27 Апреля, 2024 Суббота

Удзельнікі “Клуба аматараў BMW” з Глыбокага і Пастаў падарылі свята дзеткам са Станульскага дзіцячага прытулку

  • 05 января 2016 Общество Беларуская 0

    Сапраўднае свята падарылі дзеткам са Станульскага дзіцячага прытулку ўдзельнікі “Клуба аматараў BMW” з Глыбокага і Пастаў. Напярэдадні Новага года яны завіталі ў прытулак з падарункамі, арганізавалі для дзяцей салодкі стол, конкурсную праграму і дыскатэку з удзелам Дзеда Мароза і Снягурачкі.

    - Клуб аматараў BMW утварыўся нядаўна, дзесьці год таму назад. Ініцыятарам яго  стварэння быў мой муж Сяргей Лобкіс. У нашай сённяшняй паездцы ён, на жаль, прыняць удзел не змог, — расказвае член клуба глыбачанка Вольга Лобкіс. - Спачатку наш клуб аб’ядноўваў уладальнікаў BMW з некалькіх суседніх раёнаў, а ў жніўні падобны клуб узнік у Паставах.

    На сённяшні дзень у “BMW club GLUBOKOE” зарэгістравана каля 20 чалавек. Тэматыка клуба відавочная: людзей аб’ядноўвае любоў да аўтамабіляў вядомай нямецкай маркі. Аднак BMW клуб – не проста суполка людзей, якія ездзяць на прыгожых і дарагіх машынах. Гэта невялікі пакуль калектыў актыўных, мэтанакіраваных маладых глыбачан, якія, калі патрэбна, гатовыя прыйсці адзін аднаму на дапамогу, якія збіраюцца разам, каб цікава бавіць вольны час і, безумоўна, пагаварыць пра сваіх “жалезных коней”. І гэта яшчэ не ўсё… Члены клуба займаюцца дабрачыннасцю.

    - Падчас адной з сустрэч мы падумалі: калі мы збіраемся, каб адпачываць, чаму б не аб’яднаць намаганні і не зрабіць штосьці добрае, — расказалі члены клуба і арганізатары дабрачыннай акцыі Вольга Лобкіс і Вольга Будкіна. — Летам, напярэдадні Дня абароны дзяцей наведалі Станульскі дзіцячы прытулак. Дабрачынную акцыю вырашылі арганізаваць і напярэдадні навагодніх святаў. Новы год і Каляды для кожнага з нас – самае дарагое сямейнае свята. Дзеткі ў прытулку абдзелены самым галоўным у жыцці – бацькоўскім клопатам і ласкай. Мы не можам замяніць для іх сям’ю, але падарыць ім свята, падзяліцца з імі навагоднім настроем – у нашых сілах.

    І сапраўднае навагодняе свята атрымалася! Дзеці вадзілі карагоды, спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах, расказвалі вершы і, безумоўна, атрымалі падарункі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі. Многія былі ў захапленні ад Дзеда Мароза дзіджэя і ні на хвіліну не адыходзілі ад яго апаратуры. Але самае галоўнае – хлопчыкі і дзяўчынкі ўсміхаліся!

    - Хачу падзякаваць членам клуба аматараў BMW з Глыбокага, нашым сябрам з Пастаў і ўсім, хто прыняў удзел у акцыі і ахвяраваў грашовыя сродкі,– кажа Вольга Лобкіс.– Спадзяюся, што акцыя стане прыкладам і прыцягне яшчэ больш нераўнадушных глыбачан. Добрых і спагадлівых людзей шмат, але ў адзіночку складана штосьці рабіць, а разам мы можам многае.

    Автор: Наталля БельскаяВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)