26 Апреля, 2024 Пятница

Андрэйка і яго снегавікі

  • 27 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Брэста 21 снежня прайшла дабрачынная акцыя

    Нашы сэрцы ўсё ж адкрытыя для добрых спраў! Пераканаўся асабіста літаральна на гэтым тыдні. Прачытаў у сацыяльных сетках аб’яву аб дабрачыннай акцыі “Андрэйка і яго снегавікі”, захацелася далучыцца.

    Як высветлілася, на прапанову тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Брэста адгукнуўся не я адзін.

    Гісторыя чатырохгадовага ўкраінскага хлопчыка, які зараз праходзіць курс хіміятэрапіі ў Цэнтры радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі, кранула людзей. Разам з мамай Андрэй Сіміліт робіць цацачных снегавічкоў. Іх прапануюць людзям за тую суму, якую яны вызначаюць самі. Такім спосабам сям’я вырашыла сабраць грошы на лячэнне і рэабілітацыю малога. Яны прыехалі ў Гомель з надзеяй паправіцца. Ідэю са снегавічкамі прыдумала мама хлопчыка. Пачалі прыходзіць заяўкі на цацкі: больш і больш, стала складана выканаць усе. Вось тады на дапамогу прыйшлі малазнаёмыя людзі. У розных гарадах Беларусі пачалі рабіць цацкі, каб падтрымаць хлопчыка і сабраць на лячэнне. Да руху далучыліся і брастаўчане.

    Мы сабраліся ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна. Прыйшлі ўдзельнікі “Інстытута трэцяга ўзросту”, валанцёры клуба “Добрае сэрца”, які працуе пры ТЦСАН, моладзь з гарадской арганізацыі БРСМ. Уладальнік прыватнай пякарні “GARNI” Карэн Мільян аплаціў расходы на матэрыялы для снегавічкоў.

    Хтосьці спрытна шыў мяшочкі, якія потым ва ўмелых руках ператвараліся ў снегавічкоў, нехта напаўняў іх пенапластавымі грануламі, адны стваралі ўбор для цацак – шапачкі і шалікі, другія рабілі, дакладней, малявалі ім тварыкі. І старэйшыя, і моладзь – усе ўкладвалі ў працу цеплыню сваіх сэрцаў, каб нашы цацкі набылі станоўчую энергетыку. Ведаю, мы будзем шчаслівыя не толькі ад таго, што зрабілі добрую справу (200 снегавічкоў) і падтрымалі такім чынам Андрэйку і яго сям’ю. У пераднавагоднія дні прыемна адчуць сябе хоць трошкі чараўніком, бо на святы і зробленыя нашымі рукамі цацкі абавязкова некага парадуюць.

    Менавіта ў такія хвіліны нараджаецца ўпэўненасць, што белы свет, насамрэч, не без добрых людзей. У беларусаў не ачарсцвелі сэрцы – і гэта не можа не радаваць. Так хочацца, каб мы заставаліся людзьмі і па-людску ставіліся не толькі да родных і блізкіх, але нават да чужых людзей. 

    Нашы снегавічкі пасылкай адправіліся ў Гомель, каб Андрэйка і яго мама змаглі выканаць усе заказы. Новы ж год, лічы, на носе. Таму ўсёй грамадой зычым: папраўляйся, Андрэйка!

    Автор: Аляксей ТаболічНародная трыбуна

Комментарии (0)