размаўлялі на дыялекце. А потым скончыў сярэднюю школу, дзе ў нас былі беларуская мова і беларуская літаратура. Я вельмі люблю нашу мову, мне лягчэй размаўляць на ёй, чым на расійскай, якую таксама ведаю і шаную. І касцёл каталіцкі таксама спрыяе таму, каб гучала мова беларуская.

    — Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?

    — Ведаеце, маладое пакаленне пачынае больш цаніць нашу гісторыю, культуру, мову. І калі яно пойдзе ў гэтым напрамку, для беларусаў родная мова стане на першым месцы, а іншымі мовамі будзем карыстацца для зносін з тымі, хто з нейкай прычыны не размаўляе па-беларуску.

    — Як вам жывецца ў Магілёве?

    — 5 ліпеня арцыбіскуп мітрапаліт прадставіў мяне ў магілёўскай катэдры як біскуба-вікарыя Магілёва и Магілёўскай вобласці. З таго часу нясу служэнне на магілёўскай зямлі. Адчуваю сябе вельмі хораша — тут добразычлівыя людзі. І, здаецца, адносіны ў нас складваюцца пазітыўныя. Я вельмі люблю Магілёўшчыну, спасцігаю тутэйшую культуру, якая адрозніваецца ад заходнебеларускай. Дзякуй Богу, я жыву недалёка ад катэдры і люблю рана прыйсці сюды памаліцца. У магілёўскай катэдры асабліва адчуваеш сакральнасць, святасць, усё багацце гісторыі. Заходзячы сюды, заўсёды ўяўляю вялікія постаці біскупаў і арцыбіскупаў, якія неслі тут сваё служэнне. І сам хачу выкладвацца цалкам для людзей, служыць якім мяне прызначылі.

    — А што датычыцца жыцця каталіцкіх вернікаў?

    — Уявіце, што ўжо 233 гады, як існуе Магілёўская мітраполія — гэта вялікая гісторыя. І пасля аднаўлення свабоды веравызнання касцёл  дынамічна развіваўся. Мы працуем з сем’ямі, з дабрачыннымі арганізацыямі, са старшым пакаленнем і з моладдзю. Арганізуюцца пілігрымкі ў Святую зямлю. Нашы вернікі пабывалі ў Вацікане, дзе прабывае Святы айцец. Варта адзначыць нашу еднасць.

    — На свята Божага нараджэння ды і  проста на службы да вас прыходзяць вернікі іншых канфесій?  

    — Так скажу: нікога нельга выганяць з любога храма! Мы ніколі не задаем пытанні, якога хто веравызнання. Важна, што чалавек пажадаў  прыйсці — магчыма,  проста паглядзець архітэктуру, або пасядзець, падумаць. Кожны мае на гэта права, асабліва ўваходзячы з добрымі намерамі. Таму выдатна, калі ў касцёл на свята Божага нараджэння прыходзяць праваслаўныя  з жаданнем пабыць на літургіі, суправаджаюць сюды сваіх родных. Гэта яшчэ раз падкрэслівае:  паміж намі значна больш таго, што аб’ядноўвае, чым таго, што падзяляе.

    — Зараз у свеце складаная абстаноўка, на якую накладваюцца і эканамічныя цяжкасці. У  многіх людзей, вядома ж, настрой не з лепшых. Што б вы маглі сказать ім, як дапамагчы ісці па жыцці далей?

    — Ёсць у Злучаных Штатах Амерыкі асоба, Анна Ландэр — челавек, які перажыў цяжкія моманты, дэпрэсію. Але аднойчы сяброўкі заўважылі, што да яе вярнуўся пазітыў. Яны запыталіся: «Што дапамагло табе выздаравець, стаць іншай асобай?» А яна адказала: «Я зразумела, што варта глядзець на тых, каму яшчэ цяжей, чым табе». І нам, беларусам, трэба паглядзець, что мы не перажываем таго, што адбываецца ў братняй Украіне, у Сірыі або ў іншых усходніх краінах. Трэба ўмець бачыць тое дабро, якое ў нас ёсць, і цешыцца ім.

    — Як вы сустракаеце свята Божага нараджэння?

    — Вам скажа кожны святар: мы больш рыхтуем свята для іншых, чым самі перажываем яго, як гэта было ў дзяцінстве. Задача святара — падрыхтаваць сэрца, душу кожнага чалавека да святкавання Божага нараджэння і дапамагчы душой сапраўды спаткацца з Богам. Вось гэта і ёсць сутнасць біскупскага служэння. Цяпер, у перыяд адвенту, радасць чакання свята — гэта таксама і час перагляду таго, што ў тваім сэрцы. У Год міласэрнасці ў парафіях наладжваюцца лекцыі, духоўныя практыкаванні, дзе мы дапамагаем людзям глыбей зазірнуць у саміх сябе і заўважыць тое, што неабходна змяніць у сваім жыцці.

    — Падарункі дорыце?

    —Абавязкова! У нас ёсць дзеткі, якія прыходзяць да нас пастаянна ў нядзельную школу. Мы заўсёды арганізоўваем для іх невялічкі спектакль, на які прыходзяць бацькі і бабулі. І ў знак міласці ад Святога Мікалая  штосьці салодкае дорым.

    Автор: Ірына БЕРАСТАВАДнепровская неделя

Комментарии (0)