30 снежня 2015 года адбылося ўрачыстае адкрыццё філіяла “Дом самастойнага камфортнага пражывання” ТЦ САН на базе былога Камянкоўскага сельвыканкама ў вёсцы Войкава.
У наш час, на жаль, назіраецца павелічэнне колькасці людзей сталага ўзросту, у якіх ёсць цяжкасці ў самастойным забеспячэнні сваіх жыццёвых патрэб. Будаўніцтва такіх сацыяльна-значымых аб’ектаў становіцца актуальным і, як паказвае практыка, запатрабаваным.
З 2013 года вяліся работы па рэканструкцыі будынка былога сельскага Савета. На рамонт за-трачана 450 мільёнаў рублёў, яшчэ 52 мільёны пайшло на аднаўленне вадаправода, 250 мільёнаў — газаправода. У выніку людзі сталага ўзросту, якія засталіся адны, змогуць скаратаць дні ва ўтульнай дамашняй абстаноўцы. Пакуль дом разлічаны на трох жыхароў, але, як расказала дырэктар ТЦ САН Наталля Жук, плануецца абсталяваць яшчэ адзін пакой на дваіх чалавек:
— Пастаяльцы змогуць атрымаць тут неабходны догляд, будуць мець магчымасць з карысцю бавіць час. Прыкладны кошт пражывання аднаго чалавека ў месяц у зімовы перыяд – паўтара мільёна рублёў.
Сімвалічны ключ ад будынка новага прызначэння быў уручаны начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Надзеі Цупа. Са словамі ўдзячнасці Надзея Анатольеўна звярнулася да ўсіх, хто працаваў на абуладкаванні Дома не толькі рукамі, але і з душою.
Як адзначыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама Алег Семянчук, дзяржава клапоціцца пра жыхароў сталага ўзросту, асабліва тых, якія пражываюць адны. Сёння ў Мінскай вобласці больш як 120 тысяч адзінокіх і адзінока-пражываючых людзей пенсіённага ўзросту. З мэтай стварыць камфортныя ўмовы і забяспечыць бяспечнае жыццё людзям, якія па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах засталіся адны, працуюць дамы-інтэрнаты, аддзяленні кругласутачнага прабывання для людзей сталага ўзросту і інвалідаў, якія не могуць жыць самастойна.
Гэта не першы сацыяльны аб’ект падобнага профілю. Ужо дзейнічае дом самастойнага камфортнага пражывання ў Вілейскім раёне, плануюцца такія аб’екты ва ўсіх раёнах вобласці.
Госці і прысутныя мерапрыемства пазнаёміліся з умовамі жыцця будучых навасёлаў Дома самастойнага камфортнага пражывання. Першых пастаяльцаў тут чакаюць у лютым.
На здымках: чырвоную стужку перарэзалі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў І. Ліпніцкі, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама А. Семянчук і старшыня Уздзенскага райвыканкама С. Ляўковіч; Н. Цупа выказала ўпэўненасць, што жыхарам гэтага дома будзе ўтульна і не сумна.

Комментарии (0)