Сёння ўвечары першая зорка абвесціць Нараджэнне Дзіцятка Езуса. Тысячы вернікаў па ўсім свеце будуць вітаць маленькага ў сваіх сем’ях: ён народзіцца не на сене, як больш за дзве тысячы гадоў у Віфліеме, а ў сэрцах тых людзей, якія чакалі, заўсёды верылі і любілі яго.
Людзям, для якіх свята Божага Нараджэння – асаблівае, мы задалі пяць пытанняў аб галоўным.
1. У каталіцкім касцёле распачаўся Год Божай Міласэрнасці, які аб’явіў Папа Францішак. У свеце валадараць войны і нянавісць, а людзі ніяк не могуць знайсці агульную мову. Як вы бачыце сувязь Года Міласэрнасці і Божага Нараджэння ў сучасным свеце?
2. Свята Божага Нараджэння – гэта...
3. Успомніце, як вы ў дзяцінстве рыхтаваліся да свята і як зараз?
4. Якім чалавек павінен сустракаць Дзіцятка Езуса?
5. Пра што прасіць ці за што дзякаваць вы будзеце сёлета Сыну Божаму?
Айцец Казімір Мараўскі, пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі:
1. Мінула больш за дзве тысячы гадоў, як нарадзіўся Пан Езус. Тады Палесціна была акупіравана рымлянамі, а зараз увесь свет скаваны нянавісцю: грымяць войны, плачуць дзеці і маці. Як сказаў Святы Айцец Францішак, трэцяя сусветная вайна адбываецца на нашых вачах. Людзі забыліся, што такое міласэрнасць.
Мы – не святыя, мы простыя людзі, але калі б кожны чалавек шанаваў іншага чалавека, адносіўся да яго са спагадай і любоўю – было б іншае жыццё ва ўсім свеце, і сам чалавек быў бы іншым.
Па ўсім свеце ў базіліках і санктуарыумах, у тым ліку і ў Гудагайскім касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, адчынены Брамы Міласэрнасці, каб людзі маглі навярнуцца ў сваёй веры, ачысціцца ад грахоў і стаць хоць крышачку лепшымі.
2. Свецкі характар святкавання Божага Нараджэння, на жаль, часам засланяе духоўны. Людзі свядома ці па звычцы бачаць у ім выключна падарункі, цацкі, гірлянды, ёлачкі… А сэнс свята Божага Нараджэння больш глыбокі: Дзіцятка Езус штогод заклікае нас духоўна адрадзіцца, адкрыць сваё сэрца і душу для яго. Для мяне Езус Хрыстус нараджаецца не ў яслях, а ў кожным чалавеку. Толькі тады будзе сэнс веры, калі мы навучымся бачыць, акрамя сябе, іншых людзей і прымаць іх такімі, якія яны ёсць, калі мы навучымся бачыць не ворага, не канкурэнта, не парушальніка майго спакою – а Чалавека. Любіць іншага не на словах, а праз учынкі – праверка нашай любові да Пана Езуса. Асабліва ў Год Міласэрнасці мы павінны навучыцца гэтаму: прасіць прабачэння і прабачаць, супакойваць, а не шукаць супакою, сеяць у першую чаргу ў сваім сэрцы зерне любові да іншага чалавека, каб яно ўзрасло над варожасцю.
3. Свята Божага Нараджэння ў нашай сям’і адзначалася гэтак жа, як і ў іншых сем’ях. Бацькі нас, семярых дзяцей, давялі да веры. На працягу Адвэнту ўсе, акрамя хворых, кожны дзень хадзілі на Рараты, якія распачыналіся ў 6 гадзін раніцы. Нягледзячы на надвор’е, мы ішлі ў касцёл. І такая радасць панавала, што мы рыхтуемся да Божага Нараджэння! Напярэдадні Вігілійнай вячэры мы ўпрыгожвалі ёлку, прыбіралі дома, а мама была на кухні. З першай зоркай сядалі за стол. Тата, як галава сям’і, запальваў свечку, маліліся, чыталі ўрывак са святога Пісання пра нараджэнне Езуса Хрыста і дзяліліся аплаткай. Пасля вячэры спявалі калядкі, бо кожны з нас меў сваю “ксёнжачку”, і ішлі ў касцёл на Пастэрку.
У манаскай супольнасці на свята Божага Нараджэння акцэнт робіцца на літургіі. Перад Вігілійнай вячэрай у кляштарнай капліцы браты-кармяліты разам чытаюць нешпары і цэлебруюць святую Імшу. Толькі пасля літургіі надыходзіць час Вігілійнай вячэры і падрыхтоўкі да Пастэркі.
4. Памятаю, у дзяцінстве мне ці тата, ці ксёндз сказаў, што свята Божага Нараджэння моцна ўплывае на чалавека: спыняюцца войны, заціхаюць выстралы...
Мы павінны па прыкладзе Сына Божага адносіцца да людзей: не глядзець, а бачыць, не слухаць, а чуць, не казаць пра сваю любоў, а любіць.
5. У сваіх малітвах трэба прасіць не толькі за сябе, але і за людзей, далёкіх ад веры, каб нашы сэрцы адчыніліся для Дзіцятка Езуса. Як сказаў беларускі паэт Рыгор Барадулін, Бога не трэба баяцца, Бога трэба любіць.
Францішка Іосіфаўна Блажэвіч, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы:
1. Я расла без бацькі. У адну ноч мама мяне нараджала, а тата паміраў: атруціўся грыбамі. У адным доме жыло тры сям’і – дваццаць пяць гадоў разам у згодзе і павазе, ніякіх сварак ніколі не было. З адной міскі елі, адным ручніком выціраліся. Мы жылі не так, як цяпер… Да касцёла за сем кіламетраў з маленства разам з мамай хадзіла, у лаўках стаяла, у працэсіі заўсёды была.
Людзі розныя бываюць: лічаць, што вераць у Бога, – але не маюць яго ў сэрцы. Праз гэта ўсе беды і напасці.
2. Свята Божага Нараджэння – час, калі асабліва верыш, што народжаны Езус прынясе збаўленне для цэлага свету – веруючым і тым, хто не мае ў сэрцы Бога, здаровым і хворым, шчаслівым і церпячым… Няхай ён і надалей апякуецца старымі і ўнукамі, беднымі і заможнымі, звычайнымі людзьмі і тымі, хто служыць Богу.
3. Мы бедна жылі, але былі духоўна багатымі. На Вігілійную вячэру сена клалі, а паверх яго – даматканы белы абрус. Напачатку ставілі крыж, свечку і клалі аплатку, пасля прыносілі посныя стравы: селядзец, кісель з журавін і аўса, кашу, бульбу ў мундзірах. Ёлку, як зараз, мы не ставілі і ніякіх упрыгожанняў не было, як і падарункаў, – жылі яшчэ за польскім часам. За шчасце было, што разам маліліся, дзяліліся аплаткай і складвалі адзін аднаму зычэнні. А пасля пехатой ішлі ці на коніку ехалі ў касцёл на Пастэрку… Напэўна, маю перад Богам міласць: прасіла, каб даў на ста расць гадоў побач касцёл, – так і сталася.
4. Кожны дзень трэба сустракаць з Богам у сэрцы. Трэба быць міласэрным, да кожнага чалавека добра адносіцца, усіх трэба любіць – і ворагаў, і непрыяцеляў, і зайздроснікаў. Свет зараз такі, што трэба дапамагаць і маліцца адзін за аднаго, асабліва за тых, хто страціў ці яшчэ шукае дарогу да Бога.
5. Я заўсёды малюся за еднасць і супакой у сем’ях і ва ўсім свеце, за веру, за ўсё лепшае, што ёсць на Зямлі. Няхай Езунька і надалей апякуецца нашай парафіяй і іншымі парафіямі Астравеччыны, нашым ксяндзочкам Андрэем і іншымі капланамі, каб на Беларусі было больш пакліканняў.
Дзякуй табе, Езус, за чатырох сыноў і нявестак, за дзевяць унукаў і чатырнаццаць праўнукаў; за тое што даў пражыць да такіх гадоў пры розуме і памяці, бачачы гэты свет. Але нават тады, калі б мае вочы былі сцяты цемрай, маё сэрца заўсёды бачыла б цябе.
Казімір Станіслававіч Варановіч, парафія апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках:
1. Езус казаў, што таго, хто будзе яго наследаваць, чакае цяжкі шлях. Трэба цярпліва несці свой крыж: жыццё чалавека ў параўнанні з вечнасцю – імгненне. У сучасным жыцці людзі кіруюцца не дзесяццю запаведзямі, а матэрыяльнымі дабротамі, стараюцца падар ваць асновы хрысціянскага вучэння. Асабліва гэта бачна на прыкладзе Захаду. А Езус Хрыстус прыйшоў у гэты свет ва ўбогасці, нарадзіўся ў стайні, а не ў палацы, як кароль.
Толькі Боская моц у чалавеку зможа перамагчы зло, толькі дабром можна растапіць лёд нянавісці і граху. Веруючыя людзі павінны маліцца, каб на ўсім свеце панавала еднасць, любоў і згода.
2. Свята Божага Нараджэння – дата духоўнага і фізічнага аднаўлення чалавека. Кожны год мы павінны быць, як вучні Хрыста, праўдзівымі хрысціянамі, наследаваць яго ва ўсіх справах і пачынаннях; быць міласэрнымі і добразычлівымі ў адносінах да іншых і асабістым прыкладам паказваць, якім павінен быць сапраўдны хрысціянін – асабліва ў сучасным жыцці, асабліва ў Год Міласэрнасці. Без учынкаў наша вера мёртвая.
3. У большай ці меншай ступені ўсе мы грэшныя: у штодзённым жыцці не паспяваем выконваць Божы запавет. Адвэнт – час радаснага чакання, калі мы рыхтуемся да нараджэння Езуса. Кожны год трэба ставіць сабе пастанову пазбавіцца хоць бы ад аднаго граху, маліцца адзін за аднаго, за святароў, за ўладу, каб у сем’ях і на працы панавала згода, каб быў добры ўраджай… Чалавек, які перастае маліцца, як і адарваны ад дрэва лісток, засыхае. Толькі з дапамогай Пана Бога мы можам стаць лепшымі, дабрэйшымі і больш чулымі.
4. Дзякуючы бацькам і дзядам, вера заўсёды была ў нашай сям’і. Для мяне быў прыкладам мой хросны бацька, які ўсё жыццё паслугаваў у жупранскім касцёле.
Традыцыйна, як і ўсе хрысціяне, падчас Вігіліі мы запальваем свечку, молімся, дзелімся аплаткай і добрымі пажаданнямі. На стале дванаццаць посных страў і талерка для госця ці падарожніка або ў знак таго, што сям’я чакае Езуса, бо дзве тысячы гадоў назад яго ніхто не прыняў у свой дом.
Пасля Вігілійнай вячэры сёлета, як і кожны год, пайду ў касцёл, памалюся і падзякую Пану Езусу за шчасліва пражытыя з Тарэсай Іосіфаўнай трыццаць гадоў сумеснага жыцця, за дачушку Вікторыю і за ўсіх дабрадзеяў.
5. Мы заўсёды молімся ў касцёле за моладзь, каб яна была лепшая, чым іх папярэднікі; каб у сем’ях, парафіі і ў цэлым свеце былі любоў, еднасць і спакой, каб людзі жылі ў міры і згодзе паміж сабой… Ніякага падзелу быць не павінна: усе мы – дзеці Божыя.
Бажэна Радзевіч, парафія святога Юрыя ў Варнянах:
1. Напэўна, Папа Францішак аб'явіў гэты год пад знакам міласэрнасці, каб кожны чалавек узгадаў праўдзівы сэнс гэтага слова. Пан Езус заўсёды хоча, каб людзі жылі ў агульнай любові і цярплівасці адзін да аднаго, нягледзячы на веравызванне, колер скуры і матэрыяльны дастатак.
Увогуле кожны чалавек у першую чаргу павінен быць чалавечным: дапамагчы бабульцы перайсці вуліцу ці паднесці цяжкую сумку, заступіцца за слабейшага… Нашы ўчынкі – самая яскравая праява веры.
2. Мне здаецца, што кожны па-свойму разумее сэнс Божага Нараджэння. Для мяне гэта асаблівае свята. У гэтую чароўную ноч на свет з'явіўся Той, чыё жыццё і ўчынкі кожны павінен узяць за прыклад для сябе; Той, чыё сэрца заўсёды поўнілася любоўю і спагадай да людзей… Езус Хрыстус! З года ў год набліжэнне гэтага свята прымушае мяне задумацца аб сваіх учынках, узнікае жаданне быць такой жа шчырай і чыстай у думках і паводзінах, вучыцца, як і Хрыстос, любіць кожнага чалавека і заўсёды старацца бачыць у людзях толькі светлае і добрае – а яно, я ўпэўнена, ёсць у кожнага чалавека, трэба толькі прыгледзецца.
3. З самага дзяцінства свята Божага Нараджэння для мяне самае радаснае, чароўнае і казачнае з усіх свят. Яшчэ маленькай дзяўчынкай мае бацькі прыводзілі мяне ў касцёл, і мы разам сустракалі нараджэнне Пана Езуса. З той самай пары ў маім сэрцы пасяліўся Пан Езус, і яго нараджэння з нецярплівасцю чакаю кожны год. Але зараз я, у адрозненні ад той маленькай дзяўчынкі, разумею глыбокі сэнс гэтага свята.
4. Калі казаць пра веруючага чалавека, то ён павінен быць духоўна падрыхтаваным. Перад святам Божага Нараджэння ёсць асаблівы перыяд – Адвэнт. У гэты час кожны чалавек можа ачысціць свае сэрцы ад граху, стаць больш адкрытым і дабрэйшым. Чалавек павінен прыняць Езуса менавіта ў сваё сэрца, а не ў чыста прыбраную хату і багата накрыты стол.
5. Я хачу падзякаваць Пану Езусу за тое, што мае родныя і блізкія са мной; за тое, што ў нашай сям'і пануюць узаемаразуменне, спагада і любоў; за ўсіх добрых людзей, якія сустракаюцца мне па жыцці. Дзякуй, Дзіцятка Езус!
Усё, што трэба для шчасця, у мяне ёсць. Адзінае маё жаданне – каб людзі адкрылі свае сэрцы Богу, сталі добрымі, міласэрнымі і спагадлівымі, каб навучыліся быць шчаслівымі, каб скончыліся войны, нянавісць і падман.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.





Комментарии (0)