29 Марта, 2024 Пятница

У беларусаў тры ўлюбёныя віды спорту: футбол, хакей і «Еўрабачанне»

  • 24 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Так, за музычным конкурсам мы назіраем з амаль спартыўным азартам. Жарсці пачынаюць віраваць яшчэ на этапе нацыянальнага адбору. Штогод у інтэрнэце разліваецца мора «жоўці»: і журы «купленае», і выканаўцы «абы-якія», і песні «абы-што». Штогод хто-небудзь са спевакоў, каму не пашчасціла, пачынае скуголіць перад журналістамі. Маўляў, засудзілі мяне, і няма ў свеце справядлівасці…

    austria-esc-2015-logo

    Штогод мы назіраем за самім конкурсам з адной думкай: можа, хоць гэтым разам нашыя перамогуць? Ці хаця б у «дзясятку» трапяць? І штогод ладзяцца ток-шоу з «разборам палётаў». Чым мы зноў не дагадзілі Еўропе? І калі беларускі артыст атрымае, нарэшце, хрустальны мікрафон? Мой уласны прагноз: ніколі. Прынамсі пакуль «Еўрабачанне» для нас — падзея касмічнага маштабу і сур’ёзнасці.

    Простае пытанне: ці багата пераможцаў «Еўрабачання» стала сусветнымі «зоркамі»? Давайце лічыць: «АВВА», Тота Кутуньё, Селін Дыён, Кліф Рычард і… Бадай, усё. І гэта за амаль шэсцьдзясят гадоў! Не дзіва, што сур’ёзныя музычныя лэйблы не ўспрымаюць «Еўрабачанне» як прадстаўнічы форум. У «старой» Еўропе гэта забаўлянка для хатніх гаспадынь. Кузня «зорак» другога эшэлону. Але мы да гэтага чыста камерцыйнага мерапрыемства чамусьці ставімся надзвычай сур’ёзна. Амаль як да Алімпіяды або чэмпіянату свету па хакеі.

    Зрэшты, не толькі мы. Празмерная ўвага да «Еўрабачання» ўласціва многім краінам, што параўнальна нядаўна з’явіліся на палітычнай карце. Краінам, якім хочацца сцвердзіцца. Абгрунтаваць сваё жаданне «людзьмі звацца». І «Еўрабачанне» — гэта магчымасць заявіць пра сваю «нягоршасць». Таму артыста стараемся выбраць такога, каб спяваў хораша. І песні пішам «фарматныя». Бо гэта на «экспарт» ідзе. Але ў выніку — новае расчараванне. Бо еўрапейцы ўсё гэта сто разоў бачылі і чулі. Ім цяпер падавай не вакальнае майстэрства, а трэш і эпатаж.

    Таму з папярэдніх удзельнікаў беларускага адбору маімі асабістымі фаварытамі былі «зомбі». Шкада, што не прайшлі ў фінал. Бо менавіта яны глядзеліся б на сцэне сучаснага «Еўрабачання» найбольш арганічна. А спяваць можна што заўгодна. Хоць табліцу Мендзялеева пад цымбалы. На «конкурсе песні» самі песні даўно нікога не «торкаюць». А вось якая-небудзь барадатая жанчына — гэта пацешна. Дарма што яе кампазіцыю праз паўгода наўрад ці хто прыгадае. Затое эпатажу — хоць каўшом бяры. Таму калі мы хочам перамагчы, трэба зразумець адно: песня — гэта фармальнасць. Галоўнае — візуальны вобраз, карцінка.

    Еўрапейскую публіку трэба здзіўляць і агаломшваць. Прыдумаць нешта такое, каб яна забылася, як дыхаць. Стварыць медыялегенду. Напрыклад, пра вакальны ансамбль баброў-трансгендараў. Або дзікіх палешукоў, што нібыта вякамі жылі ізалявана ад цывілізацыі. Але віртуозна іграюць на лыжках і журботна спяваюць свае старажытныя паляшуцкія песні. Вось тады перамога будзе нашая.

    Калі ж казаць сур’ёзна, то перамога на «Еўрабачанні» — гэта найперш поспех асобнага выканаўцы і яго прадзюсараў. Але не паказчык развіцця краіны. А што паказчык? Напрыклад, тры залатыя медалі Дар’і Домрачавай. Яны сведчаць пра развіццё беларускага спорту. Пра тое, што ў нашай таленавітай моладзі ёсць шанц рэалізаваць свой патэнцыял. Вось гэта, а не конкурс песенек-аднадзёнак, і вызначае прэстыж дзяржавы.

    Зрэшты, і без гучных перамог можна адэкватна ставіцца да сваёй краіны і самога сябе. Бо чалавек, як і народ, з нармальнай самаацэнкай не залежыць ад чужой думкі. Хай нашы артысты яшчэ сто разоў «праляцяць» на «Еўрабачанні», бы тая фанера над Парыжам. Чаму гэта павінна засмучаць беларусаў — народ з самабытнай музычнай культурай? Народ, у якога былі і ёсць мулявінскія «Песняры»? Чаму мы звязваем прэстыж нашай краіны з поспехам на конкурсе, дзе часцей за ўсё перамагаюць блазны? Дзе ўсё вырашае не кампетэнтнае журы, а гульня «Прагаласуй за суседа»?

    Як ставіцца да «Еўрабачання»? Як да звычайнага шоу. Цікавага відовішча на адзін раз. Калі нехта з нашых артыстаў раптам пераможа — шчыра парадавацца за земляка. Калі ж не — пацепнуць плячыма і пераключыць тэлевізар.

    Валянцін БОЙКА

    Автор: Валянцін БойкаЗвязда

Комментарии (0)