19 Апреля, 2024 Пятница

Парад Дедов Морозов в Городке

  • 30 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Уздоўж вул. Савецкай у Гарадку і на цэнтральнай плошчы горада ў ранніх зімовых прыцемках 24 снежня было нязвыкла мнагалюдна — дзеці і дарослыя сардэчна віталі ўдзельнікаў шэсця Дзедаў Марозаў і Снягурачак (на здымках). Аж 17 пар гэтых навагодніх персанажаў вылучаліся на фоне сваіх груп падтрымкі, прыбраных у яркія касцюмы казачных і мульцяшных герояў, сваімі найпрыгажэйшымі чырвонымі і блакітнымі футрамі з бялюткай аблямоўкай.

     Паважна выкрочвала першай святочная пара РАНС, за ёй рушыў трактарок ГДАТК, з якога час ад часу чулася: «З Новым годам!» Далей у стракатай калоне можна было ўбачыць не адну рухавую малпу — іхні ж год сустракаем, пачуць залівістыя баяны і мільганне мноства шчырых усмешак. Радасцю дзяліліся прадстаўнікі ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ГПКіЦС, лясгаса, школы мастацтваў, цэнтральнай раённай бальніцы, КУСГП «Паўночны», раённай бібліятэкі, ваенай часці, райспажыўтаварыства, рэдакцыі, раёна газазабеспячэння, абедзвюх гарадскіх школ, Беларусбанка. Снега не было, а свята па ўсіх правілах адбылося, нягледзячы, што ў такім шырокім фармаце — упершыню.

    Падчас святочнай пераклічкі Дзяды Марозы з дапамогай сваіх каманд, віншуючы гледачоў, варажылі ім дабрабыту, шчасця, кахання, поспехаў. Адны — жартоўна, іншыя — лірычна. Хтосьці з імпэтам заводзіў карагоды і на хаду арганізоўваў флэш-мобы, хтосьці спяваў і іграў на музычных інструментах. Галоўнае, гадзіна ля цьмянай яшчэ галоўнай ёлкі раёна праляцела неўпрыкмет.

      Не забыліся і на арганізаваную ў выставачнай зале Дома рамёстваў і фальклору КАЦ «Гарадок» выставу-конкурс «Цуда-ёлка». На ёй прадстаўлена аж 55 крэатыўных ёлак! Наколькі яны прыгожыя і арыгінальныя, вы можаце ўпэўніцца, наведаўшы выставу, якая будзе працаваць да 13 студзеня. Усе аўтарскія калектывы былі адзначаны дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Трэцяе месца падзялілі Бычыхінскі СДК і ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, другое прысуджана ГДАТК, на першым размясціліся райветстанцыя і КАЦ «Гарадок», а гран-пры атрымала Гарадоцкая ЦРБ.

      Кульмінацыяй святочнай дзеі стала запальванне агеньчыкаў на стройнай прыгажуні-ёлцы. Пабраўшыся за рукі, дзеці і дарослыя, любімыя казачныя героі і чароўныя Дзяды Марозы са Снягуркамі дружна вымавілі заклён: «Раз, два, тры, ёлачка, гары!» — і яна заміргацела рознакаляровымі гірляндамі. У вялізным карагодзе, загадаўшы галоўнае жаданне (абавязкова здзейсніцца!), усе прайшліся вясёлым кругам. Асабліва сумленныя Дзяды Марозы, нягледзячы на непрыемны дробны дождж, выслухалі вершы, падрыхтаваныя дзятвой, пачаставалі іх цукеркамі. Спадзяёмся, сярод загаданых запаветных жаданняў было і тое, каб у Навагоднюю ноч стаяла спрыяльнае для свята надвор’е — невялічкі марозік і мяккі сняжок.

    Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

    Автор: Святлана ЯКАЎЛЕВА.Гарадоцкі веснік

Комментарии (0)