24 Апреля, 2024 Среда

Прыгажэе Нарачанскі край

  • 03 января 2016 Общество Беларуская 0

    ПРАБЛЕМА навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў — сёння адна з актуальных і найбольш абмяркоўваемых на ўсіх дзяржаўных узроўнях. Што робіцца ў гэтым накірунку ў Нарацкім сельсавеце? Такое пытанне адрасаваў намесніку старшыні сельвыканкама Івану ВАРАБ’Ю. Вось што ён адказаў:

    — Сёлета праведзена вялікая работа па навядзенні парадку на зямлі. Ліквідавана 118 звалак, якія перыядычна ўзнікалі то ў адным, то ў другім месцы. Зразумела, далёка не ўсе клапоцяцца належным чынам пра чысціню і парадак на замацаваных тэрыторыях і прысядзібных участках. Таму давялося накіраваць 167 прадпісанняў. Толькі атрымаўшы такі дакумент, асобныя браліся за справу.

    Назаву яшчэ некалькі паказчыкаў, якія датычаць добраўпарадкавання. За год спілаваны 94 старыя аварыйныя дрэвы, на плошчы прыкладна 280 квадратных метраў высечана кустоўе. Але не падумайце, што мы толькі знішчаем дрэвы і кусты. Не. За год было пасаджана амаль 300 дрэў. Пройдзе пэўны час, і яны будуць радаваць вока жыхароў і гасцей Нарачанскага краю.

    Іван Слававіч, праводзіцца добраўпарадкаванне вёскі Чараўкі. Што там канкрэтна робіцца?

    — Сапраўды, добраўпарадкаванню гэтага населенага пункта была нададзена асаблівая ўвага. І гэта невыпадкова. Менавіта праз Чараўкі праязджаюць шматлікія госці, якія прыбываюць на адпачынак у здраўніцы курорта.

    Уздоўж цэнтральнай вуліцы вёскі мяняем агароджу. Гэтай справай займаецца прыватнае прадпрыемства пад назвай «Дабрадзей-Плюс», якое ўзначальвае Аляксандр Валюк. Прадпрыемства выпускае разнастайныя вырабы з бетону, цэменту, гіпсу. Вось і дамовіліся, каб яны для нас зрабілі бетонныя слупкі і ўстаўкі для агароджы. Дарэчы, работнікі прадпрыемства дэманціруюць старую агароджу, устанаўліваюць новую. Людзі бачаць, што наводзім прыгажосць, просяць прадпрымальніка, каб ён за іх сродкі зрабіў аднатыпныя веснічкі.

    Акрамя гэтага, у Чараўках завяршылі пракладку водаправода да раёна індывідуальных забудоў.

    — З кожным годам прыгажэе і аграгарадок Нарач. Што сёлета тут зроблена?

    — Вялікую ўвагу надалі пытанням водазабеспячэння. Прынялі ў эксплуатацыю закальцоўку водаправода вуліц Янкі Купалы, Лугавая, Міру, Зялёная і Паўночная. Для гэтай мэты частковае фінансаванне было з раённага бюджэту, часткова выдзяляў грошы сельвыканкам. Але не засталіся ўбаку і жыхары. Многія самі збіралі сродкі, каб правесці па вуліцы і ў дом ваду. Як, напрыклад, жыхары вуліц імя Кірава, Паўночная-2. Там засталося толькі добраўпарадкаваць праезную частку. Жыхары вуліцы Пастаўская таксама сабралі грошы, закупілі трубы. Мы паклапаціліся пра тэхніку. І зараз у дамах людзей ёсць вада. За ўласныя сродкі пры нашым садзейнічанні многія жыхары вуліцы Піянерскай правялі сабе ваду. Зараз такая работа арганізавана па  вуліцы Партызанскай.

    Змяніла свой выгляд цэнтральная плошча аграгарадка. Тут абсталявалі дзіцячую пляцоўку, на якой устанавілі пясочніцу, арэлі, горку. 

    Шмат робіцца па добраўпарадкаванні раёна індывідуальнай забудовы аграгарадка. Пракладзены водаправод, часткова заасфальтаваны вуліцы, праводзіцца газіфікацыя.

    — Што яшчэ зроблена па навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі сельсавета?

    — На працягу года імкнуліся падтрымліваць чысціню і парадак на вясковых могілках. А іх у нас 13. Пастаянна падкошвалі траву, вывозілі смецце. З дапамогай Мядзельскага ПМС абсталявалі ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі пляцоўкі, на якіх размясцілі кантэйнеры для смецця. Зараз меліяратары абуладкоўваюць пад’езды да могілак у вёсках Наносы і Чараўкі. На могілках у вёсцы Шышкі спілавалі старыя дрэвы. Усё пералічыць практычна немагчыма.

    — Калі ласка, некалькі слоў пра газіфікацыю.

    — Па Нарачы гэта пытанне вырашана. Зараз праходзіць газіфікацыя вёскі Малая Сырмеж. Работы выкананы на 40-50 працэнтаў. Да вёскі газ падведзены, разведзены і да дамоў. Адноўлена пакрыццё вуліцы. І многія ўжо сёння карыстаюцца прыродным блакітным палівам. Праўда, некаторыя яшчэ займаюцца афармленнем неабходных дакументаў.

    У будучым годзе намечана пракласці газавую нітку ад вёскі Антанізберг да Чараўкоў. У гэтым населеным пункце створаны кааператыў па газіфікацыі, ёсць праект. Як толькі газ будзе падведзены да вёскі, то людзі адразу прыступяць да падводу яго ў дамы.

    Добраўпарадкаванне населеных пунктаў, навядзенне парадку на зямлі — справа кожнага жыхара Мядзельшчыны. Таму толькі агульнымі намаганнямі мы можам зрабіць наш край яшчэ больш прыгожым і прывабным.

    ГутарыўІгнат ЛУБНЕЎСКІ.

    На здымку: намеснік старшыні Нарацкага сельвыканкама Іван Варабей.

    Фота Георгія Прысмакова. 

    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)