25 Апреля, 2024 Четверг

... І ў падарунак — музычная апаратура

  • 24 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Атмасфера весялосці і пазітыву панавала ў мінулы чацвер у сценах Салтанаўшчынскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Сапраўднае пераднавагодняе свята з падарункамі для дзяцей зладзілі дырэктар прыватнага прадпрыемства “ББКБіяАгра” Дзмітрый Мірон і саліст групы “Дразды” Віталь Карпанаў. Госці падарылі школе камплект прафесійнай гукавой апаратуры: калонкі, мікшэрны пульт, тры мікрафоны. Абсталяванне адразу ж было ўстаноўлена і апрабавана — Віталь Карпанаў даў невялікі канцэрт. На сцэне актавай залы прагучалі вядомыя ўсім песні і кампазіцыі з новага альбома “А ты прыходзіш”, “Вясна”, “І ты мяне пачуеш”, “Дзяўчаты”, “3 рублі”, “Танцы” і іншыя. Дарэчы, салтанаўшчынскім школь-нікам творчасць “Драздоў” добра знаёма, рабяты актыўна падпявалі артысту.

    У якаснай гукавой тэхніцы школа мела патрэбу ўжо даўно. Тут вучацца таленавітыя дзеці, якія ездзяць на шматлікія конкурсы і займаюць прызавыя месцы. А дзякуючы такому падарунку, у навучэнцаў з’явілася магчымасць часцей праводзіць розныя канцэрты, дэманстраваць свае дасягненні і адточваць уменні.

    — Прыватнае прадпрыемства “ББКБіяАгра” вось ужо на працягу многіх гадоў аказвае нашай школе сістэматычную спонсарскую дапамогу, — кажа яе дырэктар Сяргей Камко. — Гэта салодкія навагоднія падарункі, рамонт спартыўнай залы, экскурсійныя паездкі па Беларусі, набыццё і ўстаноўка сістэмы відэаназірання. Склалася традыцыя — штогод напярэдадні новага года — па падарунку. Педагогі, школьнікі і іх бацькі вельмі ўдзячныя Дзмітрыю Іосіфавічу за дапамогу і падтрымку, разуменне праблем і патрэб школы. У наш сённяшні няпросты час яшчэ ёсць людзі, якія гатовыя па загадзе сэрца дарыць іншым свой клопат і добры настрой. Мы гэта вельмі цэнім.

    Аб патрэбах сельскай школы дырэктар ПП “ББКБіяАгра” Дзмітрый Мірон ведае не па чутках:

    — Сам таксама вучыўся ў вясковай школе, родам я з вёскі Слабодка Стаўбцоўскага раёна. У той час не тое што прафесійнай музычнай апаратуры ў нас не было, а мячоў нават не хапала. Сёння, вядома, школы лепш абсталяваныя, але, тым не менш, маюць патрэбу ў дапамозе неабыякавых людзей. Таму як толькі запусціў завод у Салтанаўшчыне, пайшоў у мясцовую школу знаёміцца. Сябруем ужо гадоў восем. Гэтым летам, да пачатку новага навучальнага года, планую дапамагчы школе зрабіць рамонт у спартзале, замяніць там падлогу. Магчыма, тут вырасце спартыўная “зорка” сусветнага маштабу. Але нават калі гэтага і не адбудзецца, у дзетак павінны быць добрыя ўмовы для ўсебаковага развіцця.

    Візіт вядомых гасцей у навучэнцаў выклікаў усплёск эмоцый.

    — Мы ў захапленні ад міні-канцэрту “Драздоў” і ад падоранага музычнага абсталявання, — у адзін голас заявілі дзесяці-класнікі Сяргей Насановіч і Армэн Карпецян. — Было вельмі весела, Віталь Карпанаў — жыццярадасны чалавек, які проста зараджае ўсіх вакол сваім пазітывам. Думаем, што сёння яго армія прыхільнікаў папоўнілася на некалькі дзясяткаў чалавек. Мы ўзялі ў яго аўтографы і зрабілі на памяць з ім сэлфі.

    Не першы год Віталь Карпанаў здымае ролікі “ДРО-шоў”, “ДРО-гастролі” і размяшчае іх на YouTube. У інтэрнэце можна ўжо паглядзець і відэа, знятае падчас наведвання Салтанаўшчынскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.

    Аксана ГРОХ.

    www.nesvizh-news.by/

     

    Автор: Аксана ГРОХНясвіжскія навіны

Комментарии (0)